Чаму вучыць даследчая дзейнасць?

- 10:18Адукацыйная прастора

Двухдзённы рэспубліканскі семінар “Арганізацыйна-педагагічныя ўмовы дзейнасці даследчага характару навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі” прайшоў на Гомельшчыне. Галоўнай ідэяй мерапрыемства было прааналізаваць і абмеркаваць работу як школьнікаў, так і настаўнікаў у гэтым кірунку, а таксама выпрацаваць адзіную пазіцыю адносна правядзення даследчай работы ў школах, гімназіях, ліцэях, адзіны падыход у краіне да граматнага кіравання даследчымі работамі навучэнцаў.

Месцам правядзення семінара сталі Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі і Рэчыцкі раённы ліцэй.

У першы дзень адбылося пленарнае пасяджэнне, на якім спецыялісты Міністэрства адукацыі, упраўленняў адукацыі, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, навукоўцы вялі размову аб арганізацыйна-метадычных асаблівасцях даследчай дзейнасці навучэнцаў, удасканальванні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў і ролі ўніверсітэта ў арганізацыі і суправаджэнні даследчай дзейнасці, значэнні ўдзелу дзяцей у рэгіянальных, міжнародных турнірах і канферэнцыях.

Як адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Сенчанка, сёння звычайны ўрок, які доўгі час быў найбольш эфектыўным для перадачы ведаў, атрымаў зусім іншую каштоўнасць. Змены ў сучасным грамадстве, звязаныя з эканамічным ростам краіны, а таксама ўзмацненне ролі навукі ў свеце патрабуюць развіцця новых педагагічных тэхналогій, важным становіцца навучанне школьнікаў самастойнаму пошуку інфармацыі і яе апрацоўцы. Якраз гэта і патрабуе шырокага выкарыстання ў адукацыйным працэсе метадаў і тэхналогій на аснове вучнёўскіх даследаванняў. У Беларусі даследчая дзейнасць сярод навучэнцаў даволі развітая. Разам з тым у многіх установах адукацыі яна носіць фрагментарны характар. Нярэдка адсутнічаюць этапы, характэрныя для даследавання, няма пэўнай задумы, адсутнічае навізна, актуальнасць пастаўленых задач, не ўлічваюцца абставіны, што праведзенае даследванне ўжо было недзе апісана раней. Праблемай з’яўляецца і тое, што часцей за ўсё даследчыя работы выконваюцца аднымі і тымі ж вучнямі. Па словах Алены Мікалаеўны, такія навыкі неабходна прывіваць усім без выключэння навучэнцам.

Спецыялісты лічаць, што пазбавіцца недахопаў дапаможа сістэмнасць і пастаянства. Інакш кажучы, зараз не хапае адзінага алгарытму. І семінар на Гомельшчыне — першы крок да змянення сітуацыі.

Перш за ўсё трэба падумаць над тым, як навучыць настаўніка працаваць у гэтым кірунку. Тут важную ролю адыгрывае павышэнне кваліфікацыі педагогаў. Дарэчы, прадстаўнік Міністэрства адукацыі адзначыла, што ў Гомельскай вобласці вучнёўская даследчая дзейнасць добра развіта. А рэгіянальны інстытут развіцця адукацыі праводзіць мэтанакіраваную работу па павышэнні кваліфікацыі настаўнікаў. Шэраг устаноў адукацыі з’яўляецца пляцоўкай для трансляцыі лепшага вопыту.

Не менш важная задача — прывабіць вучоных, спецыялістаў устаноў вышэйшай адукацыі, навуковых арганізацый для кансультавання па пытаннях даследчай дзейнасці. Зноў жа можна разглядаць праблему на прыкладзе Гомельшчыны. Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны і ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама ўжо шмат гадоў зладжана працуюць у адукацыйнай сістэме “школа — універсітэт — прадпрыемства”. Установа вышэйшай адукацыі пры гэтым бярэ на сябе не толькі (і не столькі) арганізацыйную функцыю. Падрабязней аб гэтым удзельнікам семінара расказаў дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і навучання замежных студэнтаў ГДУ Аляксандр Васільеў.

Займаючыся даследчай дзейнасцю, вучні не толькі вучацца збіраць і апрацоўваць інфармацыю, яны развіваюць шматлікія ўменні і навыкі: пісьменна, лаканічна і лагічна пісаць работу ці артыкул, даходліва афармляць вынікі і абгрунтаванні і пераканаўча прадстаўляць іх у вуснай прамове, ацэньваць працу іншага аўтара, пераканаўча і этычна весці дыскусію, смела выказваць сваю пазіцыю, праяўляць ініцыятыву, смеласць, знаходлівасць. Дададзім сюды ўменне прымаць самастойныя рашэнні і працаваць у камандзе, развіццё глыбокага агульнага навуковага светапогляду, узаемасувязі розных галін навукі. Усё гэта, на думку намесніка дэкана факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Барыса Задворнага, спрыяе выхаванню працавітасці і настойлівасці, а таксама этыкі, прычым не толькі навуковай, і, што найбольш каштоўна, вучыць выказваць сваю думку на паперы, выступаць перад аўдыторыяй.

— На жаль, дзеці паступова развучваюцца як разважаць на паперы, так і гаварыць, трымацца на публіцы, — выказаў думку Барыс Валянцінавіч.

Што тычыцца вырашэння канкрэтных пытанняў семінара, то Барыс Валянцінавіч у сваім выступленні абазначыў праблемы і перспектывы, якія бачыць як навуковец, які непасрэдна працуе са школьнікамі ў напрамку даследчай дзейнасці і алімпіядным руху. Бадай, адным з важных момантаў можна адзначыць прапанову знайсці шляхі матэрыяльнага і маральнага стымулявання і заахвочвання для настаўнікаў і вучняў.

Аб удзеле навучэнцаў у канферэнцыях і турнірах, у тым ліку міжнароднага ўзроўню, расказалі загадчык кафедры фізікі Ліцэя БДУ Леанід Марковіч і дацэнт фізічнага факультэта БДУ Віталь Жылко. А начальнік цэнтра інавацыйнага развіцця адукацыйнай практыкі Мінскага АІРА Таццяна Праліска пазнаёміла прысутных з працай па ўдасканаленні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, якія займаюцца з вучнямі даследчай дзейнасцю.

Больш падрабязна паразважаць над праблемамі, абазначанымі тэмай семінара, яго ўдзельнікі маглі падчас правядзення дзвюх секцый. Менавіта работа ў секцыях дазволіла вылучыць галоўныя кірункі ў развіцці вучнёўскай даследчай дзейнасці, а таксама выпрацаваць пэўныя прапановы.

Другі дзень мерапрыемства меў практычны характар. Рэчыцкі раённы ліцэй быў выбраны невыпадкова: гэта адна з паказальных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па даследчай дзейнасці навучэнцаў. Ліцэісты адразу абверглі думку Б.В.Задворнага аб тым, што сучасныя дзеці паступова губляюць уменні апісваць пэўныя дзеянні на паперы, гаварыць і трымацца на публіцы. Удзельнікі навуковага таварыства ліцэістаў “Фатон” разам з намеснікам дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Элай Кучар расказалі, як арганізоўваецца работа суполкі. Некаторыя члены таварыства прадставілі свае даследчыя работы па фізіцы, матэматыцы, кітайскай мове, літаратуры, хіміі. Хлопцам і дзяўчатам давялося не толькі прэзентаваць даследаванні, але і адказваць на розныя пытанні ўдзельнікаў семінара, сярод якіх, нагадаем, былі і кандыдаты навук. Навучэнцы з годнасцю вытрымалі гэты “экзамен”, пацвердзіўшы такім чынам сур’ёзнасць падыходу да даследчай дзейнасці ў ліцэі.

Завяршыўся двухдзённы рэспубліканскі семінар падвядзеннем вынікаў падчас круглага стала. Навукоўцы, педагогі, спецыялісты сістэмы адукацыі абмяняліся думкамі, выказалі свае прапановы, у прыватнасці, праводзіць падобныя мерапрыемствы ў розных рэгіёнах краіны. Па выніках семінара будзе выдадзены зборнік матэрыялаў, які можа стаць добрым памочнікам для настаўнікаў, што рыхтуюць навучэнцаў да даследчай дзейнасці.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.