Чаму плачуць дзеці?

Раніцай у дзіцячым садзе амаль з кожнай групы можна пачуць дзіцячы плач, незалежна ад таго, гэта група малодшага ўзросту ці старэйшага. Развітанне з мамай балюча не толькі для навічкоў, але і для дашкольнікаў “са стажам”. Чаму дзеці ўпадаюць у істэрыку? — гэтае пытанне турбуе не толькі бацькоў, але і выхавальнікаў.

Самай распаўсюджанай прычынай дзіцячых слёз з’яўляецца нежаданне мяняць сфарміраваныя звычкі: рана ўставаць, дзяліцца цацкамі, строга падпарадкоўвацца правілам і, самае галоўнае, на доўгі перыяд развітвацца з мамай. Нават самыя сацыяльна адаптаваныя дзеці напружана перажываюць гэты перыяд. І нават калі ў першы тыдзень наведвання сада яны ўспрымаюць гэта як гульню і не плачуць, то да другога тыдня адбываецца ўсведамленне сітуацыі і з’яўляюцца слёзы. Слёзы ў адаптацыйны перыяд не працяглыя пры ўмове, што дзіця сістэматычна, без пропускаў, наведвае дзіцячы сад. Калі ж дзіця часта хварэе і на доўгі час выбывае з калектыву, гэты працэс можа расцягнуцца на месяц, а тое і больш.

Калі ж плача дашкольнік “са стажам”, то ў такім выпадку можна гаварыць пра сфарміраваны ў дзіцяці рытуал развітання. У гэтым выпадку слёзы — неабходны элемент развітання. Такім чынам дзіця імкнецца атрымаць дадатковую порцыю ўвагі ад аднаго з бацькоў (мамы, таты), магчыма, ад работніка сада, якому ён сімпатызуе (выхавальнік, нянька). Часцей за ўсё гэтая істэрыка заканчваецца, як толькі бацькі выходзяць з групы, і ўвечары дзіця з задавальненнем дзеліцца ўражаннямі пра садок. У гэтым выпадку бацькам трэба пастарацца змяніць гэты рытуал.

Новы рытуал развітання. Бацькам трэба абмеркаваць з дзіцем сітуацыю: “Сёння нам раздавалі вітамінкі добрага настрою. Я дам яе табе заўтра раніцай, калі мы прыйдзем у дзіцячы сад і пераапранёмся. Гэтую вітамінку даюць дзецям, каб яны не плакалі”. Дзіця здзіўлена і заінтрыгавана. У якасці вітамінкі можна даць аскарбінку або невялікі ледзянец, які дзіця яшчэ не каштавала, або што хочаце, на ваш выбар. Дзіця захоплена смачненькім у роце і забывае пра слёзы. Важна: нельга даваць гэтае смачнае ў іншы дзень і іншы час, па-за садком. Інакш смачнае перастане выклікаць прыемную асацыяцыю з прыходам у сад і развітаннем з мамай.

Любімая цацка. Дазвольце дзіцяці браць з сабой у дзіцячы сад любімую цацку. Так дзіця будзе адчуваць сябе абароненым. Можна прыдумаць гісторыю, што дзіця — гэта мама, а ў дзіцячы сад ідзе цацка. Яны разам застануцца там, каб цацка не плакала, а ўвечары вернуцца дадому. Так дзіця бярэ на сябе ролю дарослага, і яму сорамна будзе плакаць, бо дарослыя не плачуць.

Бабуля, тата, мама. Паспрабуйце прыводзіць дзіця ў дзіцячы сад па чарзе і высветліць, з кім яно не будзе плакаць.

Любімы выхавальнік. Папрасіце выхавальніка ці таго, каму дзіця сімпатызуе, браць яго раніцай за руку, сустракаць у раздзявалцы. Ніколі не высвятляйце адносіны ў прысутнасці дзяцей, не выказвайцеся негатыўна ў адрас выхавальнікаў і дзіцячага сада.

Памятайце! Дзеці — гэта маленькія псіхолагі, якія адчуваюць настрой мамы, яе адносіны да дзіцячага сада, яго работнікаў і, адпаведна, чым лепшыя адносіны мамы, тым камфортней дзіцяці, тым менш яно перажывае і плача. Любіце сваіх дзяцей, шкадуйце, адкладзіце ўсе справы і пагуляйце з імі ўвечары, запоўніце недахоп увагі і ласкі. Магчыма, тады вашы дзеці перастануць плакаць раніцай і ў дзіцячым садзе мы будзем чуць толькі іх смех.

Вольга УРБАНОВІЧ,
выхавальніца ясляў-сада № 72 Гродна.