Чалавек, які гуляе, ці Чаму падтрымалі праект гамяльчан

- 10:29Навіны рэгіёнаў

Гульнятэку Homo Ludens для маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі прэзентаваў клуб ЮНЕСКА “Дружба” Гомельскага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Стварэнне падобнай гульнятэкі стала магчымым дзякуючы паспяховаму ўдзелу клуба ў чарговым конкурсе сацыяльных праектаў для Беларусі Social Weekend.

Падтрымка сацыяльных ініцыятыў і творчага патэнцыялу грамадзян — так вызначаецца галоўная мэта правядзення конкурсу. Гэта перш за ўсё праекты, якія прапаноўваюць вырашэнне сацыяльна значных праблем, а таксама ініцыятывы ў галіне адукацыі, дабрачыннасці, валанцёрства. Стартаваўшы ў 2013 годзе, конкурс падтрымаў больш за 60 праектаў на агульную суму звыш 500 мільёнаў рублёў. Пераможцы конкурсу атрымліваюць рэальную дапамогу для ажыццяўлення сваіх ідэй.
На апошні конкурс было прадстаўлена амаль 250 праектаў, у іх ліку і гомельскі праект “Homo Ludens — Чалавек, які гуляе”, сумесна распрацаваны старшынёй клуба ЮНЕСКА “Дружба” Аленай Яўсеенка і культарганізатарам Кацярынай Анпілогавай. Тое, што ініцыятыва гамяльчан аказалася ў пераможцах, не здзіўляе, паколькі праект мае гуманістычную накіраванасць. Да таго ж нашы дзяўчаты аказаліся ў гэтым сэнсе піянерамі — падобных гульнятэк у Беларусі пакуль няма.Мэтавая група праекта — маладыя інваліды дзяцінства з ДЦП I—III груп — члены Гомельскага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Асацыяцыя сем’яў дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з дзіцячым цэрэбральным паралічам і спіннамазгавымі паталогіямі” ва ўзросце ад 14 да 31 года. Сёння аб’яднанне налічвае амаль 200 чалавек. Менавіта яны вылучылі ідэю стварыць на базе клуба гульнятэку настольных гульняў.
“Сустрэчы з сябрамі гэтай асацыяцыі пераканалі нас у тым, што яны маюць патрэбу ў маральнай падтрымцы і зносінах, — расказваюць аўтары праекта. — Гульнятэка Homo Ludens — эфектыўны шлях да адукацыі, развіцця і проста добрага настрою! Тут падлеткі і маладыя людзі змогуць задавальняць свае патрэбы ў зносінах, знаходзіць новых сяброў сярод членаў клуба і валанцёраў”.
У тым, што такая гульнятэка запатрабаваная, распрацоўшчыкаў пераканалі і вынікі апытання, якое яны правялі сярод маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У ім прынялі ўдзел 34 чалавекі, і амаль усе яны назвалі толькі чатыры настольныя гульні: шашкі, настольны тэніс, даміно, шахматы, толькі некаторыя ўспомнілі пра “Манаполію”, а пра многія гульні, якія ім былі названы, наогул ніколі не чулі. Зразумела, кожны з рэспандэнтаў выказаў жаданне наведваць падобную гульнятэку, бо набыць такія гульні самастойна ў іх няма магчымасці з-за высокага кошту.
На пытанне, чаму было вырашана пакласці ў аснову праекта менавіта настольныя гульні, дзяўчаты адказваюць: “Мы зыходзілі з таго, што ў іх у адрозненне ад рухавых могуць гуляць усе. У гульнятэцы прадстаўлены простыя і складаныя гульні, і кожны можа спрабаваць сябе ў іх”.
Калі распрацоўка праекта завяршылася і была пададзена заяўка на ўдзел у конкурсе Social Weekend, наперадзе чакалі тры этапы конкурсу. У працэсе народнага галасавання, якое адбывалася на сайце http://startidea.by, праект клуба ЮНЕСКА “Дружба” атрымаў 191 голас і больш за 1300 праглядаў. У паўфінал з амаль дзвюх з паловай соцен праектаў выйшлі ўсяго 27, а ў фінал — 16. Гамяльчане — у іх ліку. Па рашэнні журы праект “Homo Ludens — Чалавек, які гуляе” атрымаў дыплом “За прапанову сацыяльна значных ідэй і імкненне зрабіць свет лепшым”. Суддзі адзначылі гуманістычную накіраванасць праекта, актуальнасць і творчы падыход да вырашэння праблем інклюзіі і сацыялізацыі маладых інвалідаў. На рэалізацыю ідэі было выдзелена 15 мільёнаў рублёў. Спонсарам праекта выступіла Студыя Баравога — лідар беларускага рынку вэб-распрацовак. За гэтыя сродкі клуб набыў 49 настольных гульняў: “Скорасныя каўпачкі”, “Мафія”, “Калідор”, “Уно” і іншыя.
“Мяркуючы па колькасці праглядаў і галасоў, аддадзеных за наш праект, ён зацікавіў многіх людзей, — дзеліцца думкамі куратар клуба ЮНЕСКА “Дружба” Людміла Кулік. — Яны не толькі прагаласавалі, але і размясцілі свае каментарыі, якія сталі для нас пацвярджэннем таго, што мы ідзём у правільным кірунку”.
“Упэўнены, што гэты праект знойдзе сваю аўдыторыю сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі, дапаможа ім пераадолець бар’еры ў іх нялёгкім лёсе, знайсці сяброў па інтарэсах, даведацца шмат новага і проста пазнаёміцца з новымі людзьмі. Спадзяёмся, што ў каманды праекта клуба ЮНЕСКА “Дружба” ўсё атрымаецца і праект будзе рэалізаваны”, — напісала Ларыса Гатоўчык, намеснік старшыні Асацыяцыі сем’яў дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з дзіцячым цэрэбральным паралічам і спіннамазгавымі паталогіямі.
Не засталіся абыякавымі да ідэі гамяльчан і па-за межамі краіны. “Сябры, вы закранулі вельмі актуальную праблему. Малайцы! Узровень інтэграцыі людзей з асаблівымі магчымасцямі здароўя — гэта паказчык узроўню духоўнасці,” — пакінула каментарый намеснік дырэктара Бранскага палаца дзіцячай і юнацкай творчасці імя Ю.А.Гагарына Антаніна Куляшова.
І вось адбылася прэзентацыя настольных гульняў. На ёй прысутнічалі студэнты-першакурснікі факультэта замежных моў Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны, валанцёры ЮНЕСКА і члены гомельскага дабрачыннага грамадскага аб’яднання, для якіх непасрэдна і стваралася гульнятэка. Назіраючы за спрытнасцю рук, усмешкамі і размовамі за гульнявымі сталамі, з удзячнасцю думаеш пра аўтараў Homo Ludens — за іх неабыякавасць, адказнасць і лепшыя чалавечыя якасці.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.