Хачу прызнацца, што праблемай дзіцячага чытання я заклапочана даўно. І першая прычына ў тым, што мой сын вельмі доўгі час негатыўна ставіўся да чытання як працэсу. Думаю, што гэтая праблема знаёмая калі не ўсім, то многім бацькам. Магчыма, мае разважанні і некаторыя знаходкі дапамогуць, навядуць на магчымае вырашэнне праблемы як бацькоў, так і педагогаў.
Сёння дарослыя часта скардзяцца на тое, што дзеці мала чытаюць, больш захапляюцца тэлевізарам і камп’ютарам. Можна нават пачуць думку пра тое, што такое становішча рэчаў з’яўляецца заканамерным і непазбежным вынікам сучаснага ладу жыцця.
Страшна тое, што кніга ўсё больш перастае быць духоўнай каштоўнасцю, творам мастацтва, незаменным і неабходным спадарожнікам жыцця. Дзеці не знаходзяць задавальнення ў чытанні, чытаючы толькі па неабходнасці або заданні школьнага настаўніка. Што ўсё ж такі рабіць у гэтай сітуацыі? Па-першае, трэба зразумець, што за адным “няўменнем чытаць” нельга хаваць другое “няўменне чытаць”. Дзіця ніколі не навучыцца любіць чытаць, авалодваючы толькі тэхнікай чытання. Важна навучыць дзіця мець зносіны з кнігай. А гэта зусім розныя працэсы, якія трэба не толькі адрозніваць, але і размяжоўваць як у сямейным выхаванні, так і ў школьнай праграме, удзяляючы больш увагі як першаму, так і другому адначасова.
Працуючы над тэхнікай чытання, важна, каб дзіця чытала рэгулярна пэўную колькасць часу, уголас і пажадана ў прысутнасці дарослага, які дапаможа наладзіць сам працэс, выправіць недакладнасці, растлумачыць незразумелыя новыя словы, прасочыць за якасцю агучвання тэксту. Функцыянальныя ролі ў гэтым працэсе строга вызначаны: настаўнік задае і кантралюе, бацькі замацоўваюць і адпрацоўваюць.
Аднак больш праблемны характар носіць працэс фарміравання і развіцця ў дзяцей усвядомленага жадання чытаць і цікавасці да літаратуры. Што можна параіць?
Нашы дзець шмат у чым становяцца падобнымі да нас. Таму, напэўна, няма сэнсу патрабаваць ад дзіцяці цікавасці і любові да чытання, калі гэтага няма ў сям’і. Мой шматгадовы вопыт работы даказвае, што дзеці, якія чытаюць часцей, бываюць у сем’ях, дзе чытанне з’яўляецца агульным захапленнем. Калі вы хочаце, каб вашы дзеці хацелі чытаць, прааналізуйце свой спосаб жыцця і свае інтарэсы. Можа, варта ўспомніць свае раннія захапленні, хоць вы і сталі вельмі занятымі людзьмі, абцяжаранымі многімі дарослымі і такімі незразумелымі для дзяцей клопатамі. Аддайце перавагу вечарам не прывычнаму тэлевізару, камп’ютару, а цікавай кнізе, захапіцеся прыгажосцю стылю, лаканічнасцю і трапнасцю фразы, з галавой акуніцеся ў сюжэт, а потым… падзяліцеся ўсім гэтым са сваім дзіцем.
Мне здаецца, што, перастаючы чытаць дзецям уголас, як толькі яны пачынаюць засвойваць тэхніку чытання, дарослыя робяць вялікую памылку. Дзіця, нават калі яно ўжо бегла чытае, яшчэ не заўсёды гатова да ўсвядомленага ўспрымання тэксту, да цэлага ахопу яго зместу і недастаткова арыентуецца ў тых рэакцыях і ўражаннях, якія ўзнікаюць у яго ў сувязі з чытаннем. Дарослыя павінны ў гэты перыяд абавязкова цікавіцца меркаваннем дзіцяці аб прачытаным, канцэнтруючы сваю ўвагу не на колькасці прачытаных старонак, а на разуменні таго, чаму прысвечана кніга.
Вельмі дзейснымі аказваюцца сямейныя паходы ў бібліятэку, калі дзеці могуць праявіць сваю самастойнасць у выбары кнігі. Дарэчы, калі дарослыя лічаць, што дзіцячыя бібліятэкі разлічаны толькі на дзяцей, то яны вельмі памыляюцца, таму што ў дзіцячых бібліятэках многа карысных і цікавых кніг менавіта для дарослых. Прычым я маю на ўвазе не толькі сур’ёзную літаратуру, але і дзіцячую. Я думаю, што для таго каб лепш разбірацца ў дзецях, вельмі карысна чытаць кнігі, напісаныя для дзяцей. Я раю бацькам разам з дзецьмі чытаць кнігі Носава, Успенскага, Драгунскага, Андэрсена і г.д. Гэта жывыя падручнікі дзіцячай псіхалогіі і педагогікі.
Карысным можа аказацца вядзенне чытацкага дзённіка. У ім можна запісаць назву кнігі, яе аўтара, імёны галоўных герояў, змест сюжэта, месцы, якія спадабаліся, смешныя падзеі, новыя, незнаёмыя словы, якія абавязкова трэба расшыфраваць у слоўніку, і сваё ўражанне ад прачытанага. Можна праявіць творчую ініцыятыву і намаляваць свае ілюстрацыі да падзей кнігі. Такія ілюстрацыі ўпрыгожаць дзённік і замацуюць задавальненне ад зносін з літаратурай. Праявіце фантазію, і вядзенне такога дзённіка стане цікавым заняткам для дзіцяці. Галоўнае — чытацкі дзённік навучыць яго працаваць з кнігай, знаходзіць у ёй важнае.
Хачу звярнуць вашу ўвагу, што правільна выбраны для чытання час таксама спрыяе фарміраванню ўсвядомлена станоўчага стаўлення да кнігі. Калі вы прапануеце дзіцяці пачытаць менавіта ў той момант, калі яно ўжо настроілася пагуляць з сябрамі, рэакцыя яго будзе толькі негатыўнай. Чытанне ў гэтым выпадку будзе раўназначна пакаранню. Важна выбраць такі момант: яшчэ не стамілася і ў той жа час не можа знайсці сабе занятак. У такім выпадку чытанне захапляльнай кнігі будзе жаданым.
У многіх сем’ях, на жаль, тэлевізар стаў фонам усяго жыцця: яго ўключаюць, толькі прачнуўшыся ад начнога сну, і выключаюць, выходзячы з кватэры, толькі на столькі, наколькі адсутнічаюць. Камп’ютарызацыя сёння — гэта рэальнасць, і гаворка зараз не пра гэта. Аднак нельга аспрэчыць той факт, што літаратура ва ўсе часы была і будзе часткай чалавечай культуры, якую не замяніць нічым іншым. Таму, калі вас сапраўды хвалюе праблема далучэння дзіцяці да кнігі, неабходна як мага больш уважліва ставіцца да колькасці часу, які праводзіць за камп’ютарам, тэлевізарам ваша дзіця, і якасці таго, што яно праглядае, таму што чым больш яно глядзіць тэлевізар, тым менш яно чытае. Я не адношуся да людзей, якія прапаведуюць негатыўнае стаўленне да камп’ютара або тэлевізара, але я за разумнае і прадуманае рэгламентаванне кантактаў з імі. Такім чынам, калі вы хочаце, каб чытанне стала любімым вольным часам, то пачынаць трэба з забеспячэння наяўнасці гэтага вольнага часу і такіх умоў, пры якіх немагчыма замяніць чытанне чым-небудзь іншым.
Падводзячы вынік сваім разважанням, хачу падкрэсліць, што самае важнае ў вырашэнні гэтай праблемы, на мой погляд, — разуменне яе важнасці і жаданне дапамагчы свайму дзіцяці. Толькі добразычлівасць дарослых будзе спрыяць фарміраванню і развіццю ў дзіцяці культуры літаратурнага ўспрымання, якая ў сваю чаргу будзе станоўча ўплываць на ўзаемаадносіны паміж дарослымі і дзецьмі.
Алена ГАНЧАРЭНКА,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Зэльвы Гродзенскай вобласці.