У Оршы Мікрараён-1, што знаходзіцца на маляўнічым беразе Дняпра побач з лясным масівам, людзі больш ведаюць як Сямёнаўскі гарадок — жывое адлюстраванне ўдзячнай народнай памяці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У 60-я гады мінулага стагоддзя ініцыятарам узвядзення моста праз Днепр, а побач комплексу жылых забудоў і шэрага сацыяльных аб’ектаў стаў генеральны дырэктар Аршанскага льнокамбіната Георгій Сямёнаў. Імя гэтага чалавека-легенды сёння носяць не толькі Аршанскі дзяржаўны каледж тэкстыльшчыкаў (раней СПТВ-45), які рыхтуе кадры для самага буйнога на прасторах СНД і Еўропы прадпрыемства па вытворчасці льняных тканін, і галоўная вуліца мікрараёна. Першымі яго навасёламі, дарэчы, былі працаўнікі льнокамбіната. У 1979 годзе з арыентацыяй на патрэбы мясцовых жыхароў у Сямёнаўскім гарадку пабудавалі і адкрылі сярэднюю школу № 19, і цяпер гэта гімназія № 1, якой таксама прысвоена імя Г.В.Сямёнава.
— Жыццё нашай установы адукацыі непарыўна звязана з Аршанскім ільнокамбінатам, — акцэнтавала ўвагу намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Людміла Косінец. — Тут працуюць бацькі педагогаў і навучэнцаў. Сюды прыходзяць на работу многія выпускнікі: хтосьці пасля каледжа, хтосьці набывае профільную ўніверсітэцкую адукацыю і потым вяртаецца ў Оршу. Яднае гэтую дружную каманду неабыякавасць да развіцця гімназіі. Яны нашы верныя сябры і актыўныя памочнікі, у тым ліку ў справах прафарыентацыі і грамадзянска-патрыятычнага выхавання.
Навучэнцы гімназіі разам з педагогамі часта бываюць на прадпрыемстве, знаёмяцца з яго гісторыяй, напрамкамі і ўмовамі работы, вытворчымі працэсамі, запатрабаванымі спецыяльнасцямі. Сярод выпускнікоў нават назіраецца сямейная прафесійная пераемнасць. Так, па бацькавай сцежцы пайшлі сыны Сяргея Сідзіна. Павел вучыцца ва ўніверсітэце па мэтавым накіраванні ад ільнокамбіната, Мікіта там ужо працуе. Падобныя прыклады не адзінкавыя. Але, безумоўна, самым яркім жыццёвым арыенцірам для ўсіх з’яўляецца велічная постаць Георгія Васільевіча Сямёнава. Прысвечаная яму і Аршанскаму льнокамбінату экспазіцыя займае пачэснае месца ў музеі працоўнай славы, што дзейнічае ва ўстанове адукацыі. Музею амаль тры дзясяткі гадоў. Калі адкрывалі яго ў лютым 1986-га, падзею асвятлялі дзве газеты: раённая і “Настаўніцкая.” Тыя артыкулы цяпер у ліку каштоўных экспанатаў.
— Георгій Сямёнаў — сын ткачоў з Уладзімірскай губерні, — расказаў кіраўнік музея Аляксей Кузьменка. — У няпоўныя 12 гадоў ён прыйшоў рабочым на ткацкую фабрыку, якую праз пэўны час узначаліў і неўзабаве вырас да намесніка кіраўніка льнотрэста. Важнай вяхой у яго лёсе стаў май 1941 года. Пасля вучобы ва Усесаюзнай прамысловай акадэміі Георгія Васільевіча прызначылі дырэктарам Аршанскага льнокамбіната, які тады ўжо набываў абрысы будучага гіганта айчыннай прамысловасці. Яе будучаму заслужанаму работніку якраз напярэдадні, у красавіку, споўнілася 39 гадоў.
Наперадзе чакаў працоўны, поўны радасных надзей пачатак лета, але наступіла чорная дата — 22 чэрвеня. Каб каштоўныя рэсурсы не дасталіся ворагу, рабочыя на чале з дырэктарам уласнаручна вымушаны былі разбураць тое, што яшчэ ўчора рупліва будавалі. Баявыя дзеянні, акупацыя пакінулі свае знішчальныя сляды, і ў выніку на месцы фабрык засталіся рэшткі сцен з кучамі смецця. Калі працаўнікі камбіната вярнуліся сюды ў 1944-м, ім зноў давялося ўзнімаць зруйнаванае літаральна з першага цвіка і першай цагліны. Потым з горкай самаіроніяй кіраўнік прызнаваўся: “Цэлых тры гады я быў дырэктарам неіснуючага камбіната”. Аднак у наступнай занатаванай фразе з кожным словам усё мацней гучыць гордасць: “Так і пачынаўся наш гарадок тэкстыльшчыкаў”.
Насамрэч так пачыналася слава беларускага лёну. Усё далейшае жыццё Георгій Васільевіч прысвяціў любімаму прадпрыемству і яго калектыву. Праўда, здарыўся невялікі перапынак на пераезд у Мінск. Даволі нетыповая і вельмі яскравая гісторыя! Лепш за ўсё перадаць яе словамі нашага героя: “Вырашылі павысіць мяне, намеснікам міністра зрабілі. Праз некалькі месяцаў уцёк адтуль у Оршу, бо пераканаўся, што не магу без іх. Не магу — і ўсё тут!”
Важкі працоўны ўклад Г.В.Сямёнава ў развіццё народнай гаспадаркі адзначаны двума ордэнамі Леніна і ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі. Георгій Сямёнаў — Герой Сацыялістычнай працы, ганаровы грамадзянін Оршы. У гонар славутага земляка названа вуліца пасёлка Сцёпанцава Уладзімірскай вобласці, яму прысвечаны раздзел у музеі мясцовай школы. Па рашэнні Аршанскага райвыканкама мост праз Днепр па вуліцы Юрыя Бабкова ў 2010 годзе атрымаў назву “Мост імя Сямёнава Георгія Васільевіча”.
— З 1983 года імя героя з гордасцю носіць наша піянерская дружына, якая на працягу многіх гадоў займае лідарскія пазіцыі ў раёне, — далучылася да размовы педагог-арганізатар Галіна Арловіч. — Традыцыйна ў красавіку мы праводзім тэматычны тыдзень, прысвечаны Г.В.Сямёнаву. У падзейную праграму абавязкова ўваходзіць урачысты піянерскі збор “Імем яго дастойны называцца”, дзе навучэнцы рапартуюць аб сваіх справах, лепшыя з лепшых атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды. Нашы піянеры — малайцы! Летась яны сталі пераможцамі рэспубліканскай патрыятычнай квест-гульні “Па слядах Перамогі”. Яшчэ мы ўвайшлі ў тройку прызёраў рэспубліканскага этапу ваенна-патрыятычнай гульні “Зарнічка”. Даследча-пошукавы піянерскі атрад “Памяць” заняў 1-е месца ў Віцебскай вобласці па выніках рэалізацыі нацыянальнага пошукавага праекта “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”. І сёлетнія дасягненні таксама радуюць. Будзе пра што расказаць наступнай вясной.
Добрая традыцыя — свята мікрараёна ў маі. Зноў жа прысвечанае Георгію Сямёнаву. Усёй гімназіяй распрацоўваецца сцэнарый, расклейваюцца аб’явы, паралельна людзі інфармуюцца праз інтэрнэт — і суботнім вечарам ладзіцца цікавы канцэрт, праводзяцца конкурсы, спаборніцтвы для ўсіх узростаў, напрыклад, таварыскі матч паміж камандамі гімназістаў і выпускнікоў. А знаёмыя, родныя дружна падтрымліваюць. Маладыя маці з каляскамі падыходзяць, бацькі разам з навучэнцамі ўключаюцца ў конкурсы, бабулі і дзядулі абменьваюцца навінамі і сочаць за ўнукамі — атмасфера пануе сямейная.
На свяце мікрараёна перад землякамі выступаюць запрошаныя госці, вядомыя людзі горада і раёна. Музей расчыняе свае дзверы, і юныя экскурсаводы праводзяць экскурсіі. У двары гімназіі, як правіла, арганізоўваецца прагляд кароткаметражных фільмаў пра Оршу. Сабрана багатая калекцыя відэаматэрыялаў, у першую чаргу дзякуючы сяброўству з краязнаўцам Эдуардам Навагонскім. Аднак часцей за ўсё гледачы просяць паказаць кінастужку “Сямёнаўскі гарадок” з Георгіем Васільевічам у галоўнай ролі. Бабіна савецкіх часоў з гэтым фільмам — рэдкі музейны экспанат. У гімназіі запіс алічбавалі і плённа выкарыстоўваюць. Дарэчы, пра ўнікальныя экспанаты: напэўна, самы каштоўны ў “сямёнаўскай” экспазіцыі — бестэрміновы імянны пропуск на прадпрыемства. Гэта знак пашаны і даверу, выдадзены калектывам Георгію Васільевічу, калі ён сыходзіў на заслужаны адпачынак.
Характэрная гісторыя пра пераемнасць звязана з кіраўнікамі музея. Цяперашні з іх, Аляксей Кузьменка, прыняў музейную паходню з рук Таццяны Сырамалот. Некалі сам тут вучыўся, быў юным экскурсаводам і пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, Таццяна Паўлаўна вяла гэты прадмет. Потым скончыў геафак БДУ і вярнуўся на радзіму. Пад кіраўніцтвам Аляксея Аляксандравіча даследаваннем старонак біяграфіі Георгія Сямёнава актыўна займалася яго вучаніца Кацярына Шэндрык. Яна падзяліла захапленні настаўніка музейнай справай і вучэбным прадметам, па якім таксама стала пераможцай рэспубліканскай алімпіяды, а зараз вучыцца ў БДУ на геаграфічным факультэце.
У цэлым жа, як паведаміла дырэктар гімназіі Наталля Кохава, за апошнія пяць гадоў 263 навучэнцы атрымалі дыпломы на раённым этапе, 28 сталі пераможцамі абласнога і пяць — заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Не выключная з’ява для гімназіі і найвышэйшыя вынікі выпускнікоў на цэнтралізаваных іспытах: з 2019 года педагогі падрыхтавалі 18 стабальнікаў! Эфектыўна працуе навуковае таварыства навучэнцаў “Пошук”. Напрыклад, Аляксандра Далідовіч пад кіраўніцтвам настаўніцы Тамары Гайдук паглыбілася ў гісторыю тэатральнага мастацтва, у выніку сёлета “Містычны балет за гламурам Шклоўскага тэатра” быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені на рэспубліканскай канферэнцыі работ даследчага характару.
— Выдатным прыкладам для вучняў з’яўляюцца нашы педагогі, — падкрэсліла Наталля Кохава. — Яны такія ж энтузіясты сваёй справы, якім быў Георгій Сямёнаў, і ў гэтым плане дастойныя яго пераемнікі. У калектыве 87% настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі, пяцёра — выдатнікі адукацыі. Практычна кожны шосты педагог — наш выпускнік. Намеснік па вучэбнай рабоце Святлана Емяльянава-Раманоўская — уладальніца гран-пры рэспубліканскага конкурсу метадычных матэрыялаў “Навучаем. Прасоўваем. Дзейнічаем”. У намінацыі “Пачатковыя класы” рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023” заняла 2-е месца наша Аксана Шукаловіч. Так у нас пасяліўся малы “крыштальны журавель”, спадзяёмся аднойчы дачакацца і вялікага. З 2022 года гімназія ўваходзіць у Асацыяцыю школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, дзякуючы якой мы атрымалі новы імпульс да развіцця. За 2023/2024 навучальны год вучні і педагогі гімназіі прынялі ўдзел у 18 мерапрыемствах у рамках рэалізацыі плана асацыяцыі, атрымалі 44 дыпломы. Супрацоўніцтва са школамі-партнёрамі значна пашырыла нашы магчымасці абменьвацца вопытам, прадстаўляць свае напрацоўкі, знаходзіць новае і ўкараняць лепшае ў адукацыйны працэс.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлены гімназіяй № 1 Оршы імя Г.В.Сямёнава