Чаму Салігорск параўноўваюць з горадам-садам, горадам чатырох стыхій?

- 12:20Репортаж, Родная земля

Як спачатку называўся Салігорск і што азначаюць сімвалы на арыгінальных муралах яго шматпавярховых дамоў? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведаўся падчас прагулкі па адным з самых маладых і прыгожых гарадоў Беларусі.

Малады, унікальны

Салігорск не толькі малады і прыгожы, але і ўнікальны. Па-першае, ён кампактны, што тлумачыцца геаграфічным становішчам. Вакол горада пад зямлёй шахты, таму весці будаўніцтва над імі небяспечна. Адзінае месца, дзе сёння ўзводзяцца новыя жылыя мікрараёны, — напрамак трасы Мінск — Мікашэвічы.

Па-другое, Салігорск мае самую высокую ў краіне шчыльнасць насельніцтва: на 15 км2 тут пражывае 97 тысяч чалавек. Пры гэтым на вуліцах прасторна, утульна, шматпавярховыя дамы гарманічна чаргуюцца з зялёнымі насаджэннямі, а гарадскія пейзажы дапаўняюцца арыгінальнымі скульптурамі, помнікамі. Трэба аддаць належнае архітэктарам і будаўнікам, яны заўсёды імкнуліся зрабіць горад шахцёраў камфортным для жыцця. Ды і самі салігарчане не заставаліся ўбаку: клумбы, кветнікі ў дварах дамоў і на тэрыторыі ўстаноў створаны іх працавітымі рукамі.

Па-трэцяе, нягледзячы на невялікі ўзрост горада, тут ужо ёсць свае адметныя помнікі архітэктуры. Чаго варты толькі клуб будаўнікоў, узведзены ў 1959 годзе! Выкладзены з цэглы надпіс і ўзоры на франтоне, арыгінальныя драўляныя дзверы, а побач — двухпавярховыя дамы той жа эпохі, і ўсё гэта пад шатамі разгалістых клёнаў, каштанаў… Такія атмасферныя куточкі выклікаюць эстэтычнае задавальненне, жаданне няспешна прагульвацца, атрымліваць асалоду ад гарадской аўтэнтыкі і, безумоўна, вывучаць гісторыю Салігорска.

Архітэктурныя адметнасці

Азнаёміцца з цікавай архітэктурнай спадчынай горада нам дапаможа загадчык аддзялення адукацыйнага турызму Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Салігорскага раёна Іван Яўгенавіч Жукаў.

Па яго словах, клуб будаўнікоў на 250 месцаў быў адным з першых будынкаў па вуліцы Ленінскага Камсамола. Пасля адкрыцця адразу ж стаў цэнтрам культурнага жыцця горада. Пачалі складвацца і свае традыцыі — летам 1961 года на беразе Случы ўпершыню правялі маладзёжны фестываль. Наогул на гэтай вуліцы шмат будынкаў з характарыстыкай “першы”: першы Дом культуры, першая школа, першая аўтастанцыя, першы прадуктовы магазін, першы рэстаран…

Іван Яўгенавіч Жукаў як прафесійны экскурсавод вобразна, цікава, захапляльна раскажа пра кожны з 67 насычаных гадоў гісторыі Салігорска. Педагогам дадатковай адукацыі распрацаваны некалькі аўтарскіх экскурсій. Сярод іх “Салігорск — прамысловы цэнтр Беларусі”, “Салігорск праваслаўны”. Захопленасцю мінулым горада педагог абавязаны свайму настаўніку гісторыі з сярэдняй школы № 3 Іосіфу Малюкевічу.

У 1958 годзе адначасова з будаўніцтвам калійнага камбіната пачынаецца ўзвядзенне горада шахцёраў. Мясцовасць была выбрана маляўнічая. З аднаго боку працякае ціхая паўнаводная Случ, з другога — раскінуўся вялізны лясны масіў. Паступова зносіліся вёскі Вішнёўка, Кавалёва Лаза, Пясчанка, Пакроўка, Круты Бераг, Сяльцо, Цесліна, а на іх месцы з’явіліся гарадскія вуліцы, дамы, вадасховішча.

Салігорск задуманы архітэктарамі як горад-сад: жылыя сектары суседнічаюць з зялёнымі скверамі, паркамі, садамі. Упрыгажэннем горада з’яўляецца Салігорскае вадасховішча, створанае ў 1967 годзе на рацэ Случ. Ля ­ўзбярэжжа раскінулася лесапаркавая зона — папулярнае месца адпачынку. Адной з галоўных славутасцей горада з’яўляецца парк чатырох стыхій. Паводле задумы архітэктара Аляксандра Сабалеўскага, ён увасабляе гарманічнае спалучэнне агню, вады, зямлі і паветра. Таму зялёны масіў падзелены алеямі на сектары, кожны з якіх прысвечаны адпаведнай стыхіі. Наведвальнікі парку могуць паслухаць сімфоніі ветру на алеі “Трубачкі, якія гучаць”, пагуляць з сонечнымі зайчыкамі, адпачыць ля фантана і нават убачыць вісячыя сады.

— Будаўнічую пляцоўку разбілі на кварталы, а вуліцам першапачаткова прысвойвалі нумары. Першыя ж назвы былі такія: Будаўнічая і Шахцёрская. Гістарычнай зонай Салігорска з’яўляецца будаўнічы квартал № 23. Менавіта тут нараджаўся горад. Каля сімвалічнага каменя ў гонар заснавання горада заклалі фундаменты аднапавярховых інтэрнатаў. У 1959-м з’явіўся і першы 16-кватэрны двухпавярховы цагляны дом.

Асаблівая ўвага ўдзялялася ўзвядзенню сацыяльных аб’ектаў, у першую чаргу школ, паколькі на будаўніцтва горада прыязджала шмат маладых сем’яў. 1 верасня 1959 года адкрылася пачатковая руская школа на чатыры класы. Яна размясцілася ў трох пакоях пад адным дахам з паліклінікай. У наступным годзе заняткі пачаліся ў асобным будынку, разлічаным на 520 месцаў. Сёння гэта адзін з вучэбных карпусоў Салігорскага дзяржаўнага каледжа. У Дзень ведаў 1963 года вучняў прыняла сярэдняя школа № 2. Новыя ўстановы адукацыі адкрываліся з інтэрвалам у 2—3 гады, — паведаміў Іван Яўгенавіч.

Горад актыўна забудоўваўся. Узводзіліся мікрараёны Камсамольскі, Цэнтральны… Побач з аднапавярховымі драўлянымі інтэрнатамі з’яўляліся двухпавярховыя цагляныя дамы, потым — хрушчоўкі, затым — брэжнеўкі. Сапраўдным будаўнічым бумам сталі 1980-я гады. Многія сённяшнія шматпавярховікі, якія ўпрыгожваюць вуліцы горада, узводзіліся менавіта ў той час. Асаблівай жамчужынай Салігорска ў 1984 годзе стаў будынак аўтавакзала. Яго экстэр’ер і на сённяшні дзень выглядае арыгінальна, сучасна, а што ўжо гава­рыць пра 1980-я гады. Кожны, хто быў у Салігорску праездам, безумоўна, звяртаў увагу на арыгінальны вакзал. Упрыгажэннем будынка з’яўляецца вежа з гадзіннікам, якую мясцовыя жыхары адразу ж назвалі салігорскім Біг-Бэнам.

— Наш самы малады сквер Сям’і, любові і вернасці адкрыты ў 2019 годзе. Тут ёсць розныя актыўнасці для моладзі, дзяцей. З часам, калі дрэвы вырастуць, сквер стане яшчэ больш прыгожым. Гэта, дарэчы, дыпломная работа студэнтаў архітэктурнага факультэта БНТУ. Побач скульптура святой Варвары — ахоўніцы шахцёраў. У горадзе ёсць праваслаўны храм, прысвечаны святой пакутніцы, а новы руднік, які будуецца, атрымае назву Варварынскі. Наша гордасць — кафедральны сабор Нараджэння Хрыстова. Будаваўся ён, як кажуць, усёй грамадой і быў асвечаны ў 2018 го­дзе, юбілейным для горада, — паведаміў Іван Яўгенавіч, калі мы разам прагульваліся ўздоўж славутасцей горада па вуліцы Канстанціна Заслонава.

Драўляная святыня

Не менш цікавая гісторыя ў яшчэ адной праваслаўнай святыні горада — драўлянага Свята-Пакроўскага храма, узведзенага ў канцы XVIII стагоддзя ў стылі барока. Канечне, салігорскім гэты храм можна назваць умоўна, паколькі афіцыйна ён знаходзіцца на тэрыторыі вёскі Чыжэвічы, але тая фактычна злілася з горадам, і храм выдатна дапаўняе гарадскі пейзаж.

Вядомы такі факт: згодна з генеральным планам, дарога на першы руднік павінна была прайсці праз вёску Чыжэвічы, а царква падлягала зносу. Аднак будаўнікі беражліва аднесліся да святыні і перанеслі дарогу на некалькі соцень метраў убок. Дзякуючы гэтаму, Свята-Пакроўская царква сёння з’яўляецца адзіным на тэрыторыі Салігорскага раёна драўляным помнікам больш чым 200-гадовай даўнасці.

— Гэты храм любіў спачылы Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. Уладыка часта прыязджаў сюды, а на богаслужэнні з яго ўдзелам заўсёды збіралася шмат салігарчан, — адзначыў Іван Яўгенавіч.

Пачатак гісторыі

Роўна за кіламетр ад чыжэвіцкага храма знаходзіцца свое­асаблівае гарадзішча, адкуль “пайшоў горад Салігорск”. Канечне, гэта не помнік археалогіі ў яго класічным разуменні. Аднак сквер “Маладосць” можа смела выконваць яго ролю, бо менавіта адсюль пачала адлічвацца гісторыя Салігорска.

На месцы сённяшняга велічнага помніка, пастаўленага ў гонар заснавання Салігорска, 10 жніўня 1958 года адбыўся ўрачысты мітынг, які абвясціў усяму свету, што хутка на беразе Случы вырасце прыгожы горад. Так і сталася. Спачатку ён называўся Новастаробінск, аднак у 1963 годзе быў перайменаваны ў мілагучны Салігорск.

Па словах Івана Жукава, помнік у выглядзе арыгінальнай чашы сімвалізуе рукі. Менавіта працавітымі рукамі салігарчан і быў пабудаваны горад. А з адваротнага боку белых стэл змешчаны фотаздымкі аб’ектаў, узведзеных галоўнай будаўнічай арганізацыяй горада — будтрэстам № 3.

Наогул пра помнікі Салігорска варта сказаць асобна. Не менш арыгінальным і велічным з’яўляецца помнік шахцёру, пастаўлены да 20-годдзя горада. Аўтар — скульптар Генадзь Буралкін, былы настаўнік сярэдняй школы № 1 Салігорска. Гэта яго дыпломная работа. Праз два гады, у 1980-м, у цэнтры горада з’явіўся помнік Леніну, створаны народным мастаком БССР Андрэем Бембелем.

Родныя сімвалы

На ўездзе ў Салігорск з боку Мінска нельга не заўважыць 12-павярховы дом з арыгінальнымі мураламі. На адной бакавой сцяне — народныя ўзоры на сінім фоне, на другой — хвалістыя палосы белага, карычневага, светла-чырвонага колеру.

— Хтосьці з гасцей, калі ўпершыню бачыць гэты мурал, жартуе, што гэта беларускае сала з праслойкамі, — з усмешкай тлумачыць Іван Жукаў. — На самай справе гэты незвычайны мурал сімвалізуе слаі залягання калійных солей. Напрыклад, чырвоны колер — сільвініт, з якога робяць калійныя ўгнаенні.

Калі прагуляцца па гора­дзе, можна налічыць некалькі дзясяткаў дамоў, упрыгожаных мураламі. Гэта і ўзоры на дамах сучасных мікрараёнаў, і пано на шматпавярховіках 1970-х гадоў з характэрнай для той эпохі выявай камсамольцаў-шахцёраў. На бакавых фасадах дамоў можна ўба­чыць пейзажы беларускай прыроды з яе славутым сімвалам — буслом. Такія творы сучаснага стрыт-арту знаходзяцца на вуліцы Казлова.

Чытаючы вуліцы…

Дарэчы, пра вуліцу, названую ў гонар Васіля Іванавіча Казлова, падрабязна раскажуць у сярэдняй школе № 11 Салігорска. Больш за тое, пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяны Міхайлаўны Шкраба вучаніцай 11 класа Альмірай Таміла ў гэтым годзе ў рамках рэспубліканскага конкурсу “Дарогамі воінскай славы” быў створаны экскурсійны праект “Чытаем вуліцы, як кнігі…”.

Праект накіраваны на захаванне ў першую чаргу сярод моладзі памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. Самы дзейсны спосаб зрабіць гэта — азнаёміць экскурсантаў з лёсам людзей, чые імёны носяць вуліцы роднага горада. У аснову маршруту пакла­дзена веласіпедна-пешаходная экскурсія па горадзе працягласцю 11 км.

— Пачынаецца экскурсія ад нашай установы адукацыі па адрасе Багамолава, 17. Далей група рухаецца па вуліцах Алены Стэмпкоўскай, Канстанціна Заслонава, Васіля Казлова з наведваннем сярэдняй школы № 5, якая носіць яго імя. Потым на вуліцы Васіля Каржа нас чакае знаёмства з жыццём легендарнага партызанскага камандзіра, Героя Савецкага Саюза. Таксама маршрут пралягае па вуліцы Леніна ў Салігорскі краязнаўчы музей, дзе для навучэнцаў праводзіцца экскурсія. Завяршаецца маршрут зноў жа каля нашай школы, — паведаміла Таццяна Міхайлаўна.

100 рабін каля школы

Як гісторыя Месяца цесна звязана з гісторыяй Зямлі, так і гісторыя Салігорска непарыўна знітавана з мінулым Старобіна. Невыпадкова і першая назва Салігорска — Новастаробінск.

Таму, безумоўна, пасля знаёмства з адметнасцямі горада шахцёраў нельга не завітаць у госці да яго старэйшага брата. Тым больш што тут жывуць такія ж працавітыя людзі, якія сваімі клапатлівымі рукамі робяць гарадскі пасёлак прыгажэйшым, а яшчэ актыўна даследуюць яго мінулае. У выніку нараджаюцца ўнікальныя праекты.

Як вядома, рэалізацыя таго ці іншага праекта немагчыма без зацікаўленасці, апантанасці, захопленасці канкрэтных людзей. У нашым выпадку такім чалавекам з’яўляецца педагог-арганізатар настаўніца беларускай мовы і літаратуры Старобінскай сярэдняй школы Людміла Раманаўна Рудэнка. У Год гістарычнай памяці па яе ініцыятыве і пры непасрэдным ўдзеле ў Старобіне з’явілася алея Адраджэння, на якой высаджаны 100 рабін. Чаму менавіта 100, думаю, здагадацца нескладана. Менавіта ад гэтага спалучэння слоў, як мяркуецца, і ўтварылася назва Старобін. Наогул існуе як мінімум 7 легенд пра пахо­джанне назвы. І пра 100 рабін, і пра 100 рабынь (мясцовых жанчын, якіх калісьці быццам бы захапілі мангола-татары), і пра 100 равінаў, якія тут раней жылі…

Не толькі гэтыя легенды даследуе настаўніца. Адным з асноўных напрамкаў яе краязнаўчай дзейнасці з’яўляецца збор фальклорнай спадчыны краю, які вядзецца ў рамках праекта “Нашчадкі традыцый”. Аднак самым значным дасягненнем педагог лічыць сёлетнюю перамогу на рэспубліканскім конкурсе маладзёжных ініцыятыў, на які ра­зам з актывісткай БРСМ вучаніцай 10 класа Верай Малькевіч яна прадставіла краязнаўчы праект “Старобін учора і сёння”. У якасці прыза школа атрымала грант на ўнушальную суму — 50 тысяч рублёў. Таму ў Год добраўпарадкавання Людміла Раманаўна зможа ажыццявіць сваю даўнюю мару — на тэрыторыі гарадскога пасёлка ў парку “Случ” будзе створана культурна-адпачынкавая пляцоўка для моладзі.

— Старобін упершыню згадваецца ў 1646 годзе як уладанне Радзівілаў. На галоўных яго вуліцах сяліліся кавалі, рамеснікі, цесляры, якія былі ў асноўным яўрэямі. З адкрыццём торфабрыкетнага завода ў 1970-я гады ў пасёлку пачала развівацца інфраструктура і з розных куточкаў Палесся сюды прыехалі сяляне. Так пачалося перапляценне яўрэйскай культуры і палескіх традыцый. Менавіта гэты факт знайшоў адлюстраванне ў нашым краязнаўчым праекце, — паведаміла Людміла Раманаўна.

Дзякуючы перамозе ў конкурсе і выйгранаму гранту, у старобінскай моладзі з’явіцца выдатнае месца не толькі для адпачынку, але і для знаёмства з гісторыяй гарадскога пасёлка. На тэрыторыі парку “Случ” плануецца стварыць некалькі тэматычных зон. Іх упрыгожыць стылізаваная драўляная карчма “Стары Бін”, крэпасць у сярэднявечным стылі (тут будзе інтэрактыўная пляцоўка для дзяцей з комплексам збудаванняў для спартыўных і развіццёвых гульняў). На лакацыі “Беларускі карагод” з’явіцца вулей і борць, прасніца як сімвал кола гісторыі, козлы для рэзкі бярвенняў і для спаборніцтваў з падушкамі, драўляны плот з глінянымі вырабамі, саха, барана. У лакацыі “Яўрэйская майстэрня” будзе абсталявана жалезная швейная машынка, капыл для вырабу абутку. Азнаёмяцца наведвальнікі і з дэкаратыўным вадзяным млыном. Сустракаць гасцей будзе банер з інфармацыяй аб гісторыі і развіцці пасёлка, схемай лакацый. Таксама ў парку будзе ўстаноўлена разумная лаўка з QR-кодам, які дапаможа даведацца пра легенды аб назве Старобіна і ракі Случ.

Галоўнае — жаданне

Праца Людмілы Раманаўны з’яўляецца яскравым прыкладам таго, што любыя, нават самыя смелыя задумы, накіраваныя на ўпрыгожванне роднага краю, могуць быць рэалізаваны. Галоўнае — жаданне. Калі яно ёсць, то абавязкова ўсё атрымаецца. У наступных нумарах мы азнаёмім нашых чытачоў з іншымі карыснымі і арыгінальнымі ініцыятывамі педагогаў Салігорскага раёна.

***

Начальнік упраўлення па адукацыі Салігорскага райвыканкама Ігар Аляксандравіч Цыбулька:

— Нашаму маладому і прыгожаму Салігорску ўсяго 67 гадоў, аднак ён можа пахваліцца цікавымі аб’ектамі. Гэта і савецкая забудова розных перыядаў, і сучасныя будынкі, і помнік шахцёрам, і парк чатырох стыхій.

У горада багатыя традыцыі добраўпарадкавання, таму гасцям для знаёмства параіў бы няспешна прайсціся па вуліцах і абавязкова зазірнуць ва ўтульныя двары. Сёння гэтая прыгажосць ствараецца ў тым ліку настаўнікамі і вучнямі. Таксама яны актыўна вывучаюць мінулае роднага краю, а вынікамі дзеляцца на раённым конкурсе даследчых работ “Слаўны горад сваімі людзьмі”.

Заўсёды цікава пра гісторыю горада расказвае загадчык аддзялення адукацыйнага турызму Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і мола­дзі Салігорскага раёна Іван Жукаў. Экскурсію, падчас якой навучэнцы знаёмяцца з лёсам герояў Вялікай Айчыннай вайны, чые імёны носяць вуліцы Салігорска, распрацавала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 11 Таццяна Шкраба.

Шмат краязнаўчых праектаў створана педагогамі Доўгаўскай сярэдняй школы, а Старобінская сярэдняя школа, дзякуючы педагогу-арганізатару Людміле Рудэнка, выйграла грант на добраўпарадкаванне парку “Случ”. Цяпер Старобін стане яшчэ больш утульным.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара