Чалавеку неабходна падтрымка

Як захаваць псіхалагічны дабрабыт у крызіснай сітуацыі

Вынікі даследаванняў сведчаць пра негатыўны ўплыў крызісных сітуацый на дзіцячую псіхіку, вынікам чаго можа стаць сацыяльна-псіхалагічная дэзадаптацыя і сыход у іншыя віды замяшчальнай дзейнасці, у тым ліку асацыяльныя. Аднак калі хлопчык ці дзяўчынка прадукцыйна перажываюць крызісную падзею, яны становяцца псіхалагічна ўстойлівымі, вырастаюць і адчуваюць уласную годнасць. Пра гэта і многае іншае пайшла размова з дацэнтам кафедры сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны кандыдатам псіхалагічных навук Наталляй НОВАК. Тэма яе кандыдацкай дысертацыі — “Узаемасувязь вопыту перажывання крызіснай падзеі і псіхалагічнага дабрабыту асобы”.

— Наталля Генадзьеўна, раскажыце, калі ласка, чаму менавіта такую тэму вы абралі для сваёй дысертацыі?

— Яшчэ ў студэнцкія гады я стала разважаць, чаму ў аднолькавых умовах ці ў амаль аднолькава складаных абставінах розныя людзі паводзяць сабе па-рознаму. Што дапамагае адным і перашкаджае іншым дасягаць поспехаў? Як дзеці спраўляюцца са стрэсам? Якім чынам перажытыя ў дзяцінстве складаныя сітуацыі ўплываюць на далейшы лёс хлопцаў і дзяўчат? Пытанняў з’яўлялася ўсё больш, яны патрабавалі адказаў. На працягу пяці гадоў работы над дысертацыяй ніяк не магла дакладна вызначыць яе тэму. Фармулёўка з’явілася ўжо непасрэдна перад абаронай.

— Якім чынам, на ваш погляд, звязаны перажытая крызісная падзея і псіхалагічны дабрабыт асобы?

— Калі коратка, то пад перажываннем мы разумеем складаны працэс пераадолення і асэнсавання чалавекам крызіснай падзеі, у выніку чаго ён набывае пэўны вопыт. Сутнасць гэтага вопыту істотна ўплывае на якасць жыцця асобы. Паказчыкам прадукцыйнасці перажывання крызіснай падзеі выступае ўзровень дасягненняў асобы, ступень паспяховасці яе самаразвіцця і самарэалізацыі. Вядома, што ўзровень псіхалагічнага дабрабыту чалавека складаецца з наступных кампанентаў: імкненне да асобаснага росту, прыняцце сябе, сацыяльная кампетэнтнасць, пачуццё незалежнасці, наяўнасць мэты ў жыцці, уменне наладжваць пазітыўныя адносіны з іншымі людзьмі. Іншымі словамі, калі чалавек прадукцыйна перажыў крызісную падзею, ён будзе адчуваць сябе псіхалагічна годным.

— Якія крызісныя сітуацыі найбольш уплываюць на далейшае фарміраванне асобы дзіцяці?

— Важна разумець, што на асобу найбольш ўплываюць тыя сітуацыі, якім сам чалавек надае асаблівае значэнне, асаблівы сэнс. Стаўленне — вось ключавы кампанент працэсу і выніку перажывання крызіснай падзеі. Так, абсалютна рознымі будуць наступствы разводу ў выпадках, калі дзіця цяжка перажывае разлад бацькоў ці калі яно рада (напрыклад, па прычыне алкагалізму бацькі), што яны разышліся, і ў доме спыніліся скандалы, сваркі і бойкі. У апошнім выпадку пражыванне з п’яніцам успрымаецца дзіцем больш хваравіта, чым непасрэдна развод, а сыход бацькі з дому дазволіць стварыць псіхалагічна больш здаровую атмасферу ў сям’і і станоўча паўплывае на псіхаэмацыянальны стан дзіцяці.

— Сярод найбольш стрэсавых для дзяцей сітуацый спецыялісты называюць гвалт, смерць аднаго з бацькоў, развод. Якія адхіленні ад нормы фарміруюцца ў кожным выпадку?  

— Сёння існуе шмат навуковых даследаванняў, у якіх апісана негатыўнае ўздзеянне розных крызісных падзей на эмацыянальнае і асобаснае развіццё дзіцяці. Гэта нізкая самаацэнка, павышаная трывожнасць, няўпэўненасць у сабе ці, наадварот, павышаная агрэсіўнасць і варожасць у дачыненні да людзей, канфлікт-насць, зніжэнне пазнавальнай актыўнасці, вучэбнай матывацыі і г.д.

Стаўленне — вось ключавы кампанент працэсу і выніку перажывання крызіснай падзеі. Так, абсалютна рознымі будуць наступствы разводу ў выпадках, калі дзіця цяжка перажывае разлад бацькоў і калі яно рада (напрыклад, па прычыне алкагалізму бацькі), што яны разышліся.

У сваёй дысертацыі я разглядала праблему з іншага боку. Для мяне было важна высветліць, якія фактары або ўмовы дапамагаюць вучню захаваць адчуванне псіхалагічнага дабрабыту ў крызіснай сітуацыі. Прычым у ходзе даследавання было выяўлена, што істотнае значэнне ў гэтым плане мае не столькі тып падзеі, а менавіта стаўленне маленькага чалавека да сітуацыі. Важную ролю адыгрывае арсенал стратэгій саўладання з падобнымі сітуацыямі, які ёсць у дзіцяці. Зразумела, што чым меншае дзіця, тым бяднейшы яго вопыт асэнсавання паводзін, аднак і стаўленне яго менш дыферэнцыраванае. Гэта значыць сама сітуацыя ацэньваецца не так катастрафічна. У сваю чаргу падлеткі і юнакі маюць пэўны вопыт саўладання з крызіснымі падзеямі, але іх адносіны да таго, што здарылася, будуць больш складанымі і неадназначнымі, а наступствы — самымі непрадказальнымі. Яшчэ больш, як паказалі вынікі дысертацыйнага даследавання, пры пэўных умовах перажыванне крызіснай падзеі можа спрыяць асобаснаму росту. У псіхалогіі для абазначэння гэтага эфекту выкарыстоўваецца паняцце “посттраўматычны рост”.

— Пры якіх абставінах узнікае эфект посттраўматычнага росту?

— Важнае значэнне маюць такія фактары, як стаўленне да сябе і свайго жыцця, стаўленне да таго, што здарылася, локус віны ў тым, што здарылася (хто вінаваты?). Станоўчы ўплыў на псіхалагічны дабрабыт дзіцяці аказвае наяўнасць братоў ці сясцёр, замяшчальных бацькоў у выпадку сыходу або смерці біялагічных. У прыватнасці, наяўнасць брата ці сястры вельмі ўплывае на фарміраванне самапрыняцця юнакоў і дзяўчат.

Схільнасць да фізічнага ці псіхалагічнага насілля ў сям’і негатыўна адбіваецца на фарміраванні пачуцця аўтаноміі, незалежнасці падлеткаў і не спрыяе набыццю навыкаў пазітыўнага ўзаемадзеяння з акружэннем. Дзяўчаты, якія выхоўваюцца ў канфліктных сем’ях, маюць больш нізкія паказчыкі самапрыняцця і ўпэўненасці ў сабе. Вельмі цяжка захаваць псіхалагічны дабрабыт дзецям, чые бацькі злоўжываюць алкаголем. Пражыванне з такім бацькам, асабліва гэта тычыцца дзяўчынак, негатыўна адбіваецца на ўзроўні сацыяльнай кампетэнтнасці, здольнасці кіраваць сваім жыццём, перашкаджае выпрацоўцы ў дзіцяці навыкаў самарэгуляцыі, прыводзіць да фарміравання сузалежных адносін, страты самаідэнтычнасці. Для дзяцей, якія страцілі аднаго з бацькоў, важным фактарам становіцца прычына яго смерці: цяжэй за ўсё перажываюцца сітуацыі з анкалагічнымі хворымі, калі блізкі чалавек згасае на вачах і ніхто не можа дапамагчы.

— Наталля Генадзьеўна, якія фактары посттраўматычнага росту вы вылучылі падчас работы над дысертацыяй?

— Найбольш спрыяльным адносна псіхалагічнага дабрабыту з’яўляецца варыянт, калі чалавек вырашае праблему сам, але пры гэтым можа звярнуцца па дапамогу. Калі ён упэўнены, што яго падтрымаюць. Самы непрадукцыйны варыянт, калі чалавек лічыць, што пры сутыкненні з жыццёвымі цяжкасцямі трэба “плыць па цячэнні”, а складанасці пройдуць самі. Упэўненасць у тым, што трэба разлічваць толькі на ўласныя сілы, нельга ацэньваць адназначна, бо ў большасці выпадкаў яна сфарміравана па прычыне недаверу да людзей або звязана з няўменнем карыстацца падтрымкай з боку навакольных.

— Добра, калі ў школьных педагогаў ёсць інфармацыя пра сітуацыю ў сям’і. Аднак нешта дрэннае можа здарыцца і нечакана. Што ў такім выпадку павінна стаць сігналам: з хлопцам ці дзяўчынкай адбываецца кепскае?

— Цяжка вылучыць агульныя прыметы для складаных сітуацый, бо ў кожнага дзіцяці свая рэакцыя на стрэс. Але, як правіла, такімі сігналамі з’яўляюцца кардынальныя змены ў паводзінах, беспадстаўная змена настрою, замкнёнасць ці, наадварот, празмерная мітуслівасць, узбуджанасць вучня, дэманстрацыя пратэсту, сістэматычнае невыкананне дамашняга задання, нежаданне ісці дадому пасля ўрокаў і г.д. Я заклікаю педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, класных кіраўнікоў быць больш уважлівымі і чулымі да праблем дзяцей. Нягледзячы на тое, што старшакласнікі знешне выглядаюць дарослымі, у душы яны яшчэ застаюцца маленькімі і часам не могуць справіцца з сітацыяй самастойна.

Найбольш спрыяльным адносна псіхалагічнага дабрабыту з’яўляецца варыянт, калі чалавек вырашае праблему сам, але пры гэтым можа звярнуцца па дапамогу, і калі ён упэўнены, што яго падтрымаюць.

— Як падысці да дзіцяці, распытаць яго і разам з тым не траўміраваць псіхіку яшчэ больш?

— Калі педагог заўважыў, што камусьці з яго падапечных неабходна падтрымка, ён, безумоўна, павінен адрэагаваць. І сапраўды, вельмі важна ведаць, як гэта зрабіць, каб не нашкодзіць. Ні ў якім выпадку ваша размова не павінна праходзіць у прысутнасці іншых вучняў або настаўнікаў, яна павінна адбывацца сам-насам. Не варта навязваць чалавеку сваю дапамогу, а тым больш аказваць ціск, калі ён не гатовы раскрыцца. Галоўнае, што павінен зрабіць педагог, — гэта данесці да дзіцяці, што пры неабходнасці яму ёсць з кім пагаварыць і яно атрымае неабходную дапамогу. Калі вы сумняваецеся ці не ведаеце, як правільна зрабіць, вельмі дарэчным будзе звярнуцца па дапамогу да школьнага псіхолага. Таксама не варта забываць пра бацькоў, бо, калі дзіцяці патрэбна дапамога, дарослыя павінны дзейнічаць зладжана. Комплексная дапамога заўсёды будзе больш эфектыўнай.

— І самае важнае пытанне: як дапамагчы? Што рэальна могуць прапанаваць маленькаму чалавеку неабыякавыя да яго бяды людзі?

— Не трэба быць вузкім спецыялістам, каб падтрымаць дзіця ў складанай сітуацыі, а часам і выратаваць яму жыццё. Дастаткова быць чулым і паважліва ставіцца да яго праблем. Каб звярнуцца па дапамогу, дзіця павінна давяраць педагогу, верыць, што яго зразумеюць, не адштурхнуць, не будуць кпіць з яго і крытыкаваць, не абясцэняць яго перажыванні. Галоўнае — растлумачыць дзіцяці, што няма невырашальных праблем, а ўсе непрыемнасці можна пераадолець. Хлопчыкі і дзяўчынкі павінны адчуваць, быць перакананымі ў тым, што, калі цяжка справіцца з праблемамі ў адзіночку, заўсёды можна звярнуцца да дарослага. Сапраўдны педагог можа стаць вучню сябрам, бо гэта яго жыццёвае прызначэнне.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.