Бывай, пачатковая школа!

- 16:56Нам пішуць

Школа — гэта не толькі ўрокі і перапынкі, дамашнія заданні і канікулы, гэта амаль другі дом.

Свята развітання з пачатковай школай стала традыцыйным у нашай школе. Сёлета сваіх “птушанят” у далейшы палёт выпускалі класныя “мамы” пяці класаў: Святлана Іванаўна Данілевіч, Валянціна Раманаўна Пуца, Іна Рыгораўна Сакалдан, Таццяна Віктараўна Палуянчык і Алена Станіславаўна Гаўрылюк.

Чатыры гады рука аб руку са сваімі аднакласнікамі і класным кіраўніком дзеці пераадольвалі першую ступень адукацыі. Першыя палачкі ў пропісях, першыя лічбы ў сшытку, першыя прачытаныя словы… І вось незаўважна прамчаліся 4 гады. І ўчарашнія першакласнікі стаяць ва ўрачыстых строях пасталелыя, адкрытыя, вясёлыя і трохі задумлівыя.

Свята “Бывай, пачатковая школа!” атрымалася вясёлым і радасным з ноткамі суму. Навучэнцы чыталі вершы пра школу і сяброў, спявалі песні, ставілі заліхвацкія сцэнкі са школьнага жыцця.

Дырэктар Людміла Васільеўна Мароз павіншавала выпускнікоў з заканчэннем пачатковай школы, з добрымі паказчыкамі і поспехамі ў розных раённых мерапрыемствах і спаборніцтвах. Завуч Іна Тадэвушаўна Талочка запэўніла, што школа чакае дзяцей пасля летніх канікул моцнымі, загарэлымі і поўнымі імкнення атрымліваць новыя веды ў новым статусе вучняў пятых класаў. Сваіх сяброў песнямі і вершамі павіншавалі навучэнцы 1 і 3 класаў.

Няхай усё задуманае ажыццявіцца і мары стануць рэальнасцю. Але для гэтага трэба прыкласці намаганні. Настаўнікі і бацькі вераць у сваіх дзяцей, і таму ў іх абавязкова ўсё атрымаецца. У добры шлях, дарагія чацвёртакласнікі!

С.І.ДАНІЛЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Навагрудка.