З сакавіка 2014 года, пасля прызначэння міністрам Сяргея Квіта, пачаліся рэформы ў адукацыі і навуцы Украіны. Міністр разам са сваёй камандай зрабіў стаўку на інстытуцыйную перабудову галіны — гэта значыць на распрацоўку і ўкараненне нарматыўных прававых актаў, прызначаных для змены ў ёй правіл і павышэння эфектыўнасці. Аднак і з першым, а асабліва з другім атрымліваецца пакуль што не вельмі: стан украінскай адукацыі далёкі ад ідэальнага, пішуць украінскія СМІ.
Блогер Святлана Воўк адзначае, што прыняцце Вярхоўнай Радай у пачатку ліпеня 2014 года Закона Украіны “Аб вышэйшай адукацыі” стала першым дасягненнем і перамогай каманды Сяргея Квіта, якая дазволіла яму атрымаць пасаду міністра ў новым кааліцыйным урадзе Яцанюка восенню.
У далейшым прадоўжылася работа па стварэнні заканадаўчай базы ў адпаведнасці з кааліцыйнымі пагадненнямі, абавязацельствамі Украіны ў сферы еўрапейскай інтэграцыі, праграмай дзейнасці ўрада. Гэта распрацоўка законапраектаў “Аб адукацыі”, “Аб прафесійнай адукацыі”, “Аб навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці” і іншых.
Распрацоўка законапраектаў набыла востра дыскусійны характар з-за спробы выбудаваць новыя правілы з улікам інтарэсаў усіх зацікаўленых бакоў. Так, законапраект “Аб адукацыі” не быў своечасова ўнесены ў Вярхоўную Раду, а пазней быў накіраваны на дапрацоўку ў Міністэрства адукацыі і навукі.
Але буксаваннем на прыярытэтнай для міністра заканатворчай ніве праблема рэфармавання не абмяжоўваецца. Мы назіраем пагаршэнне стану сярэдняй адукацыі: нізкая якасць, недастатковае фінансаванне, карумпіраванасць, адсутнасць падручнікаў, магчымасць зрыву Знешняга незалежнага тэсціравання-2016, прававая неабароненасць настаўнікаў. У вышэйшай адукацыі — дэзарыентацыя ў выніку няўмелай імплементацыі новага закона, зноў жа карупцыя, звальненні выкладчыкаў і скандалы са зменай кіраўнікоў у некаторых ВНУ, рэзкі рост колькасці абітурыентаў, якія выбіраюць навучанне за мяжой. У прафесійнай адукацыі — праблемы сувязі з рынкам працы.
У чым прычына пагаршэння сітуацыі ва ўмовах рэфармавання? У першую чаргу ў нежаданні дыягнаставаць стан адукацыі — гэта значыць убачыць і назваць рэчы сваімі імёнамі.
Ва Украіне працягваецца дэіндустрыялізацыя, дэпапуляцыя, дэінстытуалізацыя. У выніку грамадскія адносіны спрашчаюцца — з фармальных, заснаваных на выкананні законаў/правіл, ператвараюцца ў нефармальныя, асабістыя — на аснове персанальных дамоўленасцей. Так, якасць хірургічнага ўмяшання забяспечвае не сістэма аховы здароўя і нават не медыцынская ўстанова, а непасрэдна хірург, з якім трэба дамовіцца аб лячэнні і аплаце аперацыі.
Пры працяглым узаемадзеянні адносіны набываюць характар патрон-кліенцкіх, кланавых, карпаратыўных іерархічных. Пры гэтым кліент выконвае ўказанні і бесспярэчна падтрымлівае патрона, а патрон спрыяе кліенту ў атрыманні выгод. Так, бацькі дзіцяці, калі прыводзяць яго ў школу/дзіцячы садок, становяцца кліентамі дырэктара, які, як патрон, кантралюе іншых сваіх кліентаў — настаўнікаў/выхавальнікаў, каб тыя вучылі дзяцей у абмен на зарплату. ВНУ маюць крыху больш складаную кланава-карпаратыўную структуру, у якой патронамі для ніжэйшых узроўняў іерархіі з’яўляецца загадчык кафедры, дэкан, рэктар і іншыя кіраўнікі.
У такіх сістэмах галоўнымі каштоўнасцямі з’яўляюцца лаяльнасць, адданасць і некрытычнасць. Усе асобы, якія не ўпісваюцца ў патрон-кліенцкую мадэль, выцясняюцца, таму альтэрнатывы па змяненні кіравання ў арганізацыях падобнага тыпу не існуе.
Ці могуць навучальныя ўстановы, заснаваныя на кланавым прынцыпе, вучыць дзяцей адаптавацца да сучаснасці і тварыць будучыню? Адказ — не.
Усё, што здольны рабіць такія структуры, — гэта імітаваць, у тым ліку адукацыю. Прызнаць факт імітацыі цяжка, аднак гэта адзіны шлях для пошуку шляху сапраўднага рэфармавання.
Акрамя таго, выглядае дзіўнай заканатворчая актыўнасць міністра, паколькі ў дэцывілізаваным грамадстве адсутнічае запыт на фармальныя правілы, паколькі большасць з іх насельніцтва не выконвае і абыходзіць.
Як могуць запрацаваць новыя законы ў асяроддзі, дзе пануюць асабістыя дамоўленасці?
Існуе яшчэ адна вялікая праблема — запыт актыўных грамадзян на мадэрнізацыю краіны. Менавіта яны з’яўляюцца альтэрнатывай кланавай сістэмы. Менавіта з іх ліку трэба выбіраць кіраўнікоў і падтрымліваць, для таго каб яны дэманціравалі патрон-кліенцкія адносіны і забяспечылі дзеянне закона.
Зараз менавіта такія актывісты знаходзяцца пад ударам: іх звальняюць зработы, на іх звароты і скаргі не рэагуюць, яны губляюць давер да дзяржаўных органаў і надзею на дасягненне справядлівасці.
Дык што ж, уласна, рабіць?
Па-першае, перастаць уводзіць сябе ў зман, паўтараючы, што ў нас “добрая адукацыя”.
Па-другое, пачаць сапраўдны грамадскі дыялог (а не яго імітацыю, як існуе зараз) пра стан і перспектывы адукацыі, выявіць і прыцягнуць усе зацікаўленыя бакі да перамоў і выпрацаваць кансалідаваную пазіцыю па інстытуцыянальнай будучыні адукацыі.
Па-трэцяе, пачаць барацьбу з імітацыяй праз прыцягненне да кіравання здольных на ўчынкі людзей з сучасным светапоглядам.
Па-чацвёртае, перагледзець мадэль фінансавання галіны на карысць асоб, якія непасрэдна атрымліваюць адукацыю, укараніць прынцып “грошы ходзяць за вучнем/студэнтам”.
Па-пятае, якасна выконваць кантрольныя і наглядныя функцыі ўсіх удзельнікаў грамадскага дыялогу.
І самае галоўнае — прызнаць, што існуючыя патрон-кліенцкія, кланавыя адносіны руйнуюць дзяржаву і грамадства. Іх выкараненне з’яўляецца адной з галоўных задач мадэрнізацыі краіны.
А вось рэктар Кіеўскага ўніверсітэта імя Барыса Грынчанкі Віктар Агняўюк бачыць асноўную прычыну цяжкага стану адукацыі ў нізкім матэрыяльным і сацыяльным статусе настаўніка. Пра гэта ён заявіў нядаўна на парламенцкіх слуханнях. У сваім выступленні ён звярнуўся да гісторыі, адзначыўшы, што ў канцы XIX стагоддзя ў Расійскай імперыі вясковага настаўніка імкнуліся ператварыць у сельскага гаспадара. Ідэя не ўвасобілася ў жыццё, бо вырашылі, што гэта не паспрыяе паспяховай педагагічнай дзейнасці. “Але, на жаль, гэтую задуму атрымалася рэалізаваць у сучаснай Украіне, але ў больш скажонай форме. Сёння ў нашай дзяржаве сельскі настаўнік не ад добрага жыцця стаў сельскім гаспадаром. Ён не можа выжыць без дапаможнай гаспадаркі, а настаўнік у горадзе — без іншага заробку — рэпетытарства, догляду дзяцей заможных грамадзян або элементарнай падтрымкі родных”, — адзначыў Віктар Агняўюк. Ён таксама ўзгадаў словы Барыса Грынчанкі, які пісаў, што толькі тады, калі настаўнік не будзе думаць аб парваных ботах, ён будзе мець магчымасць аддаваць усе сілы школе.
“Дасягнуць гэтага можна толькі звыклым шляхам — павышэннем зарплаты. Сучасны ўкраінскі настаўнік, скончыўшы ўніверсітэт, мае службовы аклад у памеры 1751 грыўня — гэта значыць 24 грыўні 30 капеек за ўрок. У якой яшчэ еўрапейскай краіне настаўніку плацяць менш як адзін долар за ўрок?”, — адзначыў Агняўюк.
“Гэта не дае магчымасці настаўніку не толькі набыць новыя боты, але і дацягнуць да пражытачнага мінімуму, гэта значыць, забяспечыць элементарнае пражыванне. Сёння настаўніца, маючы стаж 15 гадоў, атрымлівае максімальную заработную плату 3432 грыўні — гэта значыць 137 долараў у месяц, таму ні адзін закон не будзе нічога варты, калі не будзе вырашана праблема настаўніка”, — адзначыў рэктар.
“Мы не можам ставіць пытанне дванаццацігадовай школы, калі настаўнік будзе прыніжаны такім узроўнем заработнай платы. І, колькі б гадоў ні вучыліся нашы дзеці, калі яны будуць прыходзіць у клас, у якім настаўнік будзе думаць толькі пра хлеб надзённы, нічога не будзе”, — падкрэсліў Віктар Агняўюк.