Чалавек. Настаўнік. Майстар…

- 10:09Людзі адукацыі

Педагагічны стаж настаўніка працоўнага навучання Навадворскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна Міхаіла Аляксеевіча Ганчарэвіча складае 47 гадоў. Амаль паўстагоддзя Міхаіл Аляксеевіч выкладае ў школе ўрокі тэхнічнай працы, чарчэння і выяўленчага мастацтва. І нам вельмі хацелася б расказаць пра чалавека, педагога, асобу, жыццё і адданая праца якога варты самых удзячных слоў.

У педагогіку малады чалавек прыйшоў не адразу. Спачатку паспрабаваў сябе ў ролі загадчыка сельскага клуба, пасля была служба ў арміі, работа выхавальнікам групы прадоўжанага дня. І было ў хлопца захапленне, якое не давала спакою, але давала магчымасць марыць, бачыць прыгожае, увасабляць яго ў фарбах і тварыць. Пасля заканчэння ў 1970 годзе Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута Міхаіл Аляксеевіч атрымаў не толькі дыплом па спецыяльнасці “Маляванне і чарчэнне”, але і магчымасць займацца выяўленчым мастацтвам на прафесійным узроўні, выкладаць урокі ў школе, праводзіць заняткі гурткоў, на якія дзеці заўсёды беглі з задавальненнем. Яны праходзілі так цікава і займальна, што настаўнік не мог, каб нават і хацеў, іх прапусціць: дзеці заўсёды напаміналі. Вучні малодшых класаў называлі свайго настаўніка Маляваныч, але Міхаіл Аляксеевіч не крыўдзіўся, таму што такое прозвішча было дадзена ад вялікай любові і павагі.

Тое, што таленавіта рабіў сам, перадаваў вучням. А яны пераймалі яго ўменне адлюстроўваць у фарбах навакольны свет, свае пачуцці, думкі, мары. Традыцыйна на творчых конкурсах вучні займалі прызавыя месцы. Асабліва яркім быў 1983 год: М.А.Ганчарэвіч быў узнагароджаны дыпломам I ступені Міністэрства асветы БССР за актыўны ўдзел у XXIX Рэспубліканскай выставе выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці вучняў, дыпломам I ступені Міністэрства асветы БССР за актыўны ўдзел у выставе выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці вучняў у Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспубліцы Югаславія.

Калі завітаеш у гасцінную сям’ю Ганчарэвіч (дарэчы, жонка, Галіна Іосіфаўна, таксама ўсё жыццё аддала школе), можна забыцца, чаго прыйшоў. Здаецца, што ты пераступіў парог не вясковай кватэры, а карціннай галерэі. Сюжэты карцін самыя розныя, але аб’ядноўвае іх адно: вялікая любоў да зямлі, дзе нарадзіўся, працуеш і жывеш, да людзей, якія сталі роднымі і блізкімі, да ўсяго простага і шчырага.

Адданасць свайму прадмету, выключная добрасумленнасць, асобасны падыход да ўсяго, чым займаецца, — гэта тыя адметныя рысы творчага партрэта педагога, якія вызначаюць яго як асобу неабыякавую і таленавітую. Шматлікія творчыя праекты, якія былі рэалізаваны вучнямі Міхаіла Аляксеевіча на ўроках тэхнічнай працы, далі магчымасць ім набыць практычныя навыкі, якія абавязкова спатрэбяцца ў жыцці. Для настаўніка сістэмная работа з высокаматываванымі вучнямі — справа не толькі абавязковая, але і любімая, бо яна дае магчымасць усё жыццё вучыцца самому, пастаянна павышаць свой прафесійны ўзровень. Дзейнасць настаўніка заўсёды была накіравана на актыўнае ўзаемадзеянне з вучнямі з мэтай стварэння творчых праектаў і іх далейшай абароны на раённых і абласных алімпіядах па працоўным навучанні, з якіх рэдка калі вучні Міхаіла Аляксеевіча вярталіся без узнагарод.

За шматгадовую плённую працу Міхаіл Аляксеевіч Ганчарэвіч быў неаднаразова ўзнагароджаны ганаровымі граматамі аддзела адукацыі Свіслацкага райвыканкама, Свіслацкага раённага выканаўчага камітэта, Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР.

Вялікую ўвагу ўдзяляе педагог матэрыяльна-тэхнічнаму і метадычнаму забеспячэнню адукацыйнага працэсу. Вучэбная майстэрня школы з’яўлялася пераможцай абласнога агляду-конкурсу кабінетаў працоўнага навучання. Але з упэўненасцю можна сказаць, што ўся тэрыторыя і будынак школы — гэта творчая майстэрня педагога і яго вучняў. Шматлікія стэнды самай разнастайнай тэматыкі, драўляныя скульптуры ў школьным двары, прадметы інтэр’ера, зробленыя рукамі настаўніка, надаюць школьнай тэрыторыі своеасаблівы характар, свой шарм.

Па дапамогу да Міхаіла Аляксеевіча звяртаюцца не толькі калегі. Падпісаць плакат, вырабіць наглядную агітацыю, аздобіць рэч так, каб яна стала арыгінальным падарункам, — з такімі і іншымі просьбамі прыходзяць да Міхаіла Аляксеевіча работнікі сельсавета, клуба, сельскай гаспадаркі, проста аднавяскоўцы. Усё, за што ён бярэцца, ён робіць адмыслова. Нават калі ў час летніх канікул яго запрасілі змяніць пасаду настаўніка на пасаду памочніка камбайнера, працоўны экіпаж атрымаў не толькі грашовыя выплаты, але і ганаровую грамату.

Ёсць у Міхаіла Аляксеевіча яшчэ адна рыса, якая выдзяляе яго сярод іншых людзей, за што любяць яго дарослыя і дзеці, калегі, сябры, аднавяскоўцы: ён выключна пазітыўны чалавек з тонкім пачуццём гумару. Талент згладзіць смехам канфліктную сітуацыю, уменне ўзгадаць цікавую і павучальную гісторыю, намаляваць сяброўскі шарж на калегу за некалькі секунд — гэта тое, што дае магчымасць Міхаілу Аляксеевічу стаць душой любой кампаніі.

Чалавек. Настаўнік. Майстар… Калі чую размовы маладых калег пра тое, што цяжка працаваць у школе, што чалавек на пенсіі губляе азарт і натхнёнасць, становіцца абыякавым да работы, заўсёды гавару: вучыцеся ў Міхаіла Аляксеевіча! Па-добраму зайздросцьце яго аптымізму, таленту, працаздольнасці, добрасумленнасці. І ведайце, што такія неабходныя ў наш час чалавечыя якасці не маюць тэрміну прыдатнасці.

Ларыса ПАРХІМОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Навадворскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна.