Апошнія папраўкі ў дыпломнай рабоце, абарона і… Ты ўжо спецыяліст. Наперадзе штосьці новае, што пужае і ў той жа час выклікае вялікую цікавасць. Работа па размеркаванні, дзе ты не будзеш вучнем, стажорам, тым, хто назірае. Ты асоба, на якую ўскладаецца адказнасць. Як і ў кожнага работніка, у цябе ёсць абавязкі, дакладны графік і функцыі на рабоце.
Так хутка праляцелі 5 гадоў навучання, і настаў час “ісці на свой хлеб”. І не так гэта проста, як здаецца нам, яшчэ ўчарашнім студэнтам, асвойваць прафесію, пра якую мы так многа ведаем у тэорыі і так мала на практыцы.
Дзе выкарыстаць свае веды выпускніку з хімічнай спецыяльнасцю? У Мінскім раёне і ў сталіцы дастаткова прадпрыемстваў, дзе ёсць работа для хіміка-тэхнолага. Пасля заканчэння БДТУ я апынулася на Мінскім трактарным заводзе ва ўпраўленні галоўнага тэхнолага. І скажу вам, што гэта нядрэнна, бо ў сённяшняй эканамічнай сітуацыі ва ўмовах крызісу ў краіне не так многа вакансій, рынак працы перапоўнены. І нам, выпускнікам універсітэтаў, без вопыту работы, зусім маладым не так проста працаўладкавацца. Таму, скончыўшы бюджэтнае аддзяленне і атрымаўшы статус маладога спецыяліста, ты ўсё ж такі маеш работу і абаронены законам (маладых спецыялістаў работадавец не мае права скарачаць).
Некаторыя ўспрымаюць адпрацоўку як “паншчыну” і лічаць дні да яе заканчэння, закрэсліваючы ў календары кожны мінулы дзень. Аднак я маю зносіны з многімі маладымі людзьмі з Украіны і Расіі, іх праграмы адукацыі не прадугледжваюць абавязковага працаўладкавання. І, паверце мне, яны вельмі зайздросцяць беларускім студэнтам. Так што, маладыя спецыялісты, адкладвайце свае календары і ручкі і старайцеся максімальна набірацца вопыту на сваёй рабоце. Гэта будзе значна больш карысна для вашай далейшай кар’еры.
І ўсё ж, якія цяжкасці чакаюць нас на рабоце? Канечне, як і на любым новым месцы (няхай у цябе будзе стаж работы хоць 20 гадоў), табе трэба зарабляць аўтарытэт. Бо ты прыйшоў у новы калектыў, цябе ніхто не ведае, не ведаюць і пра твае здольнасці, пра патэнцыял. А з-за маладога ўзросту дабівацца аўтарытэту яшчэ складаней. Так мне спатрэбілася крыху больш за год. І гэта было няпроста. Толькі ўчынкамі, правільнымі рашэннямі, дакладнымі ўказаннямі, адказамі на пастаўленыя пытанні я прыйшла да таго, што са мной пачалі раіцца, цікавіцца меркаваннем, прасіць праверыць і, канечне, давяраць.
Бо калі табе 23 гады, мала называцца Ганнай Сяргееўнай. Каб старэйшыя і больш вопытныя людзі называлі цябе па імені па бацьку не толькі з-за правіла добрага тону, трэба адпавядаць іх чаканням.
Яшчэ адным падводным каменем у пачатку працоўнага шляху ў нас, хто толькі прыйшоў з універсітэцкай лаўкі, з’яўляецца адсутнасць ведаў. І зусім не тэарэм і іх найскладанейшых доказаў. Гэта мы якраз памятаем выдатна. А ведаў, звязаных з практыкай, так званага практычнага вопыту. І яго не заслужыць, не атрымаць у выглядзе папяровага пасведчання, ды і не народзішся з ім зусім. Вопыт і навыкі прыходзяць з часам. І ох, як цяжка без яго нам, маладым спецыялістам!
Думаю, зараз кожны чалавек успамінае тыя гады, калі ўпершыню прыйшоў на сваю першую работу, і як яму было няпроста без таго багажу ведаў і вопыту, які ён мае на сённяшні момант. І ў мяне просьба, чытач. Калі ў вас на рабоце ёсць такія ж маладыя супрацоўнікі, якія маюць патрэбу ў дапамозе, не пакідайце іх, дапамажыце, падзяліцеся сваімі ведамі. Паверце, ваш багаж не зменшыцца, а да нашага — дабавіцца.
Так адбылося, што ў мяне на заводзе не было чалавека, які б усё растлумачыў, паказаў і ў якога можна было б набірацца вопыту. Аднак мяне акружае многа калег, якія дапамагаюць па розных пытаннях, часам трэба рабіць інтэрпаляцыю на сваю спецыфіку работы, кіруючыся падказкамі з іх практыкі. І так многія з нас, маладых спецыялістаў, як надакучлівыя мухі, прыстаюць з распытваннямі, просяць паўтарыць, пераправерыць. Але не адмаўляйце нам у гэтым. Паверце, так проста забіць цікавасць да работы адмовай. Бо, калі да вас звяртаюцца з пытаннямі, значыць, цэняць вас як спецыяліста, ведаюць, што вы ўмееце даступна тлумачыць. І ці не гэта найлепшая пахвала, няхай нават у такой схаванай форме?
Гэта не пустыя словы. Зараз, калі я ўжо адпрацавала 1,5 года, я не задаю пытанні ўсім без разбору. Я пытаюся толькі ў тых калег, якіх цаню, і ўпэўнена, што ў гэтым пытанні яны больш кампетэнтныя за іншых.
Не трэба забываць, што мы — моладзь ХХІ стагоддзя — таксама ў нечым абганяем астатніх работнікаў. Таму мне ў сваю чаргу прыемна, калі мае калегі просяць дапамогі ў мяне па рабоце з камп’ютарнымі праграмамі, назвамі хімікатаў, запісам формул (бо гэта мы добра памятаем з універсітэта, калі іншыя ўжо забылі).
Калектыў не выбіраюць, як і сям’ю. Напрыклад, у майго аднакласніка не склаліся адносіны з рабочым калектывам, дзе ён быў адзіным хлопцам сярод жанчын сталага ўзросту. І ў гэтым не толькі яго віна. Я таксама трапіла ў дарослы калектыў, але гэта не перашкаджае нам сябраваць і мець добрыя зносіны. Часам калегі ўспрымаюць мяне як дачку (унучку), клапоцяцца пра маё здароўе, як сваякі. А іншы раз дзеляцца сваімі тайнамі, як з роўным па ўзросце сябрам. З адной са сваіх калег я нават еду адпачываць на выхадныя ў суседнюю краіну.
Думаю, сакрэт здаровага мікраклімату ў калектыве заключаецца зусім не ва ўзросце і колькасці адпрацаваных гадоў, а ў жаданні ствараць камфортную атмасферу, якая б дапамагала ажывіць і ўпрыгожыць працоўныя будні.
І не заўсёды мы працуем толькі з адным калектывам. Я працую ў двух калектывах. Першы — гэта тэхнолагі і канструктары (упраўленне галоўнага тэхнолага, да якога я непасрэдна адношуся), а другі — гэта калектыў цэха, участак, які я курырую. І вось тут ужо зусім іншыя людзі — буду шчырай, з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, але з вялікім працоўным стажам і непараўнальным вопытам. Думаю, што чытачы, якія хаця б якім-небудзь чынам звязаны з вытворчасцю, мяне зразумеюць, што цэхавы калектыў няпросты. Усе супрацоўнікі розныя, з рознымі характарамі і адносінамі да работы. Ідэальную формулу зносін і паводзін у гэтым цэхавым калектыве я пакуль яшчэ не вынайшла, таму мне нялёгка. І ўсё ж я аптыміст: усё добрае яшчэ наперадзе. Галоўнае, я не даю сябе ў крыўду, а людзі любяць моцных, тых, хто не здаецца.
Але і “моцным” патрэбны адпачынак, каб перавесці дух. Часта калегі ў бюро расказваюць гісторыі, як здорава адпачывалі работнікі МТЗ раней (з часоў СССР па 2010-ы), як выязджалі на прыроду, якія арганізоўвалі канцэрты, спартакіяды. Але як бы мы ні хацелі арганізаваць тое ці іншае мерапрыемства, няхай нават самае цікавае (а ў час навучання іх было нямала), адным нам не справіцца. Каб дні адпрацоўкі не цягнуліся, як руціна, трэба збірацца разам, удзельнічаць у грамадскім жыцці. Прыцягвайце маладых арганізаваць вечарыну, свята або штосьці іншае, як раней. Паверце, моладзь калі і адмаўляецца ўдзельнічаць у мерапрыемствах, то толькі з сарамлівасці.
І, падводзячы вынікі, скажу: гатовы ці не гатовы малады спецыяліст пасля ўніверсітэта да работы, залежыць не толькі ад адзнак у дыпломе. Калі вы, старэйшыя, вопытныя калегі, дапаможаце нам, пойдзеце насустрач, дасце станоўчы прыклад, то наш лозунг будзе адназначным. Заўсёды гатовы! І мы нямала зробім для сваёй арганізацыі, і пойдзем далёка, дзякуючы вам.
Ганна ПІСАНІК.