Чакаюць выпускнікоў: хто з заказчыкаў кадраў уваходзіць у лік даўніх партнёраў Лунінецкага політэхнічнага каледжа

- 11:06Абитуриент, Образование

У Лунінецкім дзяржаўным політэхнічным каледжы 340 навучэнцаў асвойваюць дзясятак розных прафесій. Дарэчы, гэта адзіная ўстанова адукацыі на Брэстчыне, дзе можна вывучыцца на сакратара. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Выбар спецыяльнасці

Ільвіная доля абітурыентаў — гэта выпускнікі 9 класа. Ім прапануецца навучанне па 7 спецыяльнасцях і 9 кваліфікацыях на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Прычым за 2 гады і 10 месяцаў вучобы, дзякуючы інтэграцыі спецыяльнасцей, моладзь атрымлівае адразу некалькі прафесій. Напрыклад, дзяўчаты могуць выбіраць інтэграцыю спецыяльнасцей “Справаводства” або “Абслугоўванне і рамонт вылічальных машын” і “Гандлёвае абслугоўванне”. У адным выпадку яны асвойваюць прафесіі сакратара і прадаўца, кантралёра-касіра, а ў іншым — становяцца аператарамі электронна-вылічальных машын, прадаўцамі і кантралёрамі-касірамі.

Тыя, хто вырашыць паглыбіцца ў вывучэнне санітарна-тэхнічных і зварачных работ, атрыма­юць дзве кваліфікацыі: “мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання 4-га разраду” і “электрагазазваршчык 3-га разраду”. Пры выбары інтэграваных спецыяльнасцей “Эксплуатацыя і наладка аўтаматызаванага абсталявання
машынабудаўнічай вытворчасці” і “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання” навучэнцы асвойваюць прафесіі аператара станкоў з праграмным кіраваннем, электраманцёра і электраслесара.

— Новымі для нас у мінулым годзе сталі кваліфікацыі “электраслесар (слесар) дзяжурны і па рамонце абсталявання”, “аператар станкоў з праграмным кіраваннем” і “электрагазазваршчык”, якія сёння вельмі запатрабаваны ў машынабудаўнічай і будаўнічай галінах, — расказвае пра навацыі апошніх гадоў дырэктар каледжа Андрэй Баўкуновіч. — Таксама адносна новай з’яўляецца кваліфікацыя “сакратар”. Трэба адзначыць, наш каледж адзіны на Брэстчыне, дзе моладзь можа навучыцца гэтай прафесіі.

Наколькі паспяхова юнакі асвояць высокатэхналагічную спецыяльнасць “Эксплуатацыя і наладка аўтаматызаванага абсталявання машынабудаўнічай вытворчасці”, пакажа час. Сваіх станкоў з праграмным кіраваннем у каледжы пакуль няма, знаёміцца з іх будовай і работай хлопцы адпраўляюцца ў цэнтр кампетэнцый Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа машынабудавання.

Візітная картка каледжа — народны хор “Палессе”, які быў створаны 35 гадоў назад. У 1994-м яму прысвоена званне “народны”. Пад кіраўніцтвам Наталлі Якавец хор, які складаецца з работнікаў каледжа, па сённяшні дзень паспяхова выступае, прымаючы актыўны ўдзел у раённых і абласных мерапрыемствах.

Асаблівасці навучання

Адзіная спецыяльнасць, якую навучэнцы могуць атрымаць на ўзроўні ССА за паўтара года, — “Гандлёвая дзейнасць. Таваразнаўца”. Але для гэтага трэба адвучыцца на прадаўца. Так, дарэчы, плануе зрабіць трэцякурсніца Ірына Кавалёва:

— Я атрымліваю ў каледжы тры прафесіі: прадаўца, кантралёра-касіра і аператара ЭВМ. Асновы работы за прылаўкам і касай мы вывучаем як у вучэбнай майстэрні, так і на практычных занятках у магазінах горада, але ўжо неўзабаве адправімся на вытворчую практыку і будзем працаваць тры месяцы запар, да заканчэння навучання. У мінулым годзе, вывучаючы на працягу ўсяго 1 і 2 курса спецыфіку работы аператара ЭВМ, мы практыкаваліся ў розных арганізацыях, хтосьці нават у сваёй школе. У маіх найбліжэйшых планах — застацца ў каледжы і працягнуць навучанне, каб атры­маць сярэднюю спецыяльную адукацыю і ­стаць таваразнаўцам. Думаю, гэта спатрэбіцца ў далейшым, дапаможа прафесійна расці па кар’ернай лесвіцы.

— Адукацыйны працэс у каледжы выбудаваны так, што на працягу першага і другога года навучання юнакі і дзяўчаты атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю і асвойваюць адну са спецыяльнасцей, а на 3 курсе вывучаюць толькі другую і замацоўваюць практычныя навыкі на вытворчасці, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Вячаслаў Нікеенка. — Сярод нашых даўніх партнёраў і заказчыкаў кадраў, дзе практыкуюцца і куды потым працаўладкоўваюцца выпускнікі, РУВП “Граніт”, ААТ “Спецжалезабетон”, ААТ “Палессеэлектрамаш”, “Ніва Холдынг”, Лунінецкая ЖКГ, Лунінецкае райпо, ТАА “Санта Рытэйл”, ТАА “Еўрагандаль”. Заяўкі на працаўладкаванне нашых выпускнікоў паступаюць і ад такіх машынабудаўнічых гігантаў, як Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі трактарны завод, ААТ “Амкадор” і іншых.

У працэсе асваення той ці іншай спецыяльнасці юнакі і дзяўчаты ўдзельніча­юць у конкурсах прафесійнага майстэрства. Найбольшых поспехаў у гэтым дасяга­юць будучыя мантажнікі санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання, якія вучацца разбірацца ў сістэмах ацяплення, водазабеспячэння і вентыляцыі. Пад кіраўніцтвам майстра Ігара Харытановіча хлопцы ўдзель­нічаюць у абласных і рэспубліканскіх этапах конкурсу ProfSkills Belarus. Не раз ­перамагалі ў абласным этапе. У 2023 го­дзе навучэнец 3 курса Давід Леўшыц стаў першым у краіне ў кампетэнцыі “Сантэхніка і ацяпленне”. Дарэчы, юнак працягнуў навучанне і стаў студэнтам-завочнікам БНТУ, скарыстаўшыся сваім правам пасту­піць без уступных выпрабаванняў у любую ўстанову вышэйшай адукацыі тэхнічнага профілю.

— Рыхтуючыся да спаборніцтваў, працуем у вольны час і пасля заняткаў на працягу некалькіх тыдняў, выконваючы розныя заданні, у тым ліку і конкурсныя работы мінулых гадоў па зборцы розных модуляў сістэм ацяплення і водазабеспячэння, — знаёміць з працэсам падрыхтоўкі Ігар Сяргеевіч, які пры адборы юнакоў для ўдзелу ў прафесійных конкурсах звяртае ўвагу не толькі на зацікаўленасць навучэнца і яго навыкі, але і на яго характар, псіхалагічны партрэт. — Важна, каб малады чалавек быў даволі спакойным, ураўнаважаным і стрэсаўстойлівым. Бо спаборніцтва — гэта шматгадзіннае выпрабаванне ў няпростых умовах.

Сярод прэтэндэнтаў на ­ўдзел у фінале галоўнага конкурсу прафмайстэрства ProfSkills Belarus, які пройдзе 23—26 мая ў Мінску і збярэ 350 прадстаўнікоў пяці дзясяткаў рабочых прафесій, і навучэнец 3 курса Андрэй Ганчарук, які атрымаў дыплом I ступені на абласным этапе ў кампетэнцыі “Электрамантаж”. Зараз юнак працягвае падрыхтоўку пад кіраўніцтвам майстра вытворчага навучання Івана Русялевіча. Акрамя мантажу і зборкі электрычнай схемы, асвойвае праграмаванне электронных рэле, што з’яўляецца няпростай задачай.

Захапленні па-за вучобай

У каледжы функцыянуе 12 аб’яднанняў па інтарэсах, уключаючы спартыўныя секцыі па валейболе, баскетболе, футболе і настольным тэнісе. Дзякуючы прафесіяналізму выкладчыка Аляксандра Мірановіча, каманда па валейболе неаднаразова займала першыя месцы на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод жаночых каманд устаноў прафтэх­адукацыі. У ліку першых каманда ўстановы на абласных стартах па зімовым мнагаборстве “Здароўе”, а таксама ў тройцы наймацнейшых — на спаборніцтвах па настольным тэнісе і баскетболе.

Навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Радыётэхнік”, якім кіруе майстар вытворчага навучання Мікалай Чараповіч, паспяхова выступаюць на абласных і рэспуб­ліканскіх конкурсах інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, дзе штогод займаюць прызавыя месцы. Валодаючы ўжо базавымі ведамі ў электроніцы і электрыцы, юнакі стварылі гульнявы аўтамат “Знаўца 4М”, прыстаўку-кантралёр для кропкавай зваркі і многае іншае. Таксама выхаванцы Мікалая Іванавіча рэгулярна ўваходзяць у лік наймацнейшых у фінале рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка”, ствараючы зімовых прыгажунь з падручных матэрыялаў, абсталёўваючы іх электрыкай і электронікай.

Тыя, каго больш прыцягвае тэатральная творчасць, наведваюць аб’яднанне “ПраТэатр”, якое было створана два гады назад, і актыўна ўдзельнічаюць у пастаноўках, канцэртах, святочных эцюдах.

Усе першакурснікі і госці каледжа наведваюць музейны пакой, дзе знаёмяцца з гісторыяй установы, якая сёлета адзначае 45-годдзе. Сярод экспанатаў тэхнічныя ма­дэлі, створаныя рукамі навучэнцаў і якія перамаглі на самых розных конкурсах. Адзін з музейных старажылаў — пераможца выставы ВДНГ 1980-х.

Таксама ў каледжы вядзецца актыўная работа ваенна-патрыятычнай групы “Патрыёт”, удзельнікі якой у якасці валанцёраў гатовы прыйсці на дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, адзінокім і састарэлым мясцовым жыхарам.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара