Бывайце, студэнцкія часы

Напярэдадні рэспубліканскага балю выпускнікоў каля 300 хлопцаў і дзяўчат з усіх УВА краіны сабраліся каля стэлы “Мінск — горад-герой”, каб ушанаваць памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны.

Разам з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам і рэктарамі УВА выпускнікі ўсклалі кветкі да манумента, потым прайшла хвіліна маўчання. Пасля гэтага ўсе адправіліся ў Палац Незалежнасці, дзе лепшыя выпускнікі і выкладчыкі атрымалі ўзнагароды за сваю дзейнасць. Трэці пункт праграмы — прыём ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. І, нарэшце, традыцыйная святочная частка — з музыкай, танцамі і сотнямі фотаздымкаў.

— Мне спадабалася навучанне, таму што я сустрэў шмат добрых людзей, сяброў, вучэбны працэс быў цікавым, запамінальным, выкладчыкі — кваліфікаваныя спецыялісты, якім ёсць чым падзяліцца са студэнтамі. Для мяне гэтыя 4 гады жыцця былі самымі выдатнымі, — дзеліцца Максім Баравікоў, выпускнік эканамічнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Малады чалавек вырашыў працягнуць цудоўны час навучання і паступіў у магістратуру. А вось Лізавета Андронава, выпускніца будаўнічага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, ужо маральна рыхтуецца да хуткага выхаду на работу.

— Я буду інжынерам-канструктарам ў ААТ “Інстытут Белдзяржпраект”, буду распрацоўваць падмуркі, жалезабетонныя канструкцыі, — кажа дзяўчына. — Перад выхадам на работу хвалю­юся, баюся зрабіць нешта не тое, але мая сям’я кажа: “Ты малады спецыяліст, таму памылкі будуць. Гэта нармальна і нават добра, бо без іх няма прагрэсу”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.