Быў аншлаг: у шосты дзень вучням Хацюхоўскай сярэдняй школы імя У.В.Кавалёнка прапанавалі «Уводзіны ў свет прафесій»

- 11:53Образование, Приложение, Шестой день

Шосты дзень у маленькай вясковай школе ніколі не параўнаецца з гарадскім, а тым больш — са сталічным. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Сёння мы завітаем у Хацюхоўскую сярэднюю школу імя У.В.Кавалёнка Крупскага раёна, якая налічвае ўсяго 85 вучняў, і большасць з іх дабіраюцца да навучальнай установы з усіх навакольных вёсачак на школьным аўтобусе.

— Тэрытарыяльная аддаленасць — гэта звычайная проза жыцця, характэрная для маленькіх вясковых школ на­кшталт нашай. У горадзе, напрыклад, бацькі могуць прыйсці ў навучальную ўстанову, калі захочуць. А мы часта вымушаны дабірацца да іх самі. Наш педагагічны калектыў пастаянна арганізуе выязныя бацькоўскія сходы: даносіць усю неабходную інфармацыю — па здаровым ладзе жыцця, бяспецы, псіхалогіі — непасрэдна па месцы працы мам і татаў нашых навучэнцаў, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянціна Васільеўна Бузмакова.

Што тычыцца дзяцей, то школьныя аўтобусы раз’язджа­юць паміж вёскамі шэсць дзён на тыдзень, у тым ліку па суботах, каб дзеці маглі наведаць мерапрыемствы, падрыхтаваныя іх настаўнікамі. 

— Мы арганізавалі для дзяцей цэлую сістэму заахвочвання: штогод у нас праходзіць спаборніцтва на самы актыўны і працавіты клас. Лепшы калектыў выйграе льготную паездку (куды — вызначаем разам з пераможцамі). Балы на рахунак класа налічваюцца ў тым ліку і за ўдзел у мерапрыемствах шос­тага дня. Мінулая субота, напрыклад, была прысвечана тэме прафарыентацыі. І ў школе, як звычайна, быў аншлаг, — працягвае Валянціна Васільеўна.

Пакуль старшакласнікі адстойвалі гонар школы ў раённых спаборніцтвах атрадаў ЮІДР, для прадстаўнікоў малодшай і сярэдняй паралелей іх педагогі пад­рыхтавалі інфармацыйна-забаўляльную праграму “Уводзіны ў свет прафесій”.

Настаўніца англійскай мовы Дар’я Дзмітрыеўна Быкава ўзгадвае:

— Яшчэ з першых месяцаў работы класным кіраўніком я зразумела, што прафесійнае выхаванне адыгрывае вялікую ролю ў развіцці дзіцяці. У шосты школьны дзень я працую з 5—8 класамі, і мне здаецца, гэты ўзрост самы цікавы, бо дзеці гатовы і гуляць, і адгадваць загадкі, і разважаць на філасофскія тэмы. Выкарыстоўваючы розныя метады і прыёмы работы, можна да­­даць яркасці і цікавасці ў вывучэнне любой тэмы, у тым ліку такой складанай, як выбар прафесіі.

Прафесійнае выхаванне адыгрывае вялікую ролю ў развіцці дзіцяці. Выкарыстоўваючы розныя метады і прыёмы работы, можна дадаць яркасці і цікавасці ў вывучэнне любой тэмы, у тым ліку такой складанай, як выбар прафесіі.

Адным з маіх любімых прыёмаў з’яўляецца “Праблемная сітуацыя”. Менавіта яго я і выкарыстала ў прафесійнай майстэрні “Я — будучы эксперт”, а пачала з невялікага апавядання Ушынскага “Два плугі”. Галоўная думка твора: калі ты заржавеў і стаў горшым, чым быў, то гэта таму, што ўвесь час ляніва праляжаў на баку. Я ўпэўнена, што гэтае апавяданне актуальнае для любога пакалення. Сама форма правя­дзення мерапрыемства “Прафесійная майстэрня” заключаецца ў абмене вопытам, таму я пастаралася знайсці час для таго, каб дзеці расказалі аб прафесіі сваёй мары. Большасць з іх з задавальненнем паглыбляецца ў свет фантазій: дзецям хочацца, каб іх будучая прафесія была цікавай, добра­аплатнай, каб іх пазнавалі на вуліцах. Нарэшце, мы з навучэнцамі перайшлі да загадак і крыжаванкі: дзеці даведаліся пра мноства новых прафесій, зацікавіліся асобнымі спецыяльнасцямі. І гэта, думаю, галоўны вынік, якога мне ўдалося дасягнуць.

Марыя Мікалаеўна Кульгавая, настаўніца пачатковых класаў, правяла для малодшых школьнікаў гульню “Я сярод прафесій”:

— Улічваючы ўзрост дзяцей, я пастаралася зрабіць нашу сустрэчу займальнай, энергічнай і пазнавальнай. Падрыхтавала для іх шэраг гульняў: дзеці пераўвасабляліся ў будаўнікоў: збіралі з пазлаў дом, былі малярамі — расфарбоўвалі хаткі ўсімі колерамі вясёлкі. Потым угадвалі прафесію па карцінках, працягвалі прыказкі, разыгрывалі пантамімы, а таксама выбіралі самую-самую прафесію: найбольш прыбытковую, найбольш зялёную, найбольш смешную. Нарэшце я падрыхтавала для навучэнцаў цікавую інфармацыю пра ­незвычайныя заняткі, напрыклад, прафесію пераварочвальніка пінгвінаў, інспектара дзіркі ў бубліку, вусацёра (гэта супрацоўнік транспартнай службы, які выцірае падмаляваныя вусы і рожкі на інфармацыйных плакатах). Напрыканцы сустрэчы мы падвялі вынікі і абмяняліся ўражаннямі. Шчыра кажучы, я заўсёды адчуваю асаблівую адказ­насць і ўдзячнасць сваім навучэнцам за тое, што яны дабіраюцца да школы ў шосты дзень, нягледзячы на адлегласць, надвор’е і жаданне паспаць. І я раблю ўсё магчымае, каб яны засвоілі: субота ў школе — гэта весела!

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ
Фота з архіва героя