Чакаем узнагарод!

- 11:05Актуально, Апошнія запісы

2 мая ў Мінскай ратушы прайшлі ўрачыстыя провады беларускай каманды на XVII Сусветную летнюю гімназіяду, якая праходзіць з 3 па 9 мая ў Марока. Маштабныя спаборніцтвы сабралі юных спартсменаў з 82 краін свету. Рэспубліку Беларусь прадставяць 42 школьнікі-спартсмены ў 7 відах спорту (лёгкая атлетыка, плаванне, бокс, вольная барацьба, фехтаванне, мастацкая гімнастыка і тэніс).

—Цяжка ўявіць сістэму адукацыі без спорту, без фізічнай культуры. Яны сталі неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу. Наш удзел у руху гімназічнага спорту — гэта таксама важны складнік сістэмы адукацыі. Мы не першы раз удзельнічаем у сусветнай гімназіядзе. Нядаўна ўрачыста адпраўлялі беларускую дэлегацыю на зімовую гімназіяду, дзе годна выступілі. Вы дасягнулі высокіх вынікаў, і вам выпаў гонар прадстаў­ляць нашу краіну на такім прэстыжным форуме. Няхай гэта не Алімпійскія гульні, аднак гімназіяда — гэта чарговая прыступка на вашым шляху да будучых дасягненняў. Вы едзе­це не толькі ўдзельнічаць у спаборніцтвах, вам трэба бу­дзе расказаць пра Беларусь, як у ёй любяць і ша­нуюць спорт, як робяць усё, каб у мола­дзі была магчы­масць займацца фізкультурай і спортам, фарміраваць устойлівую патрэбу ў здаровым ладзе жыцця. Няхай старты на гімназіядзе прынясуць вам медалі. Перакананы, што наша каманда здольна годна прадставіць рэспубліку і пакласці ў скарбонку чарговыя ўзнагароды, — звярнуўся да юных спартсменаў міністр адукацыі Ігар Васілье­віч Карпенка.

Пасля адбылася ўрачыстая перадача Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь капітану нашай каманды, навучэнцу Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, сярэбранаму прызёру летняга Еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю па лёгкай атлетыцы Сяргею Дзямбіцкаму, а таксама навучэнцы Гомельскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы Хрысціне Канцавенка.

— У гэтай зале сабраліся лепшыя прадстаўнікі школьнага спорту Рэспублікі Беларусь. Уявіце, колькі ў Беларусі навучэнцаў, а менавіта вам выпаў высокі гонар прадстаў­ляць краіну. Гэта і вялікая адказ­насць. Жадаю, каб наш гімн як мага часцей гучаў на гімназія­дзе, каб кожны з вас паказаў, на што ён здольны, а можа нават і больш. Каб тыя, хто ўпершыню прымае ўдзел у такіх спаборніцтвах, яшчэ неаднойчы адчулі смак перамогі на розных спаборніцтвах у рэспубліцы, Еўропе, свеце, на Алімпійскіх гульнях. Магчыма, адсюль у вас пачнецца ўзыходжанне на спартыўны алімп. Жадаю, каб у вас усё атрымалася, таму што спорт — гэта і вялікая палітыка, і вялікая ідэалогія, гэта і сяброўства, мір, спаборніцтвы, гэта і вынікі. Мы трэці раз удзельнічаем у летняй гімназіядзе. На першай выйгралі 4 медалі, на другой — 14, аднак тады ўдзельнічалі 14 чалавек. Сёння ў нас у тры разы больш прадстаўнікоў. Думаю, што колькасць павінна перарасці ў якасць, — адзначыў у прывітальным слове міністр спорту і турызму Сяргей Міхайлавіч Кавальчук.

У нашай краіне створаны належныя ўмовы для заняткаў спортам, дасягнення высокіх вынікаў. Жадаем нашым хлопцам і дзяўчатам годна прадставіць вынікі сваёй працы і працы сваіх трэнераў, бацькоў, годна прадставіць на міжнароднай арэне Беларусь. Чакаем узнагарод!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.