Чалавек на сваім месцы

Бібліятэка заўсёды грунтавалася на ідэі чытання як духоўным рэсурсе грамадства, бо ў дзецях, якія любяць чытаць, заключаецца своеасаблівы код культуры будучыні нашага народа.

— Уся прастора бібліятэкі: афармленне, выставы, фонд адкрытага доступу, даведачныя і інфармацыйныя матэрыялы — і, канечне, асоба самога бібліятэкара  павінны быць адкрытымі  чытачу. Толькі тады яны будуць нам давяраць. А давер — першы крок да бяспекі, — расказвае Людміла Леанідаўна Шостак, бібліятэкар Браніслаўскай інтэграванай бібліятэкі.

Так склалася ў жыцці Людмілы Леанідаўны, што бібліятэчную справу  асвойвала, ужо прыйшоўшы на работу ў Браніслаўскі дзіцячы сад — базавую школу  ў 2001 годзе. Да гэтага працавала кіраўніком гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў сярэдняй школе № 2 Жыткавіч. Па адукацыі   мастак-афарміцель, закончыла Мсцілаўскае вучылішча. У 2015 годзе паступіла ў Мазырскі педагагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Настаўнік працоўнага навучання і мастацтва”, які заканчвае ў  бягучым годзе. 

Каб авалодаць ведамі ў галіне бібліятэчнай справы, Л.Л.Шостак наведвала пасяджэнні раённага метадычнага аб’яднання, праходзі­ла курсы павышэння кваліфікацыі. Людміла Леанідаўна абслугоўвае  вучняў школы, настаўнікаў, тэхперсанал, жыхароў вёскі Браніслаў. Заўсёды ў яе адрас гучаць словы ўдзя­чнасці за добразычлівасць да наведвальнікаў. Яна ўмее выслухаць кожнага, даць парады ў выбары  літаратуры. Бібліятэкар папаўняе фонды, інфармуе настаўнікаў пра навінкі метадычнай літаратуры, арганізоўвае выставы-прагляды да педагагічных нарад і пасяджэнняў школьных метадычных аб’яднанняў. Прапагандуе творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, краязнаўчыя і экалагічныя веды, здаровы лад жыцця. Праводзіць  агульнашкольныя акцыі, тэматычныя тыдні. Цікава праходзяць у бібліятэцы гутаркі, конкурсы, віктарыны, выставы фотаработ, малюнкаў, вучнёўскіх вырабаў. Бібліятэкар стварыла ўсе ўмовы для творчага самавыяўлення дзіцяці, прывіцця навыкаў самастойнай дзейнасці.  Усё гэта  Людміла Шостак ажыццяўляе на высокім прафесійным узроўні.

Па сумяшчальніцтве  Людміла Леанідаўна  працуе    педагогам дадатковай адукацыі і настаўнікам мастацтва. Дзеці з вялікім задавальненнем і цікавасцю наведваюць гурткі па саломапляценні і рукадзеллі, якімі Л.Л.Шостак кіруе ўжо не адзін год. Такім чынам, бібліятэка ў нас стала цэнтрам духоўнай культуры і творчай самарэалізацыі навучэнцаў.

— З дзіцячых гадоў цягнулася да кнігі і вельмі любіла маля­ваць. Не думала, што гэтае захапленне стане сэнсам майго жыцця. Цяпер гэта так. Школа  і бібліятэка сталі для мяне другім домам. Тут я праводжу значную частку свайго жыцця, тут атрымліваю асалоду ад сваёй творчасці, — дзеліцца сваімі разважаннямі жанчына.

Калі назіраеш, як  Людміла Леа­нідаўна праводзіць заняткі па саломапляценні, міжволі здзіўляешся, што жытнёвае поле можа даваць нам не толькі хлеб, але і салому, з якой атрымліваюцца такія цудоўныя вырабы. Кожныя заняткі — гэта казка, якую  стварае кіраўнік са сваімі выхаванцамі. Жанчына цудоўна валодае майстэрствам рукадзельніцы. Свае работы  выконвае з  галінак і кветак, атласных стужак і дробных пацерак. А перавагу ўсё ж аддае беларускай саломцы. Сама нарыхтоўвае  яе на палетках у канікулярны час  і апрацоўвае, каб з пачаткам заняткаў у школе тварыць цуды. Нездарма гурток па саломапляценні носіць назву “Цуда-саломка”. 

Работы Людмілы Леанідаўны ў якасці падарункаў разышліся па ўсёй Беларусі, іх прэзентуюць нават замежным гасцям. Яе вырабы ёсць  у службовым кабінеце губернатара Гомельскай вобласці. Падарунак, зроблены гурткоўцамі пад кіраўніцтвам Л.Л.Шостак,  уручылі  прэм’ер-міні­стру падчас наведвання ім Турава  ў мінулым годзе.  Уся школа ганарыцца навагодняй ёлачкай, якую з натуральнага шпагату і саломкі зрабілі  вучаніцы Марыя Галячанка і Ганна Дудзіч пад кіраўніцтвам Л.Шостак. Гэтая  работа  на абласным конкурсе заняла прызавое месца.

За шматгадовую працу ў сі­стэме адукацыі і культуры, высокі прафесіяналізм, творчы падыход, добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, дасягнутыя по­спехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення Л.Л.Шостак узнагаро­джана граматамі аддзела адукацыі Жыткавіцкага райвыканкама,  ад­дзела па ідэалагічнай рабоце Жыткавіцкага райвыканкама, Жыткавіцкай раённай сеткі бібліятэк,  Гомельскай абласной бібліятэкі, Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна, падзякай  Жыткавіцкага раённага Савета дэпутатаў.

У 2019 годзе Людміла Леанідаўна адзначана  падзякай Нацыя­нальнага інстытута  адукацыі за шматгадовую працу, забеспячэнне ўстановы адукацыі  вучэбнай літаратурай, высокі прафесіяналізм.

Псіхолагі сцвярджаюць: калі дзіцячая мара стала рэальнасцю, калі прафесія стала адначасова і работай, і захапленнем, калі свае ўменні чалавек перадае дзецям, тады ён  паспяховы, шчаслівы, бо знаходзіцца на сваім месцы.

Валянціна ЦУПІК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Браніслаўскага дзіцячага сада — базавай школы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.
Фота з архіва школы.