Наведвальнікі музея працоўнай славы гімназіі № 1 Оршы імя Г.В.Сямёнава могуць азнаёміцца з нумарам “Настаўніцкай газеты” за 2 красавіка 1986 года. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Невыпадковая ідэя
Чаму ў экспазіцыі, прысвечанай гісторыі развіцця прадпрыемстваў горада, беражліва захоўваюцца пажаўцелыя старонкі галоўнага педагагічнага выдання краіны? Адказ дае другая паласа рарытэтнага нумара.
Кіраўнік музея Аляксей Кузьменка
Пад матэрыялам рубрыкі “Рашэнні XXVII з’езда КПСС — у жыццё!” — яркі, хоць і чорна-белы, фотарэпартаж са школьнага музея. На адным са здымкаў дзяўчына-экскурсавод у святочнай школьнай сукенцы знаёміць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з музейнымі стэндамі. На суседнім фота — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР ткачыха Любоў Улаховіч уручае камсамольскі білет Вячаславу Міронаву.
Гэтыя атмасферныя, як цяпер модна гаварыць, фотаздымкі зроблены падчас адкрыцця ў тагачаснай сярэдняй школе № 19 Оршы (сёння гімназіі № 1) музея працоўнай славы горада. Вось што прыгадала дырэктар гімназіі Наталля Пятроўна Кохава:
— У той час я працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры і прымала непасрэдны ўдзел у зборы экспанатаў, распрацоўцы канцэпцыі музея. Ідэя яго стварэння ўзнікла ў маіх калег у 1985 годзе і была падтрымана тагачасным дырэктарам Уладзімірам Пятровічам Печаньковым. Тэматыка музея невыпадковая. Орша — прамысловы горад. Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя тут працавалі вытворчыя майстэрні, заводы, чыгуначнае дэпо. Як і дзякуючы каму развівалася прамысловасць горада? Хто ствараў яго гісторыю, выгоды для народа? Адказы на гэтыя пытанні і павінна была даць новая музейная экспазіцыя.
Цікавыя пошукі
Пачаўся збор матэрыялаў. Настаўнікі, класныя кіраўнікі, вучні шукалі звесткі пра гісторыю прадпрыемстваў, герояў працы, сустракаліся з імі. Актыўна дапамагалі бацькі, якія працавалі на гэтых прадпрыемствах. Напрыклад, нашай суразмоўніцы было даручана сабраць і сістэматызаваць матэрыял пра ганаровых грамадзян горада, дэлегатаў з’езда КПСС.
Юны экскурсавод Варвара Рамкова
Гэта цяпер, каб знайсці звесткі пра вядомага земляка, дастаткова напісаць запыт на пошукавым сайце — і, калі ласка, дзясяткі сайтаў дапамогуць скласці падрабязную біяграфію. У 1985 годзе шукаць інфармацыю было складаней, але ў той жа час цікавей. Наталлі Пятроўне давялося непасрэдна сустракацца з будучымі героямі экспазіцыі, іх роднымі, калегамі, падоўгу гутарыць, запісваць успаміны. Незабыўным стаў пошук інфармацыі пра дэлегата XXIV з’езда КПСС, Героя Сацыялістычнай Працы, работніцу Аршанскага льнокамбіната Кацярыну Захараўну Рубіцель.
— Жанчына хоць і жыла ў Оршы, але была родам з Дубровенскага раёна. Дык мы з вучнямі адправіліся на яе малую радзіму. Распытвалі суседзяў, завіталі ў сельсавет, дзе нам дапамаглі сабраць неабходную інфармацыю, — падзялілася ўспамінамі Наталля Пятроўна.
Пра некаторых ужо меліся звесткі, напрыклад, былога дырэктара Аршанскага льнокамбіната, Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага работніка прамысловасці БССР Георгія Васільевіча Сямёнава, чыё імя з 2022 года з гонарам носіць установа адукацыі. На прадпрыемстве яму быў прысвечаны музейны куток, складзена асабістая і працоўная біяграфія. Гэтыя звесткі былі перададзены ў школьны музей.
Перадаць атмасферу эпохі
Сёння ў экспазіцыі прадстаўлены не толькі фотаздымкі Георгія Васільевіча, але і яго асабістыя рэчы, напрыклад, імянны пропуск на пажыццёвае наведванне цэхаў і аддзелаў ільнокамбіната, падораны знакамітаму аршанцу падчас выхаду на пенсію.
Дырэктар гімназіі Наталля Кохава знаёміць з раздзелам, прысвечаным Аршанскаму льнокамбінату
Наогул, ільнокамбінату як аднаму з горадаўтваральных прадпрыемстваў адведзены асобны раздзел. Тут расказваецца пра этапы станаўлення і развіцця прадпрыемства, яго прадукцыю. Цікава разглядваць рэпартажныя фотаздымкі, зробленыя калегамі-журналістамі ў эпоху стужкавай чорна-белай фатаграфіі ў цэхах камбіната. Здымкі цудоўна перадаюць атмасферу таго часу. Так што наведванне музея 1-й гімназіі Оршы — гэта яшчэ і знаёмства з арыгінальнай фотавыставай.
Разам з Наталляй Пятроўнай над стварэннем музея працавалі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Галіна Анатольеўна Дашко, педагогі Наталля Уладзіміраўна Арыка, Таццяна Паўлаўна Сырамалот, Людміла Ігнацьеўна Насовіч, Ігар Яўгенавіч Лашчык, Дзіяна Кірылаўна Гарбылёва, Таіса Фёдараўна Клімава, Людміла Ягораўна Анціпенка, Ларыса Леанідаўна Архіпава, Лізавета Львоўна Меркіна, Людміла Аляксееўна Русакова, Надзея Генадзьеўна Кучынская, Інеса Фёдараўна Такарэўская…
Уразіла не толькі колькасць настаўнікаў, якія працавалі над стварэннем музея, але і тое, што Наталля Пятроўна кожнага з былых калег называла па імені і імені па бацьку. Як патлумачыла дырэктар гімназіі, прычына простая: з названымі педагогамі быў з’едзены, як кажуць, не адзін пуд настаўніцкай солі, рэалізаваны многія праекты, гэтыя людзі пакінулі яркі след у гісторыі ўстановы адукацыі, а таксама ў жыцці яе сённяшняга кіраўніка.
Творчым калектывам педагогаў былі распрацаваны наступныя экспазіцыйныя раздзелы: “Гісторыя Оршы і праца жыхароў да 1917 года”, “Працоўныя дасягненні і жыццё гараджан з 1917 па 1941 год”, “Орша ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Ганаровыя грамадзяне горада Оршы”, “Георгій Васільевіч Сямёнаў”, “Прамысловыя прадпрыемствы горада”. Прадстаўленыя ў іх матэрыялы расказваюць пра гісторыю горада, асаблівасці жыцця аршанцаў у розныя эпохі.
Адказную місію быць першым кіраўніком музея даручылі настаўніцы гісторыі Наталлі Уладзіміраўне Арыка.
Захоўваючы традыцыі
— Адкрыццё музея прайшло 3 сакавіка 1986 года. Гэта было ўрачыстае, з пераразаннем стужкі і адначасова па-дамашняму ўтульнае мерапрыемства. Сярод ганаровых гасцей — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі прадпрыемстваў горада, настаўнікі, навучэнцы, якія падрыхтавалі экскурсію. Яркім момантам стаў прыём у члены УЛКСМ. Уручала камсамольскія білеты лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР адна з вядомых тады ткачых Любоў Улаховіч. Той момант якраз і адлюстраваны ў “Настаўніцкай газеце”. А нумар з фотаздымкам амаль 40 гадоў беражліва захоўваем і з гордасцю паказваем нашым наведвальнікам, — расказала Наталля Пятроўна.
Пад фотаздымкамі — тэкстоўка-апісанне, на якой чытаем: “Першых наведвальнікаў сустрэлі экскурсаводы сямікласніцы Алена Шылко, Алена Сырамалот, Іра Белавусава, Таццяна Красцьянанава, Галіна Ларчанка”. Юныя экскурсаводы даўно выраслі. Цікава, ці памятаюць яны момант адкрыцця музея, як знаёмілі яго наведвальнікаў з мінулым горада, гісторыяй прадпрыемстваў?
— Канечне, памятаюць, — адзначае Наталля Пятроўна. — Напрыклад, Іра Белавусава стала настаўніцай матэматыкі і цяпер працуе ў 6-й школе. Пэўны час яна працавала і ў роднай установе разам са мной. Яна заўсёды любіла прыходзіць у музей, часта ўспамінала свае вучнёўскія гады, як была экскурсаводам.
Што тычыцца гісторыі самога музея, то экспазіцыя пастаянна папаўняецца, распрацоўваюцца новыя экскурсіі, з’явіўся раздзел “Гарады-пабрацімы”. У 2019 годзе музей быў поўнасцю абноўлены. Сёння ён налічвае 163 прадметы асноўнага і 439 дапаможнага фондаў, з’яўляецца цэнтрам краязнаўчай работы і патрыятычнага выхавання. На яго базе працуе аб’яднанне па інтарэсах “Актывісты школьнага музея”, праводзяцца экскурсіі, ажыццяўляецца даследчая дзейнасць. Музейную эстафету ад Наталлі Уладзіміраўны Арыка ў свой час пераняла Людміла Аляксееўна Русакова, ад яе — Таццяна Паўлаўна Сырамалот. Сёння музеем кіруе выпускнік гімназіі настаўнік геаграфіі Аляксей Аляксандравіч Кузьменка.
У наступным годзе музей адзначыць 40-гадовы юбілей. Па традыцыі на ўрачыстасць будуць запрошаны ганаровыя госці: педагогі-ветэраны, сённяшнія і былыя работнікі прадпрыемстваў горада. Упэўнены, на гэтае свята — таксама па добрай традыцыі — завітае і “Настаўніцкая газета”. У музеі рады кожнаму госцю і не толькі з нагоды юбілейных дат.
***
Пра што пісала “Настаўніцкая газета” ў № 27 за 2 красавіка 1986 года
- На першай паласе — важная інфармацыя грамадска-палітычнага характару: выступленне генеральнага сакратара ЦК КПСС, навіны бюро ЦК Кампартыі Беларусі. З навін сістэмы адукацыі — падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да камуністычнага суботніка, завяршэнне рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў па шэрагу вучэбных прадметаў.
- Другая паласа знаёміць чытачоў з рашэннямі XXVII з’езда КПСС. Тут жа і фотарэпартаж з адкрыцця музея ў сярэдняй школе № 19 Оршы. Звяртае на сябе ўвагу рубрыка “Для цябе, пра цябе, класны кіраўнік”, дзе ў цікавай форме (фрагментамі з асабістага дзённіка) педагогі дзеляцца разважаннямі пра сакрэты выхавання падрастаючага пакалення. Таксама на паласе — матэрыял настаўніка гісторыі сярэдняй школы № 1 Касцюковіч У.Ламінскага пра гісторыю і тагачаснае жыццё Сялецкай сярэдняй школы.
- Трэцяя паласа — мазаіка адукацыйнага жыцця краіны. Уверсе чытаем матэрыял супрацоўніка Міністэрства асветы БССР “Усё пачынаецца з кадраў”, у цэнтры — два яркія фотафакты, а таксама матэрыял з Верхнядзвінскага раёна пра ход Усесаюзнага агляду сельскіх дашкольных устаноў. Справа калонкай — спартыўныя навіны са школ. Унізе — працяг вытрымак з дзённіка класнага кіраўніка.
- На чацвёртай паласе — рубрыка “Для вас і для дзяцей”. Тут рэпартаж з мінскага фірменнага магазіна-салона “Радыётэхніка”, парады, як выбраць для школьніка абутак, а таксама як вучыць дзяцей гуляючы. У цэнтры паласы — карысны “Урок беражлівасці”, прысвечаны хлебу.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай адукацыі