Чалавек года Віцебшчыны Ірына Гаўрыльчык: мне пашчасціла на настаўнікаў, яны сфарміравалі мяне як асобу, педагога

- 12:08Интервью

У ліку 50 намінантаў, каму рашэннем аблвыканкама прысвоена пачэснае званне “Чалавек года Віцебшчыны”, — чатыры прадстаўнікі педагагічнай супольнасці. Сярод іх — дырэктар Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Ірына Гаўрыльчык, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Ірына Эдуардаўна, вы амаль два дзясяткі гадоў прысвяцілі рабоце ў сістэме адукацыі. Што для вас паслужыла галоўнай матывацыяй, каб пайсці ў настаўнікі?

— Ведаеце, мне цяжка адка­заць на гэтае, здавалася б, простае пытанне. Прыклад маіх любімых настаўнікаў лічу важнай матывацыяй, але не галоўнай. Мае бацькі — аграрыі. Усе родныя і аўтарытэтныя для мяне дарослыя з блізкага акружэння зноў жа не педагогі. Калі ўжо ў юнацкім узросце зацікавілася сямейнай гісторыяй, то даведалася, што мой дзядуля Іван Протас пасля вяртання з фронту працаваў настаўнікам і нават быў дырэктарам школы на Палессі. Хаця мне з ім, на жаль, не давялося сустрэцца. Магчыма, усё ж застаецца ў генетычным кодзе прыхільнасць да прафесіі, якая ў пэўным пакаленні абуджаецца. Бо я з тых прадстаўнікоў сферы адукацыі, хто з дзяцінства ніколі — абсалютна шчыра гэта кажу — думаць не думала пра іншае. Не аднойчы захацела, а марыла быць педагогам, колькі памятаю сябе. Ні касманаўтам, ні актрысай — толькі педагогам.

— А як вы трапілі ў дадатковую адукацыю?

— У прафесіі мае вытокі і аснова асноў — школьны педагагічны вопыт. Пасля заканчэння педкаледжа прыйшла праца­ваць настаўніцай у сярэднюю школу № 12 Полацка, там дастаткова хутка мяне прызначылі намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, так і працавала завучам 12 гадоў. Гэта насамрэч многа, калі душой аддавацца справе. Магчыма, у нейкі момант рэальна наблізілася прафесійнае выгаранне. Або проста жаданне новага ў прафесійнай дзейнасці мяне паклікала. Так ці інакш, я пагадзілася на прапанову ўзнача­ліць аддзел тэхнічнай творчасці ў нашым цэнтры дзяцей і моладзі. Таісія Багушэвіч, якая тады была дырэктарам, па-мацярынску мудра параіла: “Ірачка, табе трэба! Ідзі — не пашкадуеш!” Не пашкадавала. Праўда, перайшла ў цэнтр дзяцей і моладзі не адразу: вярнулася ў сваю школу завучам, толькі па метадычнай рабоце. Зноў жа цаглінка неабходнага вопыту — і не адна. Нічога выпадковага ў жыцці няма. Хапіла мяне на год, бо прыцяжэнне дадатковай адукацыі аказалася мацнейшым. На той час дырэктарскую эстафету ў Таісіі Іосіфаўны прыняла Ірына Страленка (Дзёмінава). Яна мяне прызначыла кіраваць мастацкім аддзелам. Неўзабаве сітуацыя вярнулася на новым вітку: я стала намеснікам дырэктара. І літаральна праз два гады — маланкава — дырэктарам.

— Чаму маланкава?

— Час выбраў нас. Наша ўстанова займае важнае месца нават не на адукацыйнай, а шырэй — на сацыяльнай прасторы Полаччыны. Многа людскіх сцежак перакрыжоўваецца ў нашым цэнтры, многім дзецям мы дапамагаем сфарміраваць правільныя жыццёвыя арыенціры, многа цікавых, нестандартных ідэй акумулюецца ў нас і знаходзіць яркае ўвасабленне ў калектыўных праектах. Планка высокая — адказнасць велізарная. У самыя гарачыя дні 2020-га Ірыне Мікалаеўне прапанавалі кіраваць ключавым участкам работы, аддзелам па ідэалогіі і справах мола­дзі райвыканкама, і яна пага­дзілася не раздумваючы. А мне даверылі наш калектыў. Маю кандыдатуру падтрымала ўпраўленне па адукацыі райвыканкама і асабіста яго начальнік Ірына Драздова. 

Хачу падзякаваць: мне пашчасціла на працоўным шляху сустрэць сапраўдных настаўнікаў, якія пасадзейнічалі фарміраванню мяне як асобы, педагога. Нас, маладых, вопытныя калегі ставілі на крыло, як птушкі сваіх птушанят. У прыватнасці, Ірына Афа­насьеўна многае мне перадала ў плане кіраўніцкага вопыту. Тэмп работы каласальны і пастаянна расце. Жартуем часам: “Затое старасць нас не дагоніць”.

— Калектыў цэнтра таксама ў такім рытме працуе?

— У мяне ёсць любімы выраз: “Калі здольны рухацца хутка — можаш ісці адзін, але ў далёкі шлях ідзі толькі з надзейнай камандай”. Вось у нас такая каманда, выпадковых людзей у ёй няма. Найперш таму, што сама прафесія педагога дадатковай адукацыі ўнікальная. Мы засцерагаем дзяцей ад негатыўнага ўплыву вуліцы і інтэрнэту, далучаючы да цікавай, карыснай дзейнасці. Увогуле, цэнтр рэалізуе 122 адукацыйныя праграмы па 12 профілях дадатковай адукацыі. Штогод з улікам запытаў навучэнцаў і бацькоў адкрываюцца найбольш запатрабаваныя і перспектыўныя аб’яднанні па інтарэсах. Калі да настаўніка ў школе вучні абавязаны прыйсці на ўрокі, то да нас яны ідуць — банальна прагучыць, затое дакладна — па поклічы сэрца. Не так лёгка зацікавіць дзяцей, набраць групу, правесці першыя заняткі. Аднак гэта толькі пачатак, і наступны этап намнога больш складаны: трэба захапіць усур’ёз, зрабіць так, каб выбраны вучнем напрамак дзейнасці ператварыўся як мінімум у хобі на ўсё жыццё. Стратэгічная мэта яшчэ больш адказная: каб захапленне вырасла ў прафесійную дзейнасць. Калі ж нашы выпускнікі атрымліваюць адукацыю і вяртаюцца, становяцца пераемнікамі сваіх настаўнікаў, то гаворка ўжо пра найвышэйшы пілатаж. Падобныя гісторыі ў цэнтры, можна ска­заць, добрая традыцыя. Гаворачы пра выніковасць мовай статыстыкі: у гадавым календары 365 дзён, а значных перамог і ўзнагарод, у тым ліку рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, за год у нас збіраецца звыш 600. Толькі адданыя сваёй справе людзі могуць так працаваць. У нашай камандзе — лепшыя прафесіяналы краіны, уключаючы чатырох пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Педагог установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” (2007, 2011, 2016 і 2021 гады), дваіх пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Метадыст установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” (2010 і 2019 гады), пераможцу рэспубліканскага конкурсу “Лепшы выхавальнік аздараўленчага лагера — 2024”.

— Як на сёння выбудавана сістэма работы?

— Акрамя асноўнай работы ў класічным разуменні (непасрэдна заняткаў), мы прымаем гасцей Полаччыны, арганізуем спаборніц­твы і конкурсы, право­дзім масавыя мерапрыемствы, курыруем праекты і каардынуем па акрэсленым напрамку дзейнасці работу ўстаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі раёна. Плюс ажыццяўляем арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне развіцця дадатковай адукацыі ў рэгіёне, стварэнне ўмоў для бесперапыннай прафадукацыі педагагічных кадраў.

Павышэнню ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці са­дзейнічаюць нашы метадычныя фарміраванні: раённая школа пачынаючага педагога дадатковай адукацыі і школа прафесійнага росту “Шлях да поспеху”, раённы рэсурсны цэнтр па метадычным забеспячэнні дадатковай адукацыі. Другі рэсурсны цэнтр — “Праф­арыенцір” — спрыяе ранняй прафарыентацыі і дапрофільнай падрыхтоўцы навучэнцаў устаноў адукацыі раёна. Так, за 2024 год праведзена 5 буйных кірмашоў мэтавай падрыхтоўкі, арганізавана 14 экскурсій на прадпрыемствы. Установа выступае пляцоўкай рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў у сферы турызму і краязнаўства”. Таксама на нашай базе паспяхова дзейнічаюць дзве апорныя пляцоўкі рэспубліканскага метадычнага кластара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

У маштабны творчы і выхаваўчы працэс уключаны сацыяльныя партнёры — ад грамадскіх аб’яднанняў да праваахоўных органаў, МНС, сістэмы аховы здароўя. Мы нацэлены на выхаванне грамадзяніна-патрыёта і лідара. На працягу шасці гадоў Полацкая раённая піянерская арганізацыя ўзначальвае абласны рэйтынг, наш гарадскі парламент навучэнскай моладзі лепшы ў вобласці.

У нас вельмі моцныя, актыўныя і выніковыя турысты і края­знаўцы. У аддзеле інавацыйнай і тэхнічнай творчасці функцыянуе лабараторыя па робататэхніцы, праграмаванні і прататыпаванні, што дазваляе займаць вядучыя пазіцыі ў рэгіёне па выніковасці этапаў адбору ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Знакавай для нас падзеяй стала адкрыццё ў мінулым лістападзе сучаснага карта­­дрома, што пашырыла магчымасці развіцця тэхнічных відаў спорту і арганізацыі спаборніцтваў, у тым ліку рэспубліканскіх. У творчых напрамках узорныя калектывы — паказчык якасці. У раё­не такіх аб’яднанняў па інтарэсах 15, з іх 4 — у нашым цэнтры. Важны момант — падтрымка бацькоў. Карыстаецца вялікай папулярнас­цю сямейны клуб “Задорынка”, на яго тэматычных вечарах, выставах, канцэртах — нязменны аншлаг. Прыемна на іх і татаў ба­чыць, і мам, і бабуль з дзядулямі.

— Якімі праектамі сустракаюць май ваш калектыў і Полаччына?

— Усюды вядзём добраўпарадкаванне, па меры неабходнас­ці — рамонты і пераабсталяванне, асабліва маштабна гэта можна назіраць у загарадным лагеры “Чайка”. У нас многа праектаў з элементамі рэгіянальнага кампанента. Зараз сумесна з установамі агульнай сярэдняй адукацыі аднаўляем праект “Стужка часу” ў рамках раённага “Марафону Памяці”. Да існуючых і вядомых усёй рэспубліцы дадаём новыя інтэрактыўныя пляцоўкі, да 9 мая іх будзе прадстаўлена 14. Працягваем “Полацкі рубеж”. На тэрыторыі аддзела экалагічнага выхавання два гады назад пасадзілі сад на­дзеі. А нядаўна ў рамках міжнароднага праекта “Дзеці дзецям: гісторыя дзеля будучыні” прыяз­джалі да нас сябры з Яраслаўля, і мы разам заклалі алею, прысвечаную 80-годдзю Перамогі.

Таццяна БОНДАРАВА