Чакаюць падлеткаў у клубе

- 10:47Навіны рэгіёнаў

“Падлетку насустрач” — так называецца клуб выхаднога дня, які вось ужо пяць гадоў дзейнічае ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна. У клубе арганізоўваюць работу з навучэнцамі, з якімі ва ўстановах адукацыі праводзіцца індывідуальная работа, а таксама з сем’ямі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

— Лёгка працаваць з вучнем, які матываваны і сам імкнецца да вывучэння чагосьці новага, — гаворыць намеcнік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце цэнтра Алена Дулеўская. — Але мы не можам пакінуць без увагі тых дзяцей, якім патрэбна дапамога дарослых у сувязі з цяжкімі жыццёвымі абставінамі. Таму разам з інспекцыяй па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна стварылі клуб “Падлетку насустрач”. Яго работа арганізавана ў цесным супрацоўніцтве з прадстаўнікамі духавенства, праваахоўных органаў, органаў аховы здароўя, установамі адукацыі. Усе разам праз розныя мерапрыемствы стараемся фарміраваць каштоўнасныя арыентацыі і прававую культуру дзяцей і падлеткаў, схільных да дэвіянтных паводзін.

Праз назапашаны вопыт, анкетаванне навучэнцаў, іх бацькоў, настаўнікаў былі зроблены высновы: ніякага фармалізму і павучальных размоў, галоўнае ў рабоце — стварыць атмасферу даверу, увагі і клопату, запрашаць на пасяджэнні клуба аўтарытэтных людзей, якія могуць весці з дзецьмі адкрыты дыялог. Нават размова з інспектарам ІСН успрымаецца ў сценах цэнтра творчасці інакш, чым у інспекцыі.

“Туманнае жыццё” — так назвалі адно з пасяджэнняў клуба, якое прысвячалася прафілактыцы нарказалежнасці і фарміраванню антынаркатычнага светапогляду. Галоўным спікерам быў начальнік аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Аляксей Верамчук. Аляксей Віктаравіч прывёў статыстычныя даныя па наркасітуацыі ў Гродне, у тым ліку прыклады рэальных пакаранняў за захоўванне і распаўсюджванне наркотыкаў непаўналетнімі. Падлеткі задавалі пытанні і атрымлівалі адказы ад спецыяліста. Потым для іх арганізавалі інтэрактыўную гульню, у ходзе якой падлеткі дэманстравалі свае веды аб праблемах ужывання наркатычных рэчываў. Гасцямі пасяджэння клуба ў гэты дзень былі і навучэнцы сярэдняй школы № 18 Гродна, якія паказалі спектакль “Мы выбіраем жыццё”.

Іерэй Уладзімір, клірык Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора, гаварыў з дзецьмі пра неацэннасць чалавечага жыцця, неабходнасць існавання кожнай непаўторнай асобы пад вечным небам. Яго расказ пра рэальных людзей і іх лёсы быў як пасыл дзецям задумацца пра сэнс сённяшняга дня, іх жыцця. Усведамляючы, што суіцыдальныя спробы падлеткаў часта ўзаемазвязаныя з хуліганствам, крадзяжом, бадзяжніцтвам, алкагалізмам, адміністрацыя цэнтра запрасіла на сустрэчу “Жыццё — гэта шчасце, ствары яго сам” інспектара па справах непаўналетніх АУС Ленінскага раёна Гродна Ірыну Аўдзей. На іншай сустрэчы Ірына Станіславаўна расказала пра юрыдычнае рэгуляванне курэння непаўналетніх. І тое, што існуюць пэўныя законы, для іх было сапраўдным адкрыццём. А як вядома, няведанне закона не вызваляе ад адказнасці.

Пасяджэнне клуба, прысвечанае здароваму ладу жыцця, праходзіла ў форме інтэрактыўнай алімпіяды. Выступленне агітбрыгады дзіцячай школы мастацтваў імя А.Тызенгаўза “Цягнік у адзін канец” прайшло падчас пасяджэння, прысвечанага праблемам СНІДу.

Метадыст аддзела грамадскага здароўя Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Жанна Скіба расказала:

— Размовы пра здароўе вядзём з дзецьмі ў нестандартнай форме. Тэмы для абмеркавання выбіраюцца разнастайныя: “Што хаваецца за хмарамі тытунёвага дыму?”, “Сур’ёзная размова пра шкоду алкаголю”, “Сакрэты здароўя”, “Фактары здароўя і выбар прафесіі”, “Здароўе і поспех” і г.д. Інтэрактыўны фармат мерапрыемстваў падахвочвае ўдзельнікаў да актыўных і нязмушаных зносін. Напрыклад, у ходзе размовы “Фактары здароўя і выбар прафесіі” звярнула ўвагу старшакласнікаў на тое, што адной з найбольш частых памылак у прафесійным самавызначэнні з’яўляецца няведанне, пераацэнка або недаацэнка сваіх фізічных даных, стану здароўя.

Супрацоўнікі цэнтра Вікторыя Буцкая і Алена Палубок расказваюць, што дзецям вельмі падабаюцца спартыўныя мерапрыемствы. Яны актыўна ўдзельнічаюць у круглагадовай спартакіядзе “Гуляем за Беларусь”, якая ўключае настольны тэніс, дартс, шашкі, гарадкі. Да мерапрыемстваў клуба далучаюцца ўсе педагогі цэнтра. “Кідай курыць — бяры гітару” — так прапанаваў змагацца са шкоднай звычкай педагог дадатковай адукацыі Аляксандр Андрэеў, а Дзмітрый Бельскі арганізоўвае шмат спартыўных турніраў. Членаў клуба запрашаюць на творчыя майстар-класы, выставы, канцэрты. Так, пабывалі яны на адкрыцці апошняй выставы аб’яднання па інтарэсах “Адраджэнне”. Цікавячыся творчасцю іншых дзяцей, і самі становяцца ўдзельнікамі гурткоў.

— Мы супрацоўнічаем з установамі адукацыі раёна, дасылаем ім планы работы клуба, размяшчаем іх на сайце цэнтра, — гаворыць Алена Эдмундаўна Дулеўская. — На пачатку новага навучальнага года заводзім карткі, дзе адлюстроўваецца работа з дзецьмі. Мы ведаем іх схільнасці, таму стараемся весці работу індывідуальна. З такімі дзецьмі працуем і па месцы жыхарства. Не пакідаем без увагі і іх бацькоў. На сайце цэнтра яны могуць атрымаць анлайн-кансультацыі па прававых і сацыяльна-педагагічных пытаннях. Запускаем інтэрнэт-праект для бацькоў — там будуць размешчаны блогі нашых педагогаў з майстар-класамі. Плануем правесці конкурс на лепшы відэаролік пра сям’ю.

Пра цікавасць дзяцей да работы клуба “Падлетку насустрач” сведчыць і той факт, што і летам яны наведвалі цэнтр “Спектр”, часта разам з малодшымі ці старэйшымі братамі і сёстрамі. Наперадзе ў іх таксама шмат цікавых сустрэч: заняткі з элементамі трэнінгу “У павуцінні сацыяльных сетак”, інтэрактыўныя алімпіяды “Падлетак і закон” і “Складнікі здароўя”, круглы стол “Правілы паводзін у інтэрнэце: злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій”, конкурс “Песні нашага двара”.

І так кожную суботу ў 11.30.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.