Чаму экспедыцыю палярнікаў загубіла ежа?

- 14:40Портфолио

Кейс-метад на ўроках біялогіі

У школьным і звычайным жыцці дзеці сустракаюцца са многімі праблемамі і не заўсёды гатовы да іх. Па сутнасці, праблема — гэта сітуацыя, якая патрабуе аналізу і вырашэння. Хочаце навучыць школьнікаў вырашаць розныя сітуацыі? Тады настаў час азнаёміцца з кейс-метадам і ўзяць яго на ўзбраенне.

На сваіх уроках навучэнцам прапаную асэнсаваць і знайсці вырашэнне для сітуацыі, якая мае дачыненне да рэальных жыццёвых праблем, апісанне якой адлюстроўвае якую-небудзь практычную задачу. Мэта кейс-метаду — сумеснымі намаганнямі групы навучэнцаў і настаўніка разабраць сітуацыю (кейс), якая ўзнікла пры пэўных падзеях, і выпрацаваць яе практычнае вырашэнне. Адметнай асаблівасцю гэтага метаду з’яўляецца стварэнне праблемнай сітуацыі на аснове фактаў з рэальнага жыцця. Пры гэтым сама праблема не мае адназначных рашэнняў.

Такі від навучання грунтуецца на прымяненні тэорыі свядомасці і мыслення. ­
З іх дапамогай выбудоўваецца такая мадэль педагагічнага працэсу, якая развівае не толькі інтэлектуальныя навыкі, але і спосабы пазнання праз эмацыянальную сферу і інтуіцыю, асацыятыўныя механізмы. Навучэнцам дэманструецца тэорыя на прыкладзе рэальнай сітуацыі. Такім чынам можна падтрымаць у іх ціка­васць, а таксама разабраць інфармацыю, якая цяжка ўспрымаецца.

Дзеці ўсведамляюць, што сітуацыю (праблему) можна вырашыць, асноўваючыся на тых ведах, якія ў іх ёсць зараз, таму што яны вучацца думаць крытычна. Аднак галоўнае — гэта тое, што кейс-метад вучыць, як атрымаць (здабыць) неабходную інфармацыю, каб выра­шыць праблему. А такі навык дапаможа навучэнцам вырашаць і свае жыццёвыя сітуацыі.

Галоўная місія кейс-метаду — навучэнцы ўсвядомлена атрымліваюць веды і рэалізоўваюць іх у рэальнасці, гэта значыць, прымяняюць тыпалогію гэтай сітуацыі ў сваім штодзённым жыцці.

У кейсе разглядаецца канкрэтная сітуацыя, у апісанне якой уключаюцца выпадкі, факты, рашэнні, якія мелі месца на працягу пэўнага часу. Гэтыя сітуацыі могуць адлюстроўваць як комплексную праблему, так і прыватную задачу. Згаданы метад могуць выкарыстоўваць і настаўнікі літаратуры і гісторыі. Гэта можа быць любая інфармацыя: біяграфічныя звесткі пра пісьменніка, гістарычныя па­дзеі, крытычныя артыкулы пра твор, дакументы, тэзісныя планы сачыненняў і матэрыял да іх (урокі развіцця маўлення), урыўкі з таго ці іншага мастацкага тэксту (урокі аналізу тэксту) і іншыя.

Тэма ўрока: “Ліпіды”.

Тып урока: урок вывучэння новага матэрыялу.

Месца ўрока ў тэме, якая вывучаецца: 8/10 (восьмы ўрок з дзесяці).

Мэты на мове настаўніка:

  1. Навучальная: садзейнічаць фарміраванню ўяўлення пра будову, уласцівасці і функцыі ліпідаў.
  2. Развіццёвая: спрыяць развіццю ўменняў працаваць у групе, працаваць з тэкстам (выбіраць галоўнае, структураваць), спрыяць развіццю разумовых аперацый (сінтэз, аналіз, параўнанне, лагічныя высновы).
  3. Выхаваўчая: садзейнічаць фарміраванню ўмення слухаць і чуць партнёра па вучэбнай дзейнасці, самаацэнкі, самакантролю; садзейнічаць выхаванню клапатлівых адносін да свайго здароўя.

Абсталяванне: ноўтбук, рэкламны відэаролік, раздатачны матэрыял з сітуацыямі; хімічны посуд, тлустазмяшчальныя прадукты; шарастрыжнёвыя мадэлі, магнітная дошка.

Дыдактычнае забеспячэнне ўрока:

l для настаўніка — відэа, дыягнастычны інструментарый;

l для навучэнцаў — падручнік, сігнальныя карткі для зваротнай сувязі, бланк са схемай для індывідуальнай работы, тэкст кейсаў для работы ў групах, бланк тэставых заданняў для індывідуальнай работы, эталонныя адказы, крытэрыі і паказчыкі ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці.

Вынік урока, які прагназуецца

Плануецца, што да канца вучэбных заняткаў навучэнцы:

  • будуць ведаць азначэнне паняццяў “ліпіды”, “гідрафілы”, “гідрафобы”; класіфікацыю, уласцівасці і функцыі ліпідаў; змогуць прывесці прыклады функцый і груп ліпідаў;
  • будуць умець адрозніваць групы ліпідаў па мадэлі; знаходзіць падабен­ства функцый бялкоў, вугляводаў і тлу­шчаў; аналізаваць прапанаваныя кейсы і рабіць высновы; мадэляваць будову малекул тлушчаў, фосфаліпідаў, стэроідаў, воскаў;
  • змогуць суаднесці функцыі і прыклады ліпідаў; параўнаць тлушчы і фосфаліпіды; растлумачыць біялагічную ролю тлушчаў для птушак і млекакормячых.

Мэты на мове навучэнца:

  1. Буду ведаць склад, класіфікацыю, уласцівасці і функцыі ліпідаў.
  2. Буду разумець узаемасувязь будовы, уласцівасцей і функцый ліпідаў.
  3. Змагу прыводзіць прыклады ліпідаў і тлумачыць іх біялагічную ролю.


Дадатак 1

 

Дадатак 2

Кейс 1

Рэклама

  1. Што з’яўляецца асноўным кампанентам лекавага прэпарату “Эсэнцыяле”?
  2. Якія пашкоджанні печані дапамагае аднавіць прэпарат?
  3. Якія функцыі печані падтрымлівае прэпарат “Эсэнцыяле”?

Кейс 2

Сітуацыя з жыцця

Зінаіда, рыхтуючыся да выпускнога балю, 3 месяцы сядзела на знясільваючай дыеце. У яе рацыёне была ежа толькі расліннага паходжання, а 2 разы на тыдзень дзяўчына свайму арганізму аб’яўляла галадоўку. У яе пачаліся праблемы з мен­струальным цыклам, з’явіліся галаўныя болі, галавакружэнне, слабасць і інш.

  1. Чаму парушыўся менструальны цыкл?
  2. Да якіх наступстваў можа прывесці працяг знясільваючай дыеты?

Прапануйце паслядоўнасць выкарыстання запасаў арганічных рэчываў арганізмам (БТВ).

Вывучыце дадатковую інфармацыю.

Кейс 3

Экспедыцыю палярнікаў загубіла ежа

Гісторыя асваення Арктыкі да 1890 года мае нямала прыкладаў экспедыцый, якія загінулі не ад холаду, а ад голаду і цынгі. Выбар палярнага харчавання адбываўся метадам проб і памылак.

  1. Якія прадукты вы парэкамендавалі б уключыць у рацыён палярнікаў? Чаму?
  2. З прапанаваных прадуктаў выберыце найбольш энергаёмістыя.

Адказ ­пацвердзіце разлікамі.

Дадатак 3

Тэст па тэме “Ліпіды”

  1. Са спіса выберыце рэчывы, якія адносяцца да ліпідаў (абвядзіце лічбы правільных адказаў):

1) глюкоза;

2) тлушч;

3) крухмал;

4) воск;

5) гемаглабін.

  1. Скончыце сказ “Ліпіды — складаныя рэчывы, якія складаюцца з… і…”, выбраўшы неабходныя словы (абвядзіце лічбы правільных адказаў):

1) глюкоза;

2) спірт;

3) воск;

4) карбонавая кіслата.

  1. Суаднясіце функцыі і прыклады (запішыце адпаведныя літары побач з лічбамі ў табліцы):
Функцыі Прыклады
1 цеплаізаляцыйная а тэстастэрон
2 будаўнічая б халестэрын
3 рэгулятарная в падскурны тлушч
1 2 3
  1. Размяркуйце прыметы, характэрныя для тлушчаў (І) і фосфаліпідаў (ІІ) ­(запішыце адпаведныя літары побач з лічбамі ў табліцы):

а) наяўнасць астатку гліцэрыну;

б) нерастваральнасць у вадзе;

в) наяўнасць астатку фосфарнай кіслаты;

г) уваходзіць у склад клетачнай мембраны;

д) выконвае запасальную функцыю;

е) выконвае будаўнічую функцыю.

I II
  1. У некаторых млекакормячых (буры мядзведзь, сурок) і пералётных птушак да восені запасы тлушчу значна павялічваюцца. З якімі функцыямі гэта звязана? ­Адказ запішыце.

________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________

Дадатак 4

Адказы:

  1. 2 б.: 2 (1 б.); 4 (1 б.).
  2. 4 б.: 2 (2 б.); 4 (2 б.).
  3. 6 б.: 1 — в (2 б.); 2 — б (2 б.); 3 — а (2 б.).
  4. 8 б.: I — а (1 б.), в (1 б.), д (1 б.); II — а (1 б.), б (1 б.), в (1 б.), г (1 б.), е (1 б.).
  5. 10 б.: Млекакормячыя і пералётныя птушкі доўгі час у перыяд спячкі (1 б.) і ў перыяд пералёту (1 б.) не харчуюцца (2 б.). Назапашаны тлушч выконвае запасальную (2 б.), энергетычную (2 б.), метабалічную функцыі (2 б.).
Сума балаў Адзнака Ацэнка
1 1 Амаль здавальняюча
2 2
3—5 3 Здавальняюча
6—8 4 Вельмі здавальняюча
9—11 5 Амаль добра
12—14 6 Добра
15—18 7 Вельмі добра
19—23 8 Амаль выдатна
24—28 9 Выдатна
29—30 10 Цудоўна

Дадатак 5

Дамашняе заданне:

калі ў вас былі дапушчаны памылкі ў 1—2 заданнях — §6, стар. 33, глядзі схему;

калі ў вас былі дапушчаны памылкі ў 3 заданні — §6, стар. 36—37; пыт. 3,
стар. 37;

калі ў вас былі дапушчаны памылкі ў 4 заданні — §6, пыт. 5, стар. 37;

калі ў вас былі дапушчаны памылкі ў 5 заданні — §6, пыт. 37, пыт. 8, стар. 37 (функ­цыі ліпідаў).

Заданні павышанай цяжкасці:

  1. Якая хімічная рэакцыя ляжыць у аснове атрымання маргарыну?
  2. Прывядзіце прыклады гармонаў, якія па хімічнай прыродзе з’яўляюцца глікаліпідамі і ліпапратэінамі.

Творчае дамашняе заданне:

  • для дзяўчынак:

Часта ў гаспадынь на кухні ручнік забруджаны тлустымі плямамі. Прапануйце практычныя рэкамендацыі па іх выдаленні (можна прыкласці відэаролік).

  • для хлопчыкаў:

Як у дажджлівую пару года засцерагчы свой абутак ад прамакання? (Можна прыкласці відэаролік.)

Ірына СЯРКО,
настаўніца біялогіі Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы
Мінскага раёна,
член клуба “Крыштальны журавель”.