Быў музей звычайны, стаў — арыгінальны

- 13:08Культура

У сярэдняй школе № 1 Круглага Магілёўскай вобласці пасля рэканструкцыі адкрыўся гісторыка-краязнаўчы музей “Спадчына”. Экспазіцыя, аформленая яшчэ ў 70-я гады, пераўвасобілася, стала яркай, арыгінальнай, пашыранай.

Хочаце, каб ваш музей быў не проста візітоўкай установы адукацыі, а візітоўкай арыгінальнай, яркай, прывабнай; каб, пераступіўшы яго парог, наведвальнікі ахнулі ад захаплення; самае галоўнае — каб музей быў цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага выхавання, месцам захавання памяці пра былыя пакаленні настаўнікаў і вучняў? Невялікая парада ад калектыву першай круглянскай школы: забудзьце пра стэрэатыпы, паспрабуйце стварыць сваю, непадобную да іншых экспазіцыю, аднак стварайце яе разважліва, абдумана, пралічваючы кожную дробязь і ў першую чаргу свае фінансавыя магчымасці.
“Экспанаты пачалі збірацца яшчэ ў гады майго школьнага дзяцінства, у 60-я гады, пад кіраўніцтвам першага кіраўніка музея Соф’і Лаўрэнцьеўны Шанькінай, у часы дырэктарства Фёдара Савельевіча Шарамецьева. У 2012 годзе пачалася рэканструкцыя музея, прычым рэканструкцыя кардынальная. Планавалася, што яна будзе праведзена за паўгода. Аднак не быў улічаны самы важны бок гэтай справы — фінансавы. Справа расцягнулася на тры гады. Да канца яе трэба было абавязкова давесці, бо задумвалася рэканструкцыя не проста дзеля надання экспазіцыі сучаснага выгляду, а дзеля будучых пакаленняў настаўнікаў і вучняў, якія б гадоў гэтак праз 20 маглі пазнаёміцца не толькі з асаблівасцямі археалогіі і этнаграфіі Кругляншчыны, што прадугледжвала старая экспазіцыя, але і з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага раёна, а таксама з гісторыяй школы”, — гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 1 Круглага Аляксандр Міхайлавіч Бялянкін.
Педагог-музейшчык павінен быць не толькі апантаным краязнаўцам, добрым экскурсаводам і адміністратарам, але і эканамістам, чалавекам з шырокімі сувязямі. Добра, калі яго знаёмыя і сябры з’яўляюцца не толькі калегамі па цэху, але і, скажам, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія займаюцца рэалізацыяй піламатэрыялаў, або кіраўнікамі рэкламных агенцтваў. Дзякуючы такім сувязям, Аляксандру Міхайлавічу і ўдалося раздабыць не толькі ўнікальныя экспанаты, але і брус для стылізацыі этнаграфічнага раздзела пад традыцыйную беларускую хату, а таксама аформіць музей у даволі арыгінальным стылі.
Плануеш зайсці ў гісторыка-краязнаўчы музей, а трапляеш у сапраўдны бярозавы гай, дзе дрэвы выхваляюцца адно перад адным залацістым восеньскім упрыгажэннем. Менавіта выявы бяроз перыяду залатой восені і сталі асновай для афармлення сцен музея, а пад нагамі нават можна пашамацець апалым лісцем. Афармленне раздзела, прысвечанага Вялікай Айчыннай вайне, адрозніваецца ад бела-залацістага бярозавага гаю і выканана ў чырвона-шэрых колерах, якія настройваюць на адпаведны лад. А раздзел, прысвечаны гісторыі школы, больш вясёлы і пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі. На сцяне вісіць стары вучнёўскі сіні касцюм, побач стаіць школьная парта ўзору канца 80-х жоўтага колеру. На стэндах на арыгінальным фоне размешчаны старыя фотаздымкі, з якіх на наведвальнікаў глядзяць настаўнікі мінулых часоў. Нельга не заўва-жыць іх светлыя, добрыя твары. І дзе ж дзеўся той клопат, дзе ж тыя штодзённыя праблемы, характэрныя для прафесіі педагога? “Паглядзіце на фотаздымкі. Многія педагогі — мужчыны, ды якія! Прыгожыя, статныя, маладыя, ім па 40—45 гадоў. Многія з іх ваявалі на франтах, у партызанскіх атрадах. Калі такі настаўнік заходзіў у клас, наступала абсалютная цішыня, мы, нібыта зачараваныя, слухалі кожнае яго слова. Педагогі карысталіся вялікім аўтарытэтам. Адным толькі сваім знешнім выглядам, асабліва ў ваеннай форме, яны выхоўвалі нас сапраўднымі патрыётамі. Гэта Пётр Фёдаравіч Бобыраў, Іван Сцяпанавіч Ігнатовіч, Мікалай Дзямідавіч Вырвіч, Рыгор Пятровіч Смірноў, Аляксандр Антонавіч Віннік”, — дзеліцца Аляксандр Міхайлавіч Бялянкін.
Па словах дырэктара, каб рэканструкцыя была праведзена належным чынам, ажыццявіліся ўсе задумы, было вырашана не толькі шукаць фінансавыя сродкі, але і абавязкова звярнуцца ў абласны краязнаўчы музей. Яго старшы навуковы супрацоўнік Аляксандра Сяргееўна Буракова распрацавала цудоўную навуковую канцэпцыю і тэматыка-экспазіцыйны план гісторыка-краязнаўчага музея першай круглянскай школы. Пачынаецца экскурсія са знаёмства наведвальнікаў са знакамітымі ўладальнікамі круглянскай зямлі. Гэта Леў Сапега, Міхаіл Казімір Агінскі, Кацярына Дашкава. З Кругляншчынай звязана імя мастака-перадзвіжніка майстра гістарычнага і побытавага жанру Мікалая Неўрава. Падрабязна расказваецца пра станаўленне савецкай улады на тэрыторыі Круглянскага раёна, у першую чаргу асвятляецца дзейнасць знакамітай сям’і Ракушавых. Вялікая колькасць фотаздымкаў прысвечана змаганню з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны круглянскай раённай падпольнай партыйна-камсамольскай арганізацыі “ОБЗОР”, 8-й партызанскай брыгады Героя Савецкага Саюза Сяргея Георгіевіча Жуніна, атрада “Чыкіст”.
“Пасля рэканструкцыі пачаўся новы этап пошукавай работы. Дзякуючы намаганням Аляксандра Міхайлавіча, была знойдзена вялікая колькасць старых чорна-белых фотаздымкаў па гісторыі школы, устаноўлены імёны настаўнікаў і вучняў, якія на іх адлюстраваны. Аляксандр Міхайлавіч падарыў музею свой вучнёўскі дзённік, школьны раздзел быў дапоўнены і фрагментам вучнёўскага сшытка 1937 года. Плануем яшчэ знайсці чарніліцу-невылівайку. Для ваеннага раздзела экспазіцыі, частка якога аформлена ў выглядзе партызанскай зямлянкі, мы знайшлі стары кажух, падобны на той, які насілі партызаны, цяпер плануем раздабыць печку-буржуйку, — падзялілася кіраўнік музея настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Наталля Міхайлаўна Самалазава. Работа музея, ужо сучаснага, абноўленага, адраджаецца. Асноўныя кірункі дзейнасці, як адзначыла настаўніца гісторыі Наталля Віктараўна Сімакова, будуць адпавядаць тром школьным праектам: гісторыка-краязнаўчаму “За сямю пячаткамі”, ваенна-патрыятычнаму “Рэха вайны” і прафарыентацыйнаму “Прафесія ў маёй сям’і”.
Марыце, каб экспазіцыя вашага музея была арыгінальнай, яркай, прывабнай, каб, пераступіўшы парог, наведвальнікі ахнулі ад захаплення і абавязкова захацелі вярнуцца? Забудзьце пра стэрэатыпы, паглядзіце на свет музейнай педагогікі шырока расплюшчанымі вачыма. Тады, цалкам верагодна, у вашай установе адукацыі з’явіцца такі ж сучасны, кампактны, змястоўны, па-дамашняму ўтульны музей, якім ганарыцца калектыў першай круглянскай школы.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.