Чаму Наміб на ўзбярэжжы?

- 9:00Людзі адукацыі

Адной выкладаць геаграфію для ўсёй школы — справа адказная і нялёгкая. Аднак Тамара Серафімаўна Міхайлоўская з Бягомльскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна спраўляецца з ёй на выдатна. Даведаліся ў настаўніцы, як вопыт уласных вандровак дапамагае на ўроках, якія прыёмы ўтрымліваюць увагу вучняў і чаму не трэба павышаць голас на дзяцей.

Тамара Серафімаўна вучылася на геафаку БДУ. Больш за ўсё са студэнцкіх гадоў ёй запомніліся практыкі на геабазе ў Валожын­скім раёне, па паўночным маршруце Мінск — Архангельск — Салавецкія астравы — Мурманск — Кіраўск — Петразаводск — Санкт-Пецярбург — Мінск і ў былой Югаславіі. Вандраваць па Беларусі і за мяжой настаўніца працягвае дагэтуль, праўда, цяпер у кампаніі мужа замест аднагрупнікаў.

— Мяне вельмі ўразілі Канарскія астравы, там зусім іншая прырода, ёсць вулкан, застылая лава, агаленне горных парод. З пункта гледжання географа мне гэта ўсё цікава, яшчэ і людзі, іх менталітэт. Вандроўкі дазваляюць не толькі адпачываць, але і развівацца ў прафесіі. Дзецям цікавей слухаць на ўроку, калі я магу расказаць штосьці са свайго вопыту, паказаць фотаздымкі і відэа.

Гэта толькі адзін з сакрэтаў Тамары Серафімаўны, які яна прымяняе, каб у дзяцей не знікала цікавасць да прадмета. Калі гаварыць пра іншыя, то настаўніца чытае сказы па дамашнім заданні, а вучні адказваюць, так гэта ці не так. Калі не так, трэба патлумачыць, што менавіта. Калі завяршаецца вывучэнне тэмы, Тамара Серафімаўна можа напісаць на дошцы розныя лічбы, назвы, а дзеці павінны растлумачыць, што яны зна­чаць, ці задаць пытанне, адказам на якое будзе напісанае. Напрыклад, Анхель — вада­спад. Вышыня Аканкагуа — самай высокай вяршыні ў Андах? 6960 м.

— Я вельмі люблю задаваць пытанне “чаму?”. Мы глядзім на карту Афрыкі, узбярэжжа акіяна — пустыня Наміб. Чаму яна там? Спачатку дзеці самі спрабу­юць здагадацца, а потым мы разам шукаем адказ. Пры вывучэнні новай тэмы пытаюся, што яны пра яе ўжо ведаюць, што хочуць даведацца і што даведаліся на ўроку. Дзеці любяць гульню “Што такое, хто такі?”, дзе здагадваюцца, што абазначае новае для іх слова. Напрыклад, Ціцікака — возера ў Паў­днёвай Амерыцы. Сама я люблю прыём “Прычыны — вынік”. Я кажу дзецям, што на ўсходнім узбярэжжы Еўразіі летам выпадае шмат ападкаў — гэта вынік. Вучням трэба назваць прычыну. Ці наадварот. Самае галоўнае, каб дзеці навучыліся думаць, бачыць сувязі, а не завучвалі матэрыял, так у іх адкладзецца значна больш ведаў.

За даволі працяглы час работы ў Тамары Серафімаўны з’явіліся любімыя тэмы па геаграфіі. Ёй падабаецца курс 7 класа, дзе праходзяць прыроду мацерыкоў: там можна расказаць і паказаць шмат цікавага. Добры курс у 8 класе — пра насельніцтва, гаспадарку, розныя краіны. Аднак ёсць праблема: у большасці класаў геаграфія праходзіць раз на тыдзень і на тэму даецца 2—3 гадзіны. Пазнаёміць, напрыклад, з Аўстраліяй за такі час вельмі цяжка, тым больш столькі ўсяго цікавага можна расказаць дадаткова. Прыходзіцца спадзявацца, што вучні самі пачытаюць. Некаторыя настолькі зачытваюцца, што потым ідуць на алімпіяду. Тамара Серафімаўна займаецца з такімі вучнямі круглы год, бо для перамогі трэба запомніць шмат інфармацыі. Настаўніца ці то жартам, ці то сур’ёзна гаворыць, што алімпіяднікі павінны ведаць больш за яе.

— Мне рэдка ўдаецца рыхта­ваць вучняў, якіх я хачу. Самыя моцныя дзеці ідуц­ь на алімпіяды па тых прадметах, якія спатрэбяцца пры паступленні. Геаграфія, на жаль, менш запа­трабавана.

У тым, што вучні Тамары Серафімаўны захапляюцца геаграфіяй, важную ролю адыгрывае падыход да выкладання. Настаўніца ніколі не павышае голасу на дзяцей. З гадамі яна зразумела, што гэта не выхад, да таго ж некаторым хапае проста суровага позірку, каб супакоіцца. Настаўніца лічыць, што чалавек яе прафесіі павінен быць эрудзіраваным, а з іншага боку — дастаткова смелым, каб прызнацца ў сваіх слабасцях ці няведанні. Ён павінен быць добрым і цікавым суразмоўнікам, даступна выказваць свае думкі, павінен быць шчырым, бо дзеці адчува­юць хлусню, павінен быць справядлівым і прыстойным. У нейкай ступені — артыстам: быва­юць розныя сітуацыі, але педагог не павінен паказваць дзецям, што яму дрэнна. Тамара Серафімаўна падкрэслівае, што гэта тычыцца настаўніка ў высокім разуменні гэтага слова. Усяму адпавя­даць немагчыма, але імкнуцца трэба.

— Маё жыццёвае крэда — быць чалавекам у любых сітуацыях. Хачу, каб мне не было сорамна за свае ўчынкі, словы, дзеянні. Гэта стараюся пераносіць і на сваю работу. Калі чалавечна абыходзіцца з усімі: і з дзецьмі, і з калегамі, і з навакольнымі, то гэта табе абавязкова вернецца.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.