БЫВАЙ, ПАЧАТКОВАЯ ШКОЛА!

- 11:22Нам пішуць

Школа — гэта не толькі ўрокі і перапынкі, дамашнія заданні і канікулы, настаўнікі і аднакласнікі. Гэта другі родны дом, дзе школьнікі праводзяць большасць часу. І так кранальна і сумна чуць у канцы мая: “Бывай, пачатковая школа!”. Дзеці расстаюцца з першым настаўнікам, развітваюцца з бесклапотным дзяцінствам.

Першыя палачкі ў пропісі, першыя лічбы ў сшытку, першыя словы ў Буквары — гады праляцелі непрыкметна. Учарашнія першакласнікі стаяць ва ўрачыстым страі. Такія пасталелыя, трохі задумлівыя… Звяртаючыся да сваіх выпускнікоў, ледзь стрымліваю слёзы хвалявання: “Што ж, так уладкаваны свет — дзеці заўсёды павінны ісці далей і далей. Але памятайце, дарагія дзяўчынкі і хлопчыкі: колькі б ні прайшло гадоў, вы па-ранейшаму будзеце са мной — у маім сэрцы!..”

А колькі добрых, цёплых, кранальных слоў было сказана бацькамі выпускнікоў і самімі дзецьмі! Навучэнцы чыталі вершы аб школе і дружбе, спявалі песні аб класным кіраўніку, выконвалі прыпеўкі, дзякавалі бацькам. Апошнія падтрымалі іх песнямі і вершамі.

На свяце “Бывай, пачатковая школа!” прысутнічала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Клайшанскай базавай школы Таццяна Станіславаўна Бярцэвіч. Яна павіншавала выпускнікоў з заканчэннем пачатковай школы, запэўніўшы, што школа чакае хлопчыкаў і дзяўчынак пасля летніх канікул больш моцнымі, загарэлым і поўнымі імкнення да новых ведаў. З рук Таццяны Станіславаўны дзеці атрымалі дыпломы аб заканчэнні пачатковай школы, а бацькі навучэнцаў — падзякі за добрае выхаванне сваіх дзяцей.

У заканчэнні ўрачыстага мерапрыемства вучні 4 класа разам з класным кіраўніком задзьмулі свечкі, загадаўшы жаданні. Няхай іх мары стануць рэальнасцю! А для гэтага трэба вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца….

Крысціна ІОДКА,
класны кіраўнік 4 класа Клайшанскай базавай школы.