Бывайце здаровы. Цяпер і заўсёды

Здароўе дзіцяці сёння — здароўе нацыі заўтра. Гэта сцвярджэнне, якое наўрад ці падлягае абмеркаванню. Што ж гавораць спецыялісты міністэрстваў аховы здароўя і адукацыі, Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі аб рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі ўмацавання здароўя дзяцей і падлеткаў у Рэспубліцы Беларусь?

— Каб дасягнуць поспеху ў жыцці, каб пражыць яго паўнацэнна, неабходны здаровы і паўнацэнны старт, — заўважае прадстаўнік ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь Таня Радачай. 

Так, у рамках супрацоўніцтва фонду, Міністэрства аховы здароўя, пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, донарскай падтрымцы Расійскай Федэрацыі ў краіне створана 38 кабінетаў ранняга ўмяшання, каб дапамагаць дзецям да 3 гадоў, якія маюць пэўныя рызыкі ў развіцці, а таксама падтрымліваць іх сем’і. Важна, каб гэтыя малыя даганялі ў развіцці сваіх равеснікаў, каб у іх была магчымасць жыць і вучыцца ў максімальна інтэграванай і інклюзіўнай сістэме адукацыі. Кожны цэнтр разлічаны на абслугоўванне 10 тысяч дзяцей штогод.

Таня Радачай таксама лічыць, што варта прыкладаць больш намаганняў для падтрымкі груднога кармлення, не зніжаць увагі да планавай выкцынацыі дзяцей, сістэма якой добра наладжана ў Беларусі, але на фоне супярэчлівай інфармацыі аб прышчэпках ад каранавіруса пэўныя бацькі могуць адмаўляцца і ад іншых прышчэпак. 

Прадстаўнік ЮНІСЕФ звярнула асаблівую ўвагу яшчэ на адну праблему — здароўе і дабрабыт падлеткаў. Платформа, якую фонд і Міністэрства аховы здароўя стварылі за многія гады супрацоўніцтва, уключае 56 цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў, па ўсёй краіне. Тут падлеткі атрымліваюць комплексную дапамогу, накіраваную ў першую чаргу на прафілактыку рызык у галіне рэпрадуктыўнага здароўя. Дапамогу і кансультацыі ў цэнтры штогадова аказваюць больш чым 50 тысячам чалавек.

І ўсё ж неабходна больш актыўна выкарыстоўваць цэнтры, каб, напрыклад, сачыць за псіхічным здароўем падлеткаў. Згодна з данымі ЮНІСЕФ, 13% падлеткаў ва ўсім свеце маюць тыя або іншыя дыягнаставаныя праблемы з псіхічным здароўем. Варта распрацаваць новыя сістэмы ахопу дапамогай падлеткаў, у тым ліку праз школы, а таксама анлайн. Дарэчы, па даных Міністэрства аховы здароўя, летась 46% кансультацый падлеткам у цэнтрах было аказана якраз у гэтым фармаце.

Дзеці да 18 гадоў складаюць у Беларусі каля 19% ад колькасці ўсяго насельніцтва. Прынамсі, самая высокая ўдзельная вага дзяцей, якія прызнаны абсалютна здаровымі, — гэта дашкольнікі (амаль 32%), здаровых дзяцей школьнага ўзросту — 25, падлеткаў — 22%. У 2020 годзе па выніках медаглядаў 86% дзяцей мелі І або ІІ групу здароўя, 14 — хранічную паталогію, з іх амаль 2% — інвалідызуючую паталогію. 

— Дасягненне медыцыны Беларусі — стабілізацыя дзіцячай захваральнасці, — сцвярджае галоўны спецыяліст аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Таццяна Мікалаеўна Бурдзь. — Аднак мы адзначаем рост захворванняў вачэй на 21%, хвароб касцёва-мышачнай сістэмы. Рэгіструем зніжэнне колькасці захворванняў органаў стрававання. У 2020 годзе 12% дзяцей ад 0 да 17 гадоў мелі парушэнні зроку, 5 — парушэнні паставы, 4,5 — дэфекты маўлення, 3% — скаліёз. 

Асобна спецыяліст спынілася на знешніх прычынах захваральнасці, якія ў структуры захваральнасці займаюць 4-е месца. Штогод у Беларусі рэгіструецца каля 750 000 траўм, з іх 150 000 — гэта траўмы дзяцей, каля 80 дзяцей штогод становяцца інвалідамі з-за траўм. Яшчэ ў 2012 годзе пад кіраўніцтвам профільнага міністэрства была распрацавана стратэгія прафілактыкі дзіцячага траўматызму, і міжведамасная работа прынесла плён — дзіцячы траўматызм знізіўся на 2%, інваліднасць ад знешніх прычын — амаль на 40%, смяротнасць ад іх — на 52,5%. Зніжэнне траўматызму магчыма праз стварэнне бяспечнага асяроддзя для дзяцей, у тым ліку праз навучанне бацькоў стварэнню такога асяроддзя, для чаго ў краіне працуе 21 цэнтр па навучанні дарослых, рыхтуецца адкрыццё яшчэ 20 такіх цэнтраў.

Начальнік аддзела цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы ва ўстановах ПТА і ССА Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Ірына Сяргееўна Латыш расказала, што адзін з навучальных семінараў для педагогаў сёлета быў прысвечаны таму, як выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі і анлайн-фармат для працэсу навучання ва ўмовах эпідэміі каранавіруса. Педагогі вучацца гэтаму і на курсах павышэння кваліфікацыі, арганізавана навучанне прафілактыцы і карэкцыі дэструктыўных паводзін з прычыны алкагольнай і наркатычнай залежнасці навучэнцаў, псіхалагічнай дапамозе ў крызісных сітуацыях. 

— Ва ўстановах прафесійнай адукацыі рэалізуюцца эксперыментальныя і інавацыйныя праекты, — адзначыла спецыяліст. — Напрыклад, эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі індывідуальнай прафілактычнай работы з навучэнцамі ва ўстановах
прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукцыі” пачынаўся на базе дзвюх устаноў у Віцебскай вобласці, а цяпер ён рэалізуецца ў сямі ўстановах адукацыі. У 2023 годзе, калі праект завяршыцца, будуць вызначаны яго практычныя вынікі, якія потым стануць асновай метадычных рэкамендацый. 

Другі цікавы эксперыментальны праект — “Апрабацыя мадэлі фарміравання ў навучэнцаў устаноў ПТА каштоўнаснага стаўлення да жыцця”, распачаты ў 2020 годзе. Раз у 2 гады праводзіцца рэспубліканскі праект “Марафон паспяховых практык” антынаркатычнай накіраванасці. Конкурсныя работы — гэта сумесная работа педагогаў і навучэнцаў. 

Што да рэальных вынікаў прафілактычнай работы, то варта адзначыць наступнае. Калі ў 2019/2020 навучальным годзе комплексная рэабілітацыя па прычыне злоўжывання алкаголю ў адносінах да навучэнцаў на ўзроўні ПТА праводзілася ў адносінах да 383 чалавек, то праз год такіх было 170. У мінулым навучальнм годзе ва ўстановах ПТА наогул не было навучэнцаў, якія праходзілі комплексную рэабілітацыю ў сувязі са злоўжываннем наркатычных рэчываў і іх аналагаў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.