Чакаем новых выхаванцаў…

У яслях-садзе № 26 Ліды ўжо не першы год вядзецца работа па далучэнні дзяцей дашкольнага ўзросту да вытокаў беларускай культуры і вывучэння беларускай мовы. Першы крок быў зроблены ў 2007 годзе, калi ў дзіцячым садзе пачала сваю дзейнасць група этнаграфічнага кірунку. Аднак мы разумелі, што ў дзіцячым садку аптымальным варыянтам стварэння моўнага асяроддзя для дзіцяці будзе беларускамоўная група.

Каб стварыць такую групу з неабходнай колькасцю педагогаў, калектыў дашкольнай установы правёў сапраўдную кампанію, выкарыстоўваючы наглядную і вусную прапаганду. Падчас анкетавання бацькі выхаванцаў групы з этнаграфічным кірункам выказалі жаданне аддаць сваіх дзяцей у беларускамоўную групу. Так, у верасні 2011 года ў дзіцячым садзе № 26 з’явілася група, у якой выхаванцы атрымліваюць дашкольную адукацыю на беларускай мове.

На працягу ўсяго дня тут гучыць беларуская мова, дзеці ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі знаёмяцца з беларускім фальклорам, творамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, мастакоў і кампазітараў. Нашы выхаванцы наведваюць адукацыйныя і культурныя ўстановы горада і раёна: раённую дзіцячую бібліятэку, раённы цэнтр рамёстваў, Лідскі гісторыка-мастацкі музей.

Нашы педагогі спалучаюць разнастайныя формы работы, якія не прымушаюць дзяцей завучваць, а падштурхоўваюць іх да свядомага жадання вывучаць родную мову. Выхаванцы штодзень чуюць беларускую мову і пачынаюць размаўляюць на ёй, як і хацелі бацькі і мы, педагогі. І ўжо сёння група садка № 26 чакае новых дашкольнікаў.

Алеся ШЛАПІК,
загадчыца ясляў-сада № 26 Ліды.