Пастаўшчыну нездарма называюць скарбонкай Паазер’я. Маляўнічы край славіцца не толькі прыроднай, але і архітэктурнай спадчынай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Унікальныя аб’екты
Чаго тут толькі не ўбачыш: і велічныя храмы-крэпасці, і палацы з ляпнінай у старажытнагрэчаскім стылі, і вадзяныя млыны, і нават вежы, падобныя на Камянецкую. Некаторыя з будынкаў адзінкавыя ў Беларусі — напрыклад, былыя дамы рамеснікаў, узведзеныя на галоўнай плошчы сённяшняга райцэнтра ў XVIII стагоддзі.
Калі ўпершыню сустрэў іх фотаздымак у інтэрнэце, сэрца адразу апанавала пачуццё замілавання. Франтоны ў стылі майго любімага барока, дахоўка замест шыферу — усё гэта надавала дамам нейкай казачнасці, асаблівай цеплыні, душэўнасці (думаю, у дачыненні да помнікаў архітэктуры можна выкарыстоўваць і такія словы). Тут жа ўзнікла жаданне на свае вочы ўбачыць гэтую прыгажосць.
А калі журналіст “Настаўніцкай газеты” збіраецца ў краязнаўчае падарожжа на Пастаўшчыну, то ён проста абавязаны запланаваць гутарку з настаўнікам геаграфіі Пастаўскай гімназіі Ігарам Пракаповічам. Асабіста для мяне нядаўняя сустрэча з Ігарам Міхайлавічам была не першай. Яшчэ ў 2010 годзе, у пару залатой восені, разам з педагогам-краязнаўцам і яго выхаванцамі прагульваліся па ўзгорыстых ваколіцах Паставаў, а дакладней, па Спорыцкай ледавіковай лагчыне. Пад’ёмы на крутыя ўзгоркі змяняліся імклівымі спускамі, а маляўнічасць мясцовых краявідаў дапаўнялася не менш прыгожым аповедам настаўніка. Гэтак жа цікава ён расказаў і пра ўнікальныя будынкі.
— Яны з’явіліся дзякуючы Антонію Тызенгаўзу. Гэта ён запрасіў у Паставы, дзе знаходзілася яго рэзідэнцыя, вядомага архітэктара Джавані дэ Сака. Італьянскі майстар перабудаваў цэнтральную частку горада. На тагачаснай рыначнай плошчы замест хаатычнай драўлянай забудовы з’явіліся жылыя дамы і адміністрацыйныя будынкі, узведзеныя ў пэўным парадку ў папулярным тады стылі барока, — паведаміў настаўнік.
Каб больш вобразна расказаць пра тагачасную перабудову горада, Ігар Міхайлавіч падвёў да вялізнага банера з мілагучнай назвай “Чароўны край — Пастаўшчына”. Побач з адміністрацыйнай картай Пастаўскага раёна размешчана сучасная карта-схема вуліц горада, якая дапаўняецца гістарычнай выявай плошчы Леніна.
— Ад плошчы, нібыта промні ад сонца, адыходзілі вуліцы Лучайская, Браслаўская, Віленская, Задзеўская, — працягвае педагог. — Па ранейшых назвах нескладана здагадацца, што яны вялі ў Лучай, Браслаў, Вільню, Задзеўе. Планіроўка плошчы была наступнай: на яе паўднёвым баку знаходзіліся гасцініцы і карчма, на супрацьлеглым паўночным — аўстэрыя і дамы рамеснікаў. На заходнім — суд, канцылярыя і яшчэ некалькі будынкаў рамеснікаў, а на ўсходнім баку размяшчаліся драўляныя храмы і будынак школы. У цэнтры плошчы былі ўзведзены гандлёвыя рады. Практычна ў нязмененым выглядзе барочны ансамбль прастаяў да сярэдзіны мінулага стагоддзя. Сёння будынкі, якія дайшлі да нашага часу, уваходзяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Па словах Ігара Міхайлавіча, асабліва ўнікальным з’яўляецца будынак аптэкі. За больш чым два стагоддзі яго функцыянальнае прызначэнне не змянілася.
— Лічыцца, што самая старая аптэка на Беларусі знаходзіцца ў Гродне. Наша, быццам бы, другая па ўзросце. Калі ў Гродне гісторыя аптэкі і кожнага старога будынка грунтоўна даследавана, то пра старыя дамы Паставаў мы можам пакуль што гаварыць толькі агульныя звесткі. Нам з вучнямі хацелася б пашырыць інфармацыю — для чаго будынак узводзіўся, яго функцыянальнае прызначэнне ў розныя эпохі. Калі гэта, скажам, дом рамесніка, то якія майстры там жылі, што яны выраблялі. Напрыклад, знайшлі стары фотаздымак, дзе напісана “Паперня”. Калі была наладжана вытворчасць паперы, хто там працаваў, хто валодаў мануфактурай? І так па кожным доме. Так што работы чакае шмат, — падзяліўся Ігар Міхайлавіч.
Расказваючы пра адметнасці будынкаў, настаўнік паказваў не толькі фотаздымкі розных часоў, але і арыгінальныя дзіцячыя малюнкі.
— Акрамя геаграфіі, вяду яшчэ і прадмет “Мастацтва”. Калі вывучалі італьянскае барока, гавару дзецям, што ж вы будзеце маляваць замежныя помнікі архітэктуры, малюйце лепш родныя Паставы, можаце выбраць адзін з двух варыянтаў: або маляваць будынак з захаваннем усіх прапорцый, або перадаць на аркушы паперы сваё мастацкае бачанне. Паглядзіце, як атрымалася. На мой погляд, даволі арыгінальна, — адзначыў настаўнік, паказваючы творчыя работы.
Помнікі архітэктуры прыцягальныя не толькі сваім знешнім выглядам. У адным з іх размяшчаюцца экспанаты па гісторыі аптэчнай справы, у іншым — раённы краязнаўчы музей. Яго экспазіцыя, па словах Ігара Міхайлавіча, хутка пераедзе ў былы палац Тызенгаўза, дзе доўгі час размяшчаўся адзін з карпусоў раённай бальніцы. А ў сённяшнім будынку музея можна зрабіць, напрыклад, кавярню ў стылі XVIII стагоддзя або дом для сустрэч творчых людзей — паэтаў, краязнаўцаў.
Што тычыцца дамоў рамеснікаў, то тут педагог выказаў даволі цікавыя прапановы:
— У адным плануецца абсталяваць турыстычны цэнтр. Дык чаму б па суседстве не зрабіць музей мануфактур і не паказваць наведвальнікам, напрыклад, старадаўнюю тэхналогію вырабу капелюшоў. Да гэтай справы можна было б далучаць і турыстаў, якія цяпер вельмі любяць інтэрактыў. Адна справа — прыйшоў, паслухаў, паглядзеў, а іншая — зрабіць нешта сваімі рукамі. Чалавек запамінае тое, што праходзіць праз эмоцыі, тое, што ён перажыў, прапусціў праз сябе.
Перспектыўныя тэмы
Сярод перспектыўных напрамкаў краязнаўчай работы для Ігара Міхайлавіча і яго юных памочнікаў сёння на першым месцы стаіць прамысловая спадчына Пастаўшчыны.
Ігар Пракаповіч разам з юнымі краязнаўцамі — вучнем 9 класа Ягорам Зацеевым і вучаніцай 10 класа Дзіянай Шубелька
— Пра культурныя здабыткі пісана-перапісана, а вось прамысловая спадчына мала вывучана. У першую чаргу мы даследавалі вадзяныя млыны. Спачатку я ведаў, можа, якіх пяць млыноў, а калі пачалі грунтоўна даследаваць тэму, то выявілі аж 32. Наступным аб’ектам сталі цагельні — каля 30 знайшлі, хаця таксама меркаваў, што, можа, з дзясятак іх было. Адкрылі карты Пастаўшчыны пачатку мінулага стагоддзя, а там практычна каля кожнага населенага пункта пазначана цагельня. Таксама з вучнямі ездзілі ў тыя мясціны, фатаграфавалі, апісвалі. Апошняе даследаванне прысвяцілі смалярням. Тут збіраць матэрыял было найбольш складана, таму што гэтыя аб’екты амаль не захаваліся. З адпаведнай работай мая вучаніца Дзіяна Шубелька на вобласці заняла 1-е месца і ў гэтым годзе ўжо другі раз паедзе ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Яшчэ напісаў работу на тэму бровараў і вінакурань. Гэта таксама прамысловая спадчына, хаця вучняў ужо да работы не далучаў па этычных пытаннях. Было б добра, каб у кожным раёне краязнаўцы сабралі адпаведны матэрыял, а потым быў створаны рэспубліканскі каталог аб’ектаў прамысловай спадчыны.
Ганарыцца сваім
Найбольш шматлікія помнікі архітэктуры Пастаўшчыны, як і любога куточка Беларусі, — храмы. Купалы цэркваў, вежы касцёлаў узвышаюцца над нашай зямлёй многія стагоддзі. У храмах нашы продкі знаходзілі не толькі духоўную падтрымку, але і фізічную, паколькі некаторыя будаваліся як крэпасці.
Апошнім з такіх храмаў, узведзеных на тэрыторыі Беларусі ў абарончым стылі, стаў касцёл святога Іаана Хрысціцеля ў Камаях. Храм знаходзіцца практычна на тэрыторыі Камайскай сярэдняй школы, усяго за некалькі дзясяткаў метраў ад яе будынка, таму, безумоўна, настаўнікі і вучні вывучаюць гісторыю святыні. Асабліва плённа гэтай тэмай займаецца настаўніца гісторыі Людміла Курачкіна.
— Як можна любіць Беларусь, калі не любіш сваю малую радзіму? А як можна любіць малую радзіму, калі ты яе не ведаеш? Ганарыцца сваім — вось аснова нашай выхаваўчай работы. Мы ганарымся і нашымі прамысловымі гігантамі, такімі як БелАЗ, і прыродай, але не менш ганарымся камайскім касцёлам, якому больш за 400 гадоў.
Я сама з набожнай сям’і, усе мае продкі былі прыхаджанамі гэтага храма. Яшчэ ў гады свайго вучнёўства, ідучы на заняткі ў школу праз храм, заўсёды здзіўлялася яго незвычайнай архітэктуры, цікавілася ў бабулі і мамы гісторыяй касцёла. Так і захапілася краязнаўствам. У класе восьмым або дзявятым пачала збіраць выразкі краязнаўчых матэрыялаў, надрукаваных у газетах або часопісах, — пачала аповед Людміла Чаславаўна.
Сёння краязнаўчая скарбонка матэрыялаў настаўніцы — гэта дзясяткі даследчых работ па розных тэмах: славутыя землякі, летапіс школы, гісторыя ўзнікнення паселішча, паходжанне яго назвы, а таксама мясцовых прозвішчаў. Што тычыцца гісторыі касцёла, то многія факты знойдзены дзякуючы яго настаяцелю. Па словах Людмілы Чаславаўны, ксёндз захапляецца краязнаўствам. Матэрыялы, якія знаходзіць, перадае ў школу, настаўнікі таксама дзеляцца са святаром краязнаўчымі здабыткамі.
— У нас хоць і не падпісана афіцыйнае пагадненне аб супрацоўніцтве, але мы ўсё роўна ўзаемадзейнічаем. Па-першае, пераважная большасць нашых настаўнікаў і вучняў католікі па веравызнанні, але ёсць і праваслаўныя, стараверы, нават яны дапамагаюць ксяндзу ў тых ці іншых справах, напрыклад, пры падрыхтоўцы храма да вялікіх свят. Пры гэтым наш ксёндз Яцэк нікога не імкнецца перавесці ў каталіцтва, з павагай адносіцца да іншых рэлігій, робіць усё магчымае, каб у нашым краі панавалі міжканфесійны мір і згода, — паведаміла дырэктар школы Ірына Бядунька.
Адным з яскравых прыкладаў такога міру і згоды з’яўляецца сама Ірына Лявонаўна. Яна хоць і каталічка, але паспяхова вядзе факультатыў “Асновы праваслаўнай культуры”. Рэлігійная згода пануе і ў яе сям’і. Муж — праваслаўны, сын таксама. А іх шчасліваму шлюбу ўжо 35 гадоў.
— Мне вельмі падабаюцца вось гэтыя знакамітыя словы: “Любіць сваё — зусім не значыць // Чужое ганіць, адмаўляць. // Вось за чужым свайго не бачыць, // Не вывучаць, не шанаваць — // Злачынствам будзе без сумлення, // Бо ёсць такі закон жыцця: // Шануй чужое аж да пакланення, // Сваё любі да самазабыцця”, — паведаміла Ірына Лявонаўна.
І гэтую думку не толькі словамі, але і справай пацвярджаюць калегі Ірыны Лявонаўны. Многія настаўнікі Камайскай школы — яе выпускнікі.
Светлакрылы птах
У сваіх словах пра любоў да роднай зямлі кожны з камайскіх педагогаў, з кім гутарыў падчас сустрэчы, абавязкова называў старадаўні храм. Асабліва кранальным быў аповед былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Генавефы Ігнацьеўны Дубіловіч.
— Гэта адзін з унікальных храмаў нашай краіны. Сімвалічна, што касцёл (храм духоўнасці) знаходзіцца побач са школай — храмам навукі. Калі знадворку ён выглядае даволі сурова, то ўсярэдзіне — прыгожа і радасна, славіцца сваім багатым убраннем, а на сценах можна ўбачыць некалькі памятных дошак у гонар людзей, жыццё якіх было звязана з камайскім касцёлам. Адна з рэліквій касцёла — абраз “Хрыстос і сірата”, які намаляваў у апошні год свайго жыцця мастак Альфрэд Ромер, які жыў непадалёк у маёнтку Каралінова. У 1915 годзе тут пачынаў святарскую дзейнасць знакаміты паэт Казімір Сваяк. Менавіта яму ў касцёле была ўстаноўлена першая памятная шыльда. У самы цяжкі час у гісторыі храма, у гады Вялікай Айчыннай вайны, тут служыў Андрэй Булька. Ён хаваў у сябе партызанскага камандзіра. Дзякуючы такому подзвігу, у пасляваенныя гады храм не зачыняўся, — паведаміла былая настаўніца.
Калі мы стаялі ўжо знадворку храма і ўглядаліся ў яго магутныя вежы, Генавефа Ігнацьеўна пачала размерана дэкламаваць свой верш: “Камайскі касцёл — светлакрылы птах. // Камайскі касцёл, ты славуты ў вяках. // Не раз твае сцены асаду трымалі, // Ад стрэлаў чужынцаў людзей ратавалі. // Не раз пацярпеў ты ад зграі варожай, // А сёння ўзвышаешся строга, прыгожа…”
Мужны ўчынак
Прыгожа ўзвышаецца і касцёл святога Андрэя ў Лынтупах. Хоць сваім узростам ён значна маладзейшы за камайскі храм, аднак яго лёс не менш пакручасты.
— У ліпені 1944 года, калі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту вызвалялі Лынтупы, немцы заселі на вежах касцёла. З кулямётаў і снайперскіх вінтовак выдатна прастрэльвалі ўсю мясцовасць. У камандавання Чырвонай Арміі быў даволі просты варыянт вырашэння праблемы — артылерыйскім абстрэлам знішчыць храм, а разам з ім фашыстаў. Аднак сярод савецкіх афіцэраў знайшоўся знаўца архітэктуры, які сказаў, што храм узведзены ў стылі барока і яму не менш за 300 гадоў. Унікальны касцёл трэба захаваць. Доля праўды ў яго словах была. Касцёл, сапраўды, падобны на барочныя храмы, але па ўсіх канонах павінен быць моцным, прыземленым, а ён лунае, нібы птах, вежы, здаецца, трымаюць неба. Такая архітэктурная асаблівасць тлумачыцца тым, што касцёл узведзены ў стылі неабарока. На момант вызвалення Лынтуп ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яму было ўсяго 30 гадоў.
Як бы там ні было, але, дзякуючы гэтаму рашэнню, храм быў выратаваны. Камандаванне выдзеліла групу байцоў на чале з сяржантам Канстанцінам Галубковым і адправіла на вежы касцёла знішчаць фашыстаў. Завязаўся бой, у якім мужны сяржант загінуў. За той подзвіг ён пасмяротна атрымаў званне Героя Савецкага Саюза і пахаваны разам з баявымі таварышамі побач з касцёлам у брацкай магіле, — паведаміў настаўнік гісторыі Лынтупскай сярэдняй школы Сяргей Сцяпанавіч Васільеў.
Помнік каханню
Гісторыя ўзвядзення храма, як і гісторыя ўзвядзення арыгінальнага двухпавярховага палаца, звязана з імем былога ўладальніка гэтых мясцін Юзафа Бішэўскага.
Па словах настаўніка, да пачатку ХХ стагоддзя Лынтупы ў архітэктурным плане нічым асаблівым не вылучаліся — забудова была ў асноўным драўлянай, цаглянымі былі толькі некалькі яўрэйскіх дамоў. Аднак у 1907 годзе Юзаф будуе на востраве, акружаным чатырма штучнымі сажалкамі, якія злучаюцца каналамі, шыкоўны палац. Упрыгажэннем вострава сталі мармуровыя скульптуры, а таксама арыгінальная ляпніна самога палаца. З гэтымі ляпнінамі звязана адна з цікавых легенд.
— Паводле першай, малады шляхціц Юзаф Бішэўскі закахаўся ў Парыжы ў прыгожую французскую актрысу, а тая ў сваю чаргу паабяцала выйсці за яго замуж, калі ён пабудуе для яе шыкоўны палац. Бішэўскі хутка паехаў дадому і загадаў узвесці такі для сваёй каханай. Кожны пакой палаца меў багатае ўбранне, розную колеравую гаму і арыгінальную назву (кітайскі, маўрытанскі і г.д.). Але, нягледзячы на ўсе старанні Бішэўскага, капрызная францужанка, наведаўшы Лынтупы, не ацаніла яго працу, сказала, што ў яе бацькоў стайні і тое больш шыкоўныя, і паехала назад у Парыж. Сэрца Юзафа было разбіта, ён стаў засмучаны і перабраўся жыць у невялікі флігель, а ў самім палацы ішлі бясконцыя гулянні. Так лынтупскі палац стаў своеасаблівым помнікам
нераздзеленаму каханню, — паведаміў, стоячы пад сценамі палаца, настаўнік.
Потым Сяргей Сцяпанавіч прапанаваў уважліва прыгледзецца да ляпніны на будынку. Па яго словах, у вобразе грэчаскай багіні прадстаўлена тая самая французская актрыса, а Зеўс — гэта сам Юзаф. Яшчэ адна легенда звязана з падземнымі хадамі, якія быццам вялі ад палаца, і ў адным з падземных хадоў Юзаф Бішэўскі схаваў частку свайго скарбу.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны будынак палаца аддалі школе, а ў самім флігелі, дзе жыў Бішэўскі, размяшчалася экспазіцыя школьнага музея. Сёння палац на рэканструкцыі. Мясцовыя жыхары спадзяюцца, што пасля яе завяршэння кожны жадаючы зможа прайсціся па шыкоўных пакоях, аформленых у розных стылях, палюбавацца прыгажосцю арыгінальнага помніка нераздзеленаму каханню.
— Дык гэта легенда ці праўда? — пытаюся напрыканцы экскурсіі ў настаўніка.
— Хутчэй за ўсё праўда. Хіба ў жыцці такога не бывае? — задуменна адказаў настаўнік.
Сапраўдны цуд
Так, у жыцці рознае здараецца. Наогул, слухаючы цікавыя аповеды педагогаў-краязнаўцаў, заўважыў такую акалічнасць: лёс кожнага помніка архітэктуры, як і лёс любога чалавека, насычаны, пакручасты. У ім і радасныя імгненні, і чорныя перыяды. Аднак тое, што мы сёння можам любавацца тым жа камайскім касцёлам або барочнымі дамамі рамеснікаў, якія шмат разоў маглі быць знішчаны падчас шматлікіх войнаў і ліхалеццяў, але дайшлі да нашых дзён, хіба не з’яўляецца цудам? Будзем захоўваць гэты цуд, беражліва ставіцца да нашай багатай архітэктурнай спадчыны.
***
Павел Юр’евіч Трава, начальнік аддзела па адукацыі Пастаўскага райвыканкама:
— На тэрыторыі нашага раёна захавалася шмат помнікаў архітэктуры. У Паставах — унікальны барочны ансамбль на плошчы Леніна, у Камаях — храм-крэпасць, у Лынтупах — арыгінальная вежа, якая ўпрыгожвае герб гарадскога пасёлка, а таксама палац, касцёл. І такія прыклады можна прывесці практычна па кожным населеным пункце. Усе гэтыя аб’екты вывучаюць нашы настаўнікі і вучні. З работай у гэтым напрамку прапануем азнаёміцца на прыкладзе Пастаўскай гімназіі, Камайскай і Лынтупскай сярэдніх школ.
Акрамя таго, помнікі архітэктуры ўключаюцца ў экскурсійныя маршруты, распрацаваныя педагогамі. Напрыклад, маршрут “Дарогамі памяці, дарогамі гісторыі” распрацавала намеснік дырэктара Дунілавіцкай сярэдняй школы Вольга Антонаўна Андрэйчык. “Чароўнымі сцяжынкамі Пастаўшчыны” прапануе прайсціся настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 1 Паставаў Марына Браніславаўна Цітовіч. Святлана Пятроўна Латыш з Навадруцкай базавай школы таксама раскажа шмат цікавага пра родны край на аснове праектна-даследчай работы “Гісторыя малой радзімы — вёска Асінагарадок і аграгарадок Парыж”. А загадчык аддзела Пастаўскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Марына Георгіеўна Мышко склала каталог помнікаў і месцаў пахавання часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара