Быць здаровым — свядомы выбар

У школах і гімназіях Міншчыны ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” старшакласнікі абмеркавалі пытанні здароўя і здаровага ладу жыцця, пагаварылі аб дасягненнях медыцыны, аховы здароўя і фармацэўтыкі. 

У Смалявіцкай раённай гімназіі з вучнямі 10—11 класаў размову на тэму “Гордасць за Беларусь. Здароўе кожнага з нас — галоўная каштоўнасць” вялі ўрач-педыятр Смалявіцкай ЦРБ Сяргей Скокаў і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алеся Дашук. У фокусе ўвагі былі два актуальныя блокі пытанняў: “Здаровая нацыя — паспяховая будучыня дзяржавы” і “Тваё здароўе ў тваіх руках”. За 45 мінут заняткаў удалося пагутарыць пра здароўе, медыцыну, здаровы лад жыцця, папулярызацыю фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў, крытычнае стаўленне да шкодных звычак.

У першай, інфармацыйнай, частцы ўрока, якая прайшла ў фармаце дыялогу, лектар і слухачы, гаворачы пра здароўе, абмеркавалі фізічны, псіхічны і сацыяльны дабрабыт. Таксама старшакласнікі даведаліся, чым, на думку медыка, можа па праве ганарыцца айчынная сістэма аховы здароўя. Гэта, напрыклад, высокі ўзровень імунапрафілактыкі (97 працэнтаў дзяцей ахоплены вакцынаваннем), даступнасць медыцынскай дапамогі (па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, наша краіна па гэтым паказчыку дзеліць першае месца ў свеце з Брунеем і Канадай). Сярод падстаў для гордасці і поспехі ў транспланталогіі: першая ў Беларусі перасадка сэрца даросламу чалавеку была праведзена ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры “Кардыялогія” ў 2009 годзе. Дарэчы, школьнікі са здзіўленнем даведаліся, што першая ў свеце такая аперацыя адбылася яшчэ ў 1967 годзе ў СССР. Яшчэ адна бясспрэчная прычына для гордасці — поспехі ў дзіцячай анкагематалогіі. Наша краіна займае 8-е месца ў свеце па выніках лячэння вострага лімфабласнага лейкозу ў дзяцей, апярэджваючы Ізраіль, Японію, Фінляндыю і ЗША. Выжывальнасць дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі ў Беларусі ў цэлым складае 72 працэнты. Падстава для гордасці ў галіне фармацэўтыкі — гэта выпуск шырокага спектра джэнерыкаў, аналагаў арыгінальных замежных прэпаратаў, даступных па цане для вялікага кола спажыўцоў.

Вядома ж, не засталася без увагі медыка падчас сустрэчы з дзецьмі сённяшняя праблема нумар адзін для ўсёй сусветнай супольнасці — пандэмія COVID-19. Акрамя таго, юнакі і дзяўчаты змаглі задаць госцю пытанні, якія цікавяць іх, і атрымалі шчырыя адказы. Высветлілася, што сярод вучняў ёсць тыя, хто збіраецца стаць урачом, таму абмеркаванне часам пераходзіла ў плоскасць прафесійнай медыцынскай праблематыкі.

— Масачны рэжым і вакцынацыя з’яўляюцца эфектыўнымі мерамі па стрымліванні росту захворвання COVID-19, — упэўнена выказаў сваё меркаванне Сяргей Скокаў. — Важна ўсведамляць сваю адказнасць і насіць маскі. Маска на твары — гэта ваша праява павагі да тых, хто побач. Вакцынацыя ж зніжае верагоднасць цяжкай формы захворвання і хуткасць перадачы віруса. Калектыўны імунітэт ўзнікне, калі будуць прышчэплены мінімум
60—70 працэнтаў насельніцтва. Асабіста я ўжо зрабіў рэвакцынацыю трэці раз.

У другой частцы заняткаў навучэнцы сышліся ў меркаванні, што фізічнае здароўе кожнага чалавека напрамую залежыць ад ладу жыцця, правільнага харчавання, здаровага сну і фізічнай актыўнасці. Пры падвядзенні вынікаў, аналізуючы ўсё пачутае, гімназісты мацавалі да дошкі лісткі са сваім поглядам на шкоду цыгарэт, алкаголю, наркотыкаў. Улічваючы, што іх погляд быў асуджальным, можна падагульніць, што інфармацыйны ўрок пайшоў вучням на карысць.

Марына КУНЯЎСКАЯ. 
Фота аўтара.