Чакаем з перамогай!

Учора ў Мінскай гарадской ратушы прайшла ўрачыстая цырымонія ганаравання пераможцаў і прызёраў IV Еўрапейскіх універсітэцкіх гульняў і чэмпіянатаў свету сярод студэнтаў 2018 года, а таксама провады беларускай спартыўнай дэлегацыі на ХХІХ Сусветную зімовую ўніверсіяду, якая пройдзе ў расійскім Краснаярску.

У нашай краіне вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю студэнцкага спорту. Спорт — гэта цяжкая праца, аднак упартасць і воля да перамогі нашых спартсменаў ужо далі станоўчыя вынікі. Удзельнікі ўрачыстасці змаглі даказаць, што ў Рэспубліцы Беларусь студэнцкі спорт знахо­дзіцца на такім жа высокім узроўні, як і прафесійны. Толькі ў 2018 годзе беларускія студэнты заваявалі на міжнародных спартыўных спаборніцтвах 47 медалёў, з якіх 14 найвышэйшага гатунку.

— Нашы студэнты-спартсмены годна прадстаўляюць Рэспубліку Беларусь на розных чэмпіянатах, у тым ліку су­светнага ўзроўню. 2018 год не стаў выключэннем. Спадзяёмся, што 2019 год таксама стане годам вялікіх спартыўных дасягненняў, перамог беларускіх студэнтаў-спартсменаў. Удзел у міжнародных спаборніцтвах сярод студэнтаў — гэта цудоўная магчымасць заявіць пра сябе на ўвесь свет. Такія спартыўныя мерапрыемствы па праве лічацца сімвалам маладосці, прыгажосці, мужнасці, фізічнай дасканаласці, сяброўства і супрацоўніцтва студэнтаў усяго свету. У гэтай зале прысутнічаюць студэнты і выпускнікі, якія годна абаранілі гонар нашай краіны на міжнародных спартыўных форумах і якія яшчэ заваююць сваё месца на п’едэстале гонару. Вы — выдатны прыклад для нашай моладзі. Гэта вельмі важна, паколькі фізічна моцная, здаровая моладзь — будучыня любой суверэннай краіны. Вялікі дзякуй за праяўленую мужнасць, за спартыўны азарт, за волю да перамогі. Дзякуй вашым трэнерам за тое, што навучылі май­стэрству, уменню годна змагацца і перамагаць, за тое, што ўкладваюць у вас самае лепшае, вераць у вашы сілы і тым самым выхоўваюць сапраўдных чэмпіёнаў, — звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстасці міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.

Менавіта прызёры і чэмпіёны IV Еўрапейскіх універсітэцкіх гульняў, VIII чэмпіянату свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках, І чэмпіянату свету сярод студэнтаў па тайландскім боксе, VIII чэмпіянату свету сярод студэнтаў па боксе, ХІІІ чэмпіянату свету сярод студэнтаў па барацьбе атрымалі падзякі ад Міністэр­ства адукацыі, а таксама прызы ад Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту і федэрацый па відах спорту.

Урачыстым момантам сустрэчы стала перадача дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь нашай камандзе студэнтаў-спартсменаў, якая адправіцца на ХХІХ Су­светную зімовую ўніверсіяду, што пройдзе з 2 па 12 сакавіка ў самым сэрцы Сібіры — Краснаярску (Расійская Федэрацыя). Тут нашу краіну прадставіць 21 студэнт-спартсмен у 4 відах спорту (фрыстайл, біятлон, лыжныя гонкі і спартыўнае арыентаванне на лыжах).

Як адзначыў міністр спорту і турызму Сяргей Міхайлавіч Кавальчук, мінулая Сусветная зімовая ўніверсіяда, якая прайшла ў Казах­стане, была самая паспяховая для нашых спартсменаў у суверэннай гісторыі краіны. Мы заваявалі 3 залатыя, 2 сярэбраныя і 1 бронзавы медаль. Спадзяёмся, што спартсмены, якія бу­дуць змагацца ў Краснаярску, пака­жуць таксама цудоўны вынік. Мы ўсе ўпэўнены, што словы капітана беларускай каманды, студэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, сярэбранага прызёра ХХVIII Сусветнай зімовай універсіяды 2017 года Арцёма Башлакова абавязкова збудуцца і нашы спартсмены апраўдаюць ускла­дзены на іх давер. Чакаем з перамогай!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.