На Магілёўшчыне актыўна ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года. Рамантуюцца класы, закупляецца сучаснае абсталяванне, наводзіцца касметычны парадак у актавых і спартыўных залах, на прылеглай тэрыторыі.
Улічваецца кожная дробязь, бо ад гэтага залежыць не толькі настрой і жаданне дзяцей вучыцца, але і непасрэдна якасць арганізацыі адукацыйнага працэсу.
— Верасень ужо не за гарамі. Таму і ўвага пытанням падрыхтоўкі ўдзяляецца адпаведная. З абласнога бюджэту на гэтыя мэты было выдзелена каля 11 млн рублёў. Сродкі задзейнічаны на рамонт школ і школ-інтэрнатаў, дзіцячых садоў, устаноў прафесійнай, дадатковай і спецыяльнай адукацыі. Акрамя таго, выконваюцца планавыя мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне бяспекі дзяцей, падрыхтоўку да асенне-зімовага перыяду, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў і сталовых, закупку новых сучасных аўтобусаў для падвозу сельскіх школьнікаў. Адметна, што ў шэрагу навучальных устаноў праходзяць капітальныя рамонты. Якасць і аператыўнасць работ пастаянна трымацца на кантролі. Усе сертыфікаты гатоўнасці павінны быць падпісаны да 20 жніўня, — паведаміла кіраўнік Магілёўскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў адукацыі Ганна Сіманоўская.
Афіцыйная інфармацыя цалкам пацвярджаецца ў рэчаіснасці. Напрыклад, у Бабруйску адукацыйную дзейнасць ажыццяўляюць 100 устаноў. Іх гатоўнасць да новага навучальнага года ўжо амаль поўная.
— Дзякуючы высокай ступені адказнасці кожнага педагагічнага калектыву, падрыхтоўка да новага навучальнага года ў нас заўсёды праходзіць зладжана. На пачатак летніх канікул ва ўстановах ужо складзены планы рамонтных работ і пачынаецца іх паступовая рэалізацыя. Працуюць усюды добрасумленна, таму зараз падрыхтоўка ўжо на стадыі завяршэння, — адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца.
Па яе словах, большасць навучальных устаноў горада практычна гатова да прыёму дзяцей. У ліку такіх устаноў — яслі-сад № 81. Каб хутка выканаць запланаваныя рамонтныя работы, садок на тыдзень закрыўся, але зараз ён напоўнены гулам дзіцячых галасоў.
— Мы правялі бягучы касметычны рамонт у групах: пафарбавалі сцены, палакіравалі падлогавае пакрыццё, абнавілі столі. Перафарбаваны быў і цокаль фасада. Удзялілі ўвагу таксама абнаўленню надворнага гульнявога абсталявання, добраўпарадкаванню тэрыторыі. Штогод прыўносім нешта новае ў яе азеляненне, ствараем незвычайныя малыя архітэктурныя формы. Дадаём новыя элементы на экалагічную сцежку, якую не так даўно стварылі ўласнымі сіламі. Нейкіх значных работ не праводзілі, бо нашай установе ўсяго 10 гадоў. Імкнёмся беражліва адносіцца да сваёй матэрыяльнай базы і вучым гэтаму выхаванцаў, — расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Святлана Кушчэева.
Па прынцыпе “захаваем тое, што маем” жывуць і ў 30-й гарадской школе. У гэтай навучальнай установе ёсць усё неабходнае для якаснай адукацыі. Падтрымліваць належны стан школьнай маёмасці дапамагае штогадовы бягучы рамонт.
— Сёлета мы зноў абнавілі нашы вучэбныя кабінеты. Адкрылі новы, цалкам абсталяваны камп’ютарны клас. У пяць кабінетаў закупілі вучэбную мэблю, на харчаблоку і ў абедзеннай зале памянялі плітку, перафарбавалі цокаль фасада па перыметры і спартзалу. Важна, што падрыхтоўка стала калектыўнай справай, якая ахапіла педагогаў, бацькоў і саміх навучэнцаў. Вучні дапамагалі з рамонтам, працуючы па другаснай занятасці. Агульнымі намаганнямі ўсе намечаныя работы выконваем у пазначаныя тэрміны. Дзень-два — і будзем гатовы да прыёмкі, — падкрэсліла дырэктар школы Наталля Жаваранак.
На фінішнай прамой падрыхтоўка і ў сярэдняй школе № 20. Установа сустрэла пахам свежай фарбы. У фае завяршалі афарбоўку сцен. Як расказаў дырэктар Віктар Каспяровіч, гэта ўжо апошнія штрыхі.
— Рамонтныя работы ў нас другі год запар носяць капітальны характар. Летась была пераабсталявана ўваходная група, ганак, пабудаваны пандусы для безбар’ернага асяроддзя, зроблена пакрыццё цэнтральнага пляца, праведзены рамонт парапетаў. У гэтым годзе займаліся ўмацаваннем перакрыццяў пад харчаблокам, а таксама прыводзілі ў парадак класы, калідоры, сталовую, спартзалу, стадыён і прылеглую тэрыторыю. У рамонце мэблі дапамагала брыгада навучэнцаў. Істотную падтрымку аказалі бацькі, шчыравалі над падрыхтоўкай і педагогі, тэхнічны персанал. Хутка работы будуць завершаны. Навядзём глянец і будзем чакаць сваіх адпачыўшых вучняў, — запэўніў Віктар Віктаравіч.
Як можна было пераканацца, установы адукацыі Бабруйска практычна гатовы да сустрэчы навучэнцаў. Такая ж сітуацыя назіраецца і ў астатніх раёнах вобласці. У хуткім часе кожная навучальная ўстанова Магілёўшчыны расчыніць дзверы перад сваімі вучнямі. Дарэчы, 1 верасня за парты па рэгіёне сядуць каля 115 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, з іх каля 12 тысяч пойдуць у першы клас.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.