Чаго хоча выцінанка?

- 14:46Культура

Лёгка-лёгка, крохка-крохка, ціха-ціха…

У сталічнай мастацкай галерэі сёння акурат так: лёгка-лёгка, крохка-крохка, ціха-ціха. Тут экспануецца выстава “Чароўны свет выцінанкі” — цудоўныя тонкія работы ў тэхніцы выцінанкі пяці жанчын, педагогаў, сяброў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Галіны Жураўлёвай, Наталлі Клімко, Наталлі Клютко, Вольгі Налівайка і Валянціны Слюнчанка.

Лёгка, крохка, ціха — бо гэта выцінанка, бо гэта папера, самы ціхі, самы крохкі, самы лёгкі вытворчы матэрыял.

Лёгка, крохка, ціха — бо гэта жанчыны, самы ціхі, самы крохкі, самы лёгкі чалавечы матэрыял.

Лёгка-лёгка, крохка-крохка, ціха-ціха… Толькі ледзь-ледзь чутно, як праразаюць крохкую паперу жалезныя нажніцы ў лёгкіх руках майстрых у цішыні галерэйнай прасторы. І толькі ледзь-ледзь варушацца папяровыя фіранкі на галерэйных сценах ад рухаў наведвальнікаў. І толькі ледзь-ледзь калышуцца лісточкі на папяровым дрэве жыцця. І толькі ледзь-ледзь уздрыгвае, прывячаючы людзей, папяровы абраз у папяровым чырвоным куце…

Чаго хоча беларуская выцінанка? Чаго хоча беларуская жанчына, якая займаецца выцінанкай?

Часткова адказы на гэтыя пытанні далі на адкрыцці выставы “Чароўны свет выцінанкі” прафесіяналы-мастацтвазнаўцы і людзі, зацікаўленыя ў папулярызацыі выцінанкі ў сённяшняй беларускай навакольнай прасторы.

Старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, аўтар грунтоўнай манаграфіі “Беларуская выцінанка” і іншых даследаванняў Яўген Сахута нагадаў прысутным, што, адрадзіўшыся ў 80-х гадах мінулага стагоддзя фактычна з небыцця, беларуская выцінанка за некалькі дзесяцігоддзяў выйшла на ўзровень нацыянальнага брэнда, параўнальнага з брэндам саломапляцення. І тая выцінанка, якая сёння дэманструецца ў галерэі “Універсітэт культуры”, гэта ўжо не аматарства, а творы станковага мастацтва, якому падуладна любая тэматыка, ад міфалогіі і гісторыі да архітэктуры. Тым не менш, па словах прафесара, выцінанка ў нашай краіне яшчэ не набыла шырокай вядомасці, як, напрыклад, у Польшчы ці Літве, дзе “бабулька стрыжэ сабе гэтымі нажнічкамі, а за яе спінай стаяць турысты і цярпліва чакаюць цёпленькіх выцінанак, каб тут жа іх і набыць”. Пра важнасць захавання і развіцця творчых школ канкрэтных майстроў (бо гісторыя развіцця выцінанкі ў ХХ стагоддзі ведае нямала выпадкаў, калі разам з адыходам майстра знікала і яго школа), больш актыўнага ўваходжання выцінанкі ў інтэрнэт-прасторы, далейшай раскруткі спецыялізаваных на народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці кірмашоў (на ўзор славутага кірмашу ў Любліне) гаварыў намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі. Не хавала свайго адначасова і чыста жаночага, і эстэтычнага захаплення творамі, прадстаўленымі ў галерэі “Універсітэт культуры”, вядомы мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн. “Гэта, безумоўна, цудоўна, што жанчыны сёння ўпрыгожваюць свае кватэры такімі выдатнымі творамі. Але ж яны, гэтыя творы, вартыя і таго, каб дэманстравацца ў якасці экспанатаў у нашых самых прэстыжных музеях!” — сказала Ларыса Давідаўна.

Уяўляю сабе карцінкі. Выцінанка выбіраецца з дома ў музей. Жанчына выбіраецца з дома ў музей.

Чаго хоча выцінанка? Чаго хоча жанчына?

Частковыя адказы на гэтыя пытанні дае і знаёмства з самімі жанчынамі, аўтаркамі прадстаўленых на выставе “Чароўны свет выцінанкі” твораў.

Дыпламант Рэспубліканскай выставы-кірмашу рамёстваў “Вясновы букет” (2014, 2017) выкладчык Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Галіна Жураўлёва прызнаецца, што пачынала ў свой час з “дзіцячых”, пераважна так званых сілуэтных выцінанак. А прадстаўленае ёй сёння ў галерэі “Універсітэт культуры” — плён яе працы на працягу апошніх дзесяці гадоў, за якім стаяць сотні перарэзаных чарнавікоў і… роздум над самымі рознымі філасофскімі праблемамі: адзінства чалавека і прыроды, росту ўнутранай свядомасці чалавека, духоўнай сувязі паміж пакаленнямі і інш. “Для мяне выцінанка гэта мастацтва, дзякуючы якому я магу самасцвердзіцца, выявіць сваё светаўспрыманне. Але пры ўсім пры гэтым я захоўваю асноўную тэхналогію — шматразовае складванне паперы і выразанне”, — гаворыць Галіна Мікалаеўна. Зрэшты, выцінанка для Галіны Жураўлёвай — не толькі мастацтва, але і ўдзячная глеба для даследчай, навуковай цікавасці. Сваю дыпломную работу на гістфаку БДУ яна прысвяціла параўнальна-гістарычнаму аналізу беларускай выцінанкі.

Валянціна Слюнчанка, па адукацыі архітэктар (таму ў яе выцінанках прысутнічае шмат архітэктурных вобразаў), у мінулым выкладчык выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (працавала ў 31-й мінскай сярэдняй школе), удзельніца міжнародных выстаў у Беларусі, Расіі, Украіне, размаўляючы са мной, не выпускае з рук нажніц. Але нажніц не звычайных, а спецыяльных — для стрыжкі авечак. “У такіх нажніц вельмі добра працуюць кончыкі, — тлумачыць Валянціна Антонаўна. — Яны зроблены так, каб імі можна было выстрыгаць у авечак не толькі асноўную частку шэрсці, але і падшэрстак. А гэта вельмі тонкая справа. Такая ж тонкая, як і выцінанка. Невыпадкова прызнаныя ва ўсім свеце люблінскія майстрыхі выцінанкі і сёння выразаюць свае творы нажніцамі для стрыжкі авечак. І я таксама імкнуся да гэткай тонкасці. Не магу перайсці на шырспажыў…”

Яшчэ ў адной галерэйнай зале знаёмлюся з Наталляй Клютко, педагогам дадатковай адукацыі Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Яе белыя выцінанкі на чырвоным полі — гэта суцэльны трыумф народнай традыцыі: фіранкі, якімі ўпрыгожвалі вокны, і кветкі, якія вешалі паміж вокнамі, падузоры, якія прымацоўваліся да бэлек, і — о, проста цуд! — выцінанкавы чырвоны кут з абразом і ручніком-багавіком. “Усё, што раблю я, адтуль — ад матуль, ад бабуль, ад дзядуляў, — гаворыць Наталля Міхайлаўна. — Таму гэтае мастацтва для мяне і вельмі дарагое. Яго неабавязкова трэба прадаць, некуды з ім паехаць і недзе паказаць. Але, паклаўшы руку на сэрца, і мы, выцінаншчыкі, хочам, каб нашы працы бачылі, каб іх любілі, каб дзякавалі нам за тое, што мы робім. Я не ведаю такога мастака, які хацеў бы ціхенька маляваць сабе і каб гэта ніхто не бачыў…”

Побач з экспазіцыяй выцінанкі дырэктара Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў Наталлі Клімко заўважаю таблічку: “Традыцыя выразання з паперы (выцінанка-выбіванка) у Навагрудскім раёне. Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці, занесены ў Нацыянальны інвентар Беларусі ў 2014 годзе”. Як высвятляецца, Наталля Аляксандраўна — адзіны ў Беларусі народны майстар, які валодае сакрэтамі мастацтва выбівання ажурных фіранак на паперы. Такімі фіранкамі пасля вайны ўпрыгожваліся вокны ў некаторых вёсках Навагрудчыны, гэтыя вырабы былі настолькі тонкай работы, што вонкава іх фактычна немагчыма было адрозніць ад фабрычнага гардзіннага палатна. Па словах Наталлі Аляксандраўны, мастацтвам выбівання ажурных фіранак маглі авалодаць далёка не ўсе майстры, а толькі самыя цярплівыя і вынаходлівыя з іх. Асноўны прынцып работы быў адзін (на паперу наносілася складаная ячэістая сетка, а потым на дошцы выбіваліся ўзоры), але прыладамі працы, апрача малатка, служылі розныя прадметы: стамескі, гільзы ад патронаў і нават расплюшчаныя цвікі. Гэтае мастацтва адрадзіла Ніна Пятроўна Шурак, якая была сведкай, як фіранкі-выбіванкі рабіла яе маці, а ўжо ад Ніны Пятроўны традыцыю пераняла Наталля Аляксандраўна. У 2009 годзе яна яшчэ паспела сказаць сваёй настаўніцы перад яе смерцю, што прадоўжыць яе справу, і пачула ў адказ: “Наташачка, я толькі так і думала, што ты будзеш выбіваць…” А сёння Ніна Пятроўна Шурак, мабыць, усцешана глядзіць з нябёс ужо на самых маленькіх прадаўжальнікаў традыцыі навагрудскай выбіванкі, выхаванцаў Наталлі Аляксандраўны Клімко, якія пасля заняткаў у Навагрудскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе з радасцю гавораць: “А цяпер мы ід зём на малаточак!”

Нарэшце, на развітанне з выставай “Чароўны свет выцінанкі” знаёмлюся з педагогам Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” Мінска кіраўніком гуртка “Куфэрак фантазій” Вольгай Налівайка. “На самай справе ў нас у краіне не так ужо і шмат цэнтраў, дзе можна навучыцца выцінанцы, — дзеліцца сваімі развагамі Вольга Аляксандраўна. — І ўвогуле гэтае мастацтва ў нас не раскручана так, як, напрыклад, у Літве ці Польшчы. Там людзі разумеюць усю яго каштоўнасць: што гэта не лазерная рэзка, што гэта карпатлівая ручная работа, што любая выцінанка існуе толькі ў адзіным экзэмпляры. А ў нас, на жаль, у большасці сваёй людзі не разумеюць выцінанкі, думаюць, што, паколькі яна робіцца з паперы, усё гэта лёгка і проста, маўляў, сеў, склаў ды выразаў… А вы паспрабуйце выразаць хоць бы звычайную сняжынку! Вы калі-небудзь заўважалі, што сняжынка бывае толькі шасцівугольнай? Вы зімой калі-небудзь углядаліся ў сняжынку на сваёй рукавічцы? У ёй жа шэсць вуглоў, бо гэта закон прыроды! Зрэшты, хай выразаюць і васьмівугольныя сняжынкі — абы выразалі, абы прадаўжалі традыцыю. Наша выцінанка не загіне, бо мы вучым ёй нашых дзяцей. Мы гатовы любога, даруйце за такое жаргоннае слова, падсадзіць на выцінанку. Бо самі не можам без яе”.

…Чаго хоча выцінанка?

Чаго хоча жанчына?

Аднаго.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.