Чалавек, у якога ўсё атрымалася

- 11:38Вышэйшая школа

Амаль трыццаць гадоў доктар гістарычных навук прафесар Рыгор Рыгоравіч Лазько выкладае студэнтам гісторыю на беларускай мове. Любоў да роднага слова перадалася ад бацькоў. Яно нагадвае дзяцінства, вучобу ў невялічкай школе вёскі Вулька Першая Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Яно гучала песенным матывам з вуснаў захавальніц мясцовага фальклору. На ім, адметным і мілагучным, складаў Рыгор Лазько свае першыя юнацкія вершы.

— Калі б не гістарычная навука, стаў бы літаратарам, — прызнаецца Рыгор Рыгоравіч. — У школе вабілі гуманітарныя дысцыпліны, шмат чытаў, выдатна пісаў сачыненні і нават удзельнічаў у літаратурных конкурсах.

Аднак цягу да мастацкага слова не ўхваляў бацька:

— З чытання хлеба есці не будзеш, лепш займіся карыснай справай — гаспадаркай, — казаў ён.

Свае погляды бацька змяніў пасля таго, як юнак атрымаў першы ганарар.

— 16 рублёў за публікацыю ў часопісе — вялікія на той час грошы для дзевяцікласніка, — расказвае Рыгор Рыгоравіч. — Уявіце, настаўнік зарабляў 70 рублёў за месяц.

Прафесар успамінае, як пасля заканчэння школы спрабаваў сябе ў прафесіі, якая, на думку бацькоў, была больш карысная, чым літаратурная творчасць.

— Адвучыўся на таваразнаўца кніжнага гандлю, — паведаміў Рыгор Рыгоравіч. — Два гады працаваў па атрыманай спецыяльнасці, заробак быў — многім на зайздрасць, аднак душа не ляжала да гандлёвай справы, адчуваў — не маё гэта!

Так па закліку сэрца дваццацігадовы хлопец стаў студэнтам гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучыўся паспяхова, навукі даваліся лёгка, мабыць таму, што прафесія гісторыка цалкам адпавядала ўнутранаму светаадчуванню.

— Успамінаю, якімі яркімі і насычанымі былі студэнцкія гады! — гаворыць прафесар. — Цікавыя лекцыі вядомых выкладчыкаў, праца ў будаўнічых атрадах, маладзёжныя вечарыны, адпачынак у кампаніі сяброў і, як традыцыя, спартыўныя спаборніцтвы паміж студэнтамі з суседніх інтэрнатаў.

Дарэчы, падчас аднаго з такіх спаборніцтваў — гульні ў бадмінтон — Рыгор Рыгоравіч сустрэў сваё першае каханне. Людміла заканчвала Інстытут народнай гаспадаркі і збіралася вярнуцца на радзіму ў Брэст. Напярэдадні размеркавання хлопец марыў толькі пра адно: уладкавацца на працу на Брэстчыне, каб быць бліжэй да каханай. Аднак лёс склаўся інакш: на яго імя прыйшла заяўка з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Сёння прафесар не сумняваецца: то быў шчаслівы паварот лёсу. Рабоце ва ўніверсітэце ён аддаў 45 гадоў, у Гомелі знайшоў сваё жыццёвае прызванне, стварыў моцную сям’ю, тут нарадзіліся дзве дачкі і дзве ўнучкі. А першае каханне стала адзіным на ўсё жыццё.

— Сваю Людмілу я забраў з Брэста ў Гомель, — распавядае Рыгор Рыгоравіч. — Спачатку жылі на здымнай кватэры, пасля атрымалі маленькі пакойчык ва ўніверсітэцкім доме. Недахоп месца, простая мэбля — але ж ці гэта галоўнае для маладой шчаслівай сям’і?

Шчасце, на думку вучонага, — гэта любімыя людзі побач. І хоць адна з дачок зараз жыве ў Германіі, сувязь з ёй і ўнучкай не прыпыняецца. З вялікім клопатам і радасцю Рыгор Рыгоравіч прымае ў доме ўсю сваю вялікую сям’ю — кветнік, як ён яе называе. Асаблівае задавальненне — сустрэчы на лецішчы. Дом прафесар будаваў сам, пышны духмяны сад навокал — таксама справа яго рук.

— Цікавасць да вырошчвання пладовых дрэў перадалася мне ад бацькі, — лічыць Рыгор Рыгоравіч. — Якіх толькі гатункаў яблынь і груш няма ў нашым садзе! Вясной яны квітнеюць і поўняць наваколле дзіўным водарам. А восенню дораць нам шчодры ўраджай. Якая асалода адпачыць у цені дрэў гарачым летам! Лецішча — гэта сапраўды райскі куток для жыхароў вялікага горада.

Важным складнікам чалавечага шчасця прафесар лічыць верных сяброў, калег па рабоце, якія заўсёды дапамогуць і падтрымаюць.

— Мне пашанцавала працаваць сярод прыстойных і добразычлівых людзей, — прызнаецца вучоны. — Вялікае шчасце штодня прыходзіць у калектыў, дзе табе шчыра рады.

Сапраўдным падарункам да 70-годдзя Рыгора Рыгоравіча стала правядзенне на гістарычным факультэце ГДУ міжнароднай канферэнцыі. Яе знарок прымеркавалі да асабістага юбілею вучонага і не пралічыліся — прафесара сардэчна віншавалі сябры і калегі з розных гарадоў і краін.

— Ёсць такія імгненні, калі адчуваеш сябе чалавекам, у якога ўсё атрымалася, — гаворыць Рыгор Рыгоравіч. — Для мяне гэта не толькі святы і будні ў акружэнні сям’і ці сяброў, але і мая работа. Навуковым даследаванням, падрыхтоўцы вучняў прысвечана ўсё маё жыццё. І сёння я не ўяўляю сябе без любімай справы.

Як сапраўдны педагог Рыгор Лазько ганарыцца сваімі вучнямі, дапамагае ім і дае карысныя парады. Рамантык у душы, ён марыць пра цікавыя падарожжы і чакае новых жыццёвых сустрэч. Для сваіх сяброў Рыгор Рыгоравіч з задавальненнем спявае народныя песні і, як у маладосці, піша прыгожыя глыбокія вершы — пра шчасце, каханне і сэнс чалавечага жыцця.

Святлана ХАЗЕЙ.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.