17 жніўня, у фінальны дзень VI чэмпіянату свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ, падыходзячы да фінішнай вышкі вяслярнага канала ў Заслаўі, не ведаю чаму спыніўся. Спусціўся да вады. Зачарпнуў далонню. Не пагрэбаваў — пакаштаваў. Ну і што, вада як вада. Амаль як у сябе дома ў Мінску. Дзе тут пырскі ды жарсці (якія потым убачыў)?!
Агледзеўся — і ўгледзеў хвалю. Не, нават не хвалю, а невялікую хвальку, якая бегла па канале, пераліваючыся, зіхоцячыся, смеючыся. Трошкі баязліва ўзяў гэтую хвальку ў рукі. Прыціснуў да грудзей. Абняў. Папесціў. Мяккая, лагодная — заслаўская хваля. Такая не можа нікога пакрыўдзіць. Такая не можа нікому здрадзіць. А палюбіць — кожнага, хто яе кране. Ці вяслом, ці хоць бы рукой, як я. Так і сядзеў я хвілін з трыццаць на беразе вяслярнага канала — у абдымках з заслаўскай хваляй. Мяккай, пяшчотнай, лагоднай…
Чалавек і хваля — гэта вельмі тонкая рэч. Чалавек сам як хваля. Ён можа быць у літаральным сэнсе на хвалі. Ну а хваля часам набывае чалавечыя рысы.
…Рыхтуючы гэтую падборку інтэрв’ю з фіналістамі VI чэмпіянату свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ, мне менш за ўсё хацелася пытацца ў іх пра тое, якой яны знаходзяць Беларусь, наколькі складана ім было рыхтавацца да спаборніцтваў і непасрэдна тут спаборнічаць, наколькі задаволены яны сваім вынікам і г.д. Я задаваў ім часам дастаткова дзіўныя (somewhat special — мы ж пераважна гаварылі па-англійску) пытанні. Я лавіў іх менавіта з фінішу, і мне хацелася пачуць ад іх “фінішнага” выдыху нешта чалавечае, можа быць, нават і інтымнае — пра жыццё, яго сэнс і бясконцы бег ды працяг. І не толькі ў лодцы ды на вадзе.
Карацей, мне нават больш хацелася ўбачыць у іх не так спартсменаў, як людзей у ментальным, у псіхалагічным, калі хочаце, нават у культуралагічным і экзістэнцыянальным плане. Людзей, якія трымаюцца на хвалі…
А што з гэтага атрымалася — чытайце. Няхай гэта будзе адмысловым лірычным пасляслоўем да VI чэмпіянату свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ.
Знаёмлюся з чэхам студэнтам Пражскага ўніверсітэта Марцінам Фуксам, які толькі што на каноэ пераадолеў дыстанцыю ў 500 метраў, заваяваў залаты медаль і, не паспеўшы яшчэ як след аддыхацца, прызнаецца:
— Я люблю гэты від спорту. І яго любіць уся мая сям’я, што вельмі мяне падтрымлівае.
— Якія, даруйце, часткі цела ў вас найбольш напружваюцца пры веславанні?
— Рукі і жывот… Ногі маюць не вельмі значную вагу. Усё робіць верхняя частка цела.
Тым часам да гутаркі далучаецца дзед Марціна Ёзаф Фукса, які дадае:
— Вы нават не ўяўляеце, які працавіты мой унук. Гэта ж кожны дзень — спачатку вучоба, а потым “трэйнінг, трэйнінг, трэйнінг”… А яшчэ ён вельмі любіць музыку, якой таксама займаецца ці не штодня.
— А якой музыкай? Класічнай ці…
— Рэпам.
Зноў звяртаюся да Марціна:
— Марцін, разумею, што вы жывяце вельмі насычаным жыццём. Але што для вас самае галоўнае сёння? Спорт, музыка, каханне, сяброўства?
— На сённяшні дзень гэта перамога на дарослай Алімпіядзе. Але скажу так: калі я ўрэшце заваюю залаты алімпійскі медаль, у мяне абавязкова з’явяцца іншыя мэты і задачы. А той медаль будзе толькі пачаткам, першай прыступкай па дарозе да новых перамог! (Смяецца. — М.Ч.)
Падыходжу яшчэ да аднаго чэшскага студэнта Ёзафа Достала, галоўнага героя чэмпіянату. Гляджу на яго знізу ўверх (хаця і сам не маленькі), па-добраму любуюся ім, які, разгарачыўшыся сваім поспехам і самой гонкай, распрануўся да пояса.
— Ёзаф, а вам не казалі, што тут, на чэмпіянаце, вы самы прывабны спартсмен сярод мужчын?
— Ды не… Пакуль што. Але я і сам падазраю, што гэта так. (Усміхаецца. — М.Ч.)
— Чалавечае шчасце ў прыгажосці?
— Не, шчасце ў тым, каб быць проста шчаслівым. А для кожнага чалавека яно сваё.
— А ці можна гаварыць пра такі феномен, як шчасце спартсмена?
— Безумоўна. І гэтае шчасце — у… болю. У болю, які ты адчуваеш на кожнай трэніроўцы, пасля кожнай трэніроўкі. Ты павінен любіць гэты боль. Ты павінен ім жыць. Зімой і летам, раніцай і вечарам. Інакш ты не спартсмен. Або ты нешчаслівы спартсмен.
Вылоўліваю з фінішнай прамой паляка Рафала Расольскага, студэнта эканамічнага факультэта Беластоцкага ўніверсітэта, бронзавага прызёра VI чэмпіянату свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ ў адзіночным заездзе ў байдарцы на 500 метраў.
— Рафал, скажу вам шчыра, што напярэдадні ў рэдакцыі нашай газеты паміж супрацоўнікамі ўзнікла пэўная палеміка: ці такі ўжо відовішчны гэты від спорту — веславанне на байдарках і каноэ… І калі мужчыны, журналісты нашай газеты, гаварылі, што самымі прывабнымі, з візуальнага пункту погляду, з’яўляюцца футбол, хакей і бокс, то жанчыны як маглі прыводзілі свае аргументы на карысць вашага віду спорту. Маўляў, вы паглядзіце, як напінаюцца іх мускулы, якімі па-мужчынску напружанымі выглядаюць іх твары падчас веславання. Што скажаце на гэта?
— Вашы жанчыны маюць рацыю.
На гэты раз мая суразмоўніца — зямлячка, беларуска, студэнтка Мазырскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Івана Шамякіна Софія Юрчанка (“золата” ў двойцы на байдарцы на дыстанцыі 500 метраў).
— Софія, я вас шчыра віншую з перамогай, але адразу хачу перайсці да рэчаў “глабальных”. Што для вас больш важна — заваяваць у будучым залаты медаль на Алімпіядзе або займець шчаслівую сям’ю, нарадзіць дзіця?
— Ну, канечне ж, на першым месцы сям’я… Спорт — гэта, безумоўна, вельмі значны складнік нашага спартсменскага жыцця па той простай прычыне, што мы аддаём яму вельмі многа часу. Але сям’я, дзеці — найперш. Я так скажу: найвышэйшымі ўзнагародамі ў маім жыцці будуць і алімпійскі медаль, і дзіця.
— Як байдарка з’явілася ў вашым жыцці?
— Мой бацька займаўся веславаннем на каноэ. Ён часта мне расказваў пра сваё спартыўнае жыццё, і аднойчы я сама не вытрымала: “Тата, завядзі мяне ў спартыўную школу, я хачу паглядзець, сама паспрабаваць, што гэта такое”.
— Гэта калі было?
— Калі мне было 13 гадоў. Напярэдадні ў мяне быў апошні званок пасля базавай школы. Мы пайшлі з бацькам у кавярню, і там я яму прызналася ў сваім жаданні. Літаральна на наступны дзень ён прывёў мяне ў спартыўную школу. Мне вельмі спадабалася, і я сказала бацьку, што хачу гэтым займацца. На што ён мне строга
заўважыў: “Добра, ты будзеш гэтым займацца, але толькі гэтым — і сур’ёзна”. І так я ўцягнулася, мне вельмі спадабаўся гэты від спорту. Не ведаю нават чаму. І ўжо роўна праз год я ў адзіночцы на рэспубліканскім спаборніцтве стала трэцяй — гэта быў першы мой медаль… А потым пайшоў медаль за медалём, еўрапейскі, сусветны ўзроўні (у Казані на ўніверсіядзе мы “золата” ўзялі) і г.д.
— Вы так захоплена расказваеце пра свае перамогі! І вось — чарговая, на гэтым чэмпіянаце свету… Даруйце, а ці былі ў вас спартыўныя няўдачы?
— Былі, вядома. Пераломныя моманты здараюцца ў кожнага спартсмена. І яны патрэбны для таго, каб, так бы мовіць, праваліцца ў яму, а потым ужо з яе выкараскацца і пайсці вышэй. Калі заўсёды лёгка, тады вельмі цяжка падаць. А калі кар’ера ідзе з перападамі, ты пачынаеш зусім па-іншаму ставіцца і да няўдач, і да поспехаў.
— Як сёння сутыкаюцца ў вашым жыцці спорт і вывучэнне іншых прадметаў — літаратуры, мовы, гісторыі, прыродазнаўчых дысцыплін і г.д.?
— У школе я вучылася вельмі добра, да сёмага класа была выдатніцай. І я сёння разумею, што трэба сумяшчаць вучобу і спорт, але… усё-такі даводзіцца выбіраць. Аднойчы я зразумела, што ў спорце ў мяне атрымліваецца больш і лепш. І цяпер, шчыра кажучы, з-за трэніровак часу хапае практычна толькі на сон. Нават у выхадныя часам сябры некуды клічуць, а ў мяне толькі адно жаданне — адпачыць, падрыхтаваць сябе да новага працоўнага тыдня. Ну, але вы ж не думайце, што я зусім не чытаю і тэлевізар не гляджу. Усё-такі знаходжу час і для гэтага. Дарэчы, чытаць я вельмі люблю.
— Софія, магчыма, нечаканае для вас пытанне: як вы ставіцеся да беларускай мовы, да таго, каб размаўляць на ёй у штодзённым жыцці?
— Я вельмі люблю нашу мову. Яна надзвычай меладычная. Проста вельмі шкада, што не з нараджэння залягае яна ў табе, — потым вельмі цяжка на ёй размаўляць. А яшчэ я вельмі люблю, калі людзі на беларускай мове размаўляюць правільна — не на трасянцы.
— А вам ніхто не казаў, што ў вас вочы колеру вады вяслярнага канала?
— Ды не… (Усміхаецца. — М.Ч.) Але дзякуй, мне гэта вельмі прыемна чуць!
Звяртаюся да студэнта Усходне-еўрапейскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі ў Луцку Андрэя Рыбачка з Украіны.
— Як адчуванне?
— Усё выдатна. Добры канал, добрае харчаванне. Толькі вось надвор’е крыху нялётнае — бакавы вецер перашкаджаў.
— У сваім жыцці вы робіце стаўку толькі на спорт? Кім бачыце сябе ў гадоў 40–45?
— Разумееце, спорт — гэта такая штука, што сёння ты можаш быць пераможцам, а заўтра — ужо аўтсайдарам. Таму на цяперашні момант для мяне галоўнае ў жыцці — гэта рэальныя спаборніцтвы, але калі заглядаць у 40–45 гадоў, то, хутчэй за ўсё, буду трэнерам.
Размаўляю з прызёрам чэмпіянату літоўцам Андрэем Алійнікам:
— Андрэй, што было першапрычынай з’яўлення вашага захаплення веславаннем?
— Гм, нават не думаў над гэтым пытаннем. Але, напэўна, вада. Не, нават не вада, а… забыўся, як гэтае слова гучыць па-руску (Андрэй гаварыў на рускай мове. — М.Ч.). Карацей, па-англійску гэта — nature.
— Прырода?
— Так! Менавіта прырода, гэтае адчуванне свабоды і вады. Быць лідарам на прыродзе — нічога не параўнаецца з гэтым адчуваннем. А яшчэ веславанне, як бы вам сказаць… Гэта такі від спорту, які з мужчыны робіць мужчыну. Як у войску. Гэта сіла і прыгажосць.
— Даруйце за такое інтымнае пытанне. У вас ёсць дзяўчына?
— Безумоўна! (Смяецца. — М.Ч.)
— Каго вы любіце больш: яе ці каноэ?
(Пасля доўгай паўзы і смеху.)
— Гэта немагчыма параўноўваць! Але каноэ з’явілася раней, чым дзяўчына!
Апошняй маёй суразмоўніцай на VI чэмпіянаце свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ стала прывабная венгерка студэнтка Будапешцкага ўніверсітэта Фані Сіман:
— Як прыйшлі вы да такога нялёгкага, тым больш для дзяўчат, віду спорту?
— Усё пачалося са звычайнага плавання, якім я пачала сур’ёзна займацца з 9 гадоў. А потым неяк так села ў каноэ — і ўжо не паплыла, а… паляцела! (Смяецца. — М.Ч.)
— Якія вашы захапленні па жыцці, акрамя каноэ?
— Псіхалогія, у прыватнасці, такі кірунак, як спартыўная псіхалогія.
— Шчыра кажучы, знешне вы так нагадваеце беларуску…
— Дзякуй. За гэтыя дні я ёй ужо амаль стала!
…VI чэмпіянат свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ заканчваўся. А заслаўская хваля так і працягвала бегчы некуды наперад, потым вяртацца, а затым зноў бегчы, радуючыся і чэмпіянату, і свайму бясконцаму няспыннаму руху…
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.