Чараўніцтва прыроды ў дзіцячых руках

Свет прыроды таямнічы, прыгожы і непаўторны. Нашы педагогі змалку вучаць выхаванцаў заўважаць гэта і ствараць арыгінальныя вырабы з прыроднага матэрыялу. Працуючы з ім, дзеці дакранаюцца да таямніц навакольнага свету, развіваюць прасторавае мысленне, дробную маторыку, вакамер, творчыя здольнасці і мастацкае ўяўленне, вучацца беражліва адносіцца да прыроды, адчуваць і разумець асаблівасці прыроднага матэрыялу, заўважаць разнастайнасць фарбаў, форм і фактуры. Наша задача — выхаваць у дашкольнікаў уменне бачыць і цаніць бясконцую прыгажосць прыроды, дапамагчы авалодаць майстэрствам прадметнага ўвасаблення ўяўных мастацкіх вобразаў.

Дзеці часта прыносяць з прагулак жалуды, шышкі, галінкі, каменьчыкі і ракавінкі, якія потым доўга разглядаюць, перабіра­юць, абмацваюць, абследуюць. Гэта дапамагае запомніць форму, колер і ўласцівасці кожнага віду матэрыялу.

Сустрэчы з прыродай пашыраюць уяўленні дзяцей пра навакольны свет, вучаць уважліва ўглядацца ў розныя з’явы, захоўваць цэласнасць успрымання пры стварэнні вырабаў з прыроднага матэрыялу. Работа з ім патрабуе ад малышоў лоўкасці. Так, калі ў пачатку рухі рук недакладныя, то пасля сістэматычнай работы яны набываюць упэўненасць і дакладнасць, а пальцы становяцца гібкімі. Гэта важна для падрыхтоўкі да пісьма і вучэбнай дзейнасці ў школе. Акрамя таго, ручная праца развівае сенсаматорыку: узгадняе работу вачэй і рук, удасканальвае каардынацыю рухаў, гібкасць, дакладнасць у выкананні дзеянняў. 

Для агульнага развіцця вельмі важныя добры эмацыянальны настрой у працэсе стварэння вырабаў, радасць зносін падчас працы, эстэтычная асалода. Колькі весялосці і захаплення прыносяць малышам адмысловыя вырабы з лісця, шышак, ракавінак і рагозу! Любімымі цацкамі становяцца забаўныя чалавечкі, вырабленыя сваімі рукамі. Станоўчыя эмоцыі выхоўваюць працавітасць, а праца фарміруе характар.  

Выраб цацак патрабуе пэўных валявых намаганняў. Калі дзеці сутыкаюцца з цяжкасцямі, то імкнуцца іх вырашыць самастойна. Так, малышам часам не ўдаецца адразу выканаць нейкую работу: падабраць шышкі пэўнай формы для стварэння осліка, жалуды для шапачак ці злучыць часткі вырабу пэўным спосабам. Пад кіраўніцтвам педагогаў дзеці вучацца бачыць прычыны няўдач і пераадольваць іх, фарміруючы такія якасці, як мэтанакіраванасць, настойлівасць, уменне даводзіць пачатую справу да канца.

Выхавальнікі ўдзяляюць вялікую ўвагу арганізацыі адукацыйнага працэсу, каб работа з прыродным матэрыялам станавілася эфектыўным сродкам усебаковага развіцця і выхавання дашкольнікаў.

Ірына ЯРАШЭВІЧ,
загадчык ясляў-сада № 2 Століна.