Чалавек усюды павінен быць аднолькава абаронены дзяржавай і мець дастойныя ўмовы жыцця

- 10:37Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Пры ўмове ўстойлівага росту эканомікі, эфектыўнай занятасці і паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі не будзе неабходнасці ў далейшым павышэнні пенсіённага ўзросту. Такое меркаванне выказала міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна на пасяджэнні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў.

“Пенсіённая сістэма тычыцца непасрэдна лёсаў людзей, таму рашэнні па яе рэфармаванні прымаюцца ўзважаныя і ўсебакова прадуманыя, — сказала яна. — Стратэгія павышэння пенсіённага ўзросту ўжо была распрацавана раней. Пагадзіцеся, мы заўсёды павінны быць гатовы да прыняцця рашэнняў зыходзячы з развіцця эканамічнай сітуацыі”.

Яна растлумачыла, што бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, са сродкаў якога выплачваюцца пенсіі і дапамогі, фарміруецца за кошт адлічэнняў наймальнікаў і грамадзян. У сувязі з гэтым вельмі важны рост колькасці занятых у эканоміцы, павышэнне заработнай платы працуючых, легалізацыя працоўных даходаў — ад гэтага залежаць магчымасці фонду па пенсіённых выплатах.

Пры ўмове ўстойлівага росту эканомікі, эфектыўнай занятасці, паляпшэння дэмаграфічных працэсаў, павелічэння колькасці працуючых не будзе неабходнасці ў далейшым павышэнні пенсіённага ўзросту, рэзюмавала міністр.

На пасяджэнні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Марыяна Шчоткіна была выбрана членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

“Выбранне ад Мінска накладае дадатковыя абавязацельствы, — сказала яна. — Сталіца — гэта сэрца краіны: калі яно працуе добра, то і краіна жыве спакойна”. Разам з тым, падкрэсліла яна, любыя рашэнні неабходна прымаць з улікам інтарэсаў усіх рэгіёнаў рэспублікі. Незалежна ад таго, дзе жыве чалавек, ён павінен быць аднолькава абаронены дзяржавай і мець дастойныя ўмовы жыццядзейнасці.

“Заканадаўства адыгрывае вялікую ролю ў функцыянаванні дзяржавы і жыцці кожнага грамадзяніна рэспублікі. Працуючы шмат гадоў у сацыяльна-працоўнай сферы, я не па чутках ведаю тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі, юрыдычныя асобы. Часта пытанні, якія іх хвалююць, можна вырашыць толькі праз карэкціроўку заканадаўства, — адзначыла Марыяна Шчоткіна. — Мяняецца наша жыццё — патрэбны змяненні заканадаўчай базы. Гэта нармальна. Задача парламента — стварыць дынамічную адкрытую нарматыўную прававую базу, якая будзе садзейнічаць рэалізацыі дзяржаўных прыярытэтаў і створыць умовы для росту эканомікі, разняволення дзелавой ініцыятывы, павышэння дабрабыту людзей, узмацнення сацыяльнай абароненасці тых катэгорый насельніцтва, якія маюць у гэтым патрэбу”.

На яе думку, заканадаўцы павінны быць сапраўднымі прафесіяналамі, якія ўсведамляюць у поўнай меры адказнасць за вынікі прынятых імі рашэнняў для эканомікі і грамадства, для кожнага чалавека. Законы павінны ствараць дастойныя ўмовы для эфектыўнай работы і паўнацэннага адпачынку людзей, рэзюмавала Марыяна Шчоткіна.