Чараўніцы, якія толькі вучацца

- 10:31Якасць адукацыі

Гэтае свята неаднаразова называлі “Звычайным цудам” — у гонар любімага многімі фільма. Фрагменты карціны лейтматывам праходзілі праз усё мерапрыемства: сустрэча сапраўды абяцала шмат цудоўнага. Так, у Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі выбіралі лепшага настаўніка ў намінацыі “Педагагічны дэбют”.

У заключным этапе гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” спаборнічалі 6 фіналістаў. Папярэдне настаўнікі-пачаткоўцы прадстаўлялі сябе праз прэзентацыю роднай установы адукацыі, праводзілі ўрокі ў незнаёмым класе і выступалі з прамовай “Вялікія, вазьміце ў чаляднікі”. У выніку лідарамі сталі чацвёртакурсніцы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

На практыкуме “Вучыцеся з намі, вучыцеся ў нас” педагогам неабходна было паказаць нестандартную методыку работы з дзецьмі. Студэнтка факультэта пачатковай адукацыі БДПУ Ганна Шыдлоўская вынесла на суд старэйшых калег інтэрактыўны метад навучання “Акварыум”. Яго сут­насць — у падзеле групы на дзве часткі: “рыбак” і назіральнікаў. Настаўнік выносіць на абмеркаванне ключавыя пытанні па тэме. Першымі на іх па чарзе адказваюць “рыбкі”, а назіральнікі дапаўняюць іх адказы. Пры гэтым найбольш актыўны назіральнік можа стаць “рыбкай”, а найменш актыўная “рыбка” трапляе на кручок і пераходзіць у каманду назіральнікаў. Па выніках апошнія да­юць ацэнку, якая з “рыбак” была найбольш актыўнай, і нават рэкамендуюць адзнаку.

Калега Ганны Шыдлоўскай з фізіка-матэматычнага факультэта Ганна Сокал расказала пра прыём “чамадан, млын, кошык для смецця”. Паводле яго, навучэнцы змогуць размяркоў­ваць матэрыял, з якім працуюць на занятках, на тры катэгорыі. У чамадан дзеці “складуць” веды і навыкі, карысныя і патрэбныя ў далейшай рабоце, у кошык для смецця адправяць некарыснае, а на млыне пакінуць тое, што пакуль выклікае сумненні. 

Чацвёртакурсніца факультэта нямецкай мовы МДЛУ Ангеліна Кучынская паказала методыку, якая дапамагае арганізаваць дыскусію з максімальна рацыянальным выкарыстаннем часу і задзейнічаннем усіх вучняў. Гэтая методыка прадугледжвае 5 крокаў. На першым кроку дзецям даюцца 4 карткі з моўнымі задачамі (чырвоная — выказванне меркавання; аранжавая — прывядзенне доказаў, фактаў; жоўтая — асабісты вопыт; зялёная — падсумоўванне, канчатковыя вывады). На другім — школьнікам прапануюцца пачаткі фраз, якія дапамогуць лепш сфармуляваць думку, на трэцім — фарміруюцца групы, чацвёрты мае на ўвазе, што кожны ўдзельнік гутаркі павінен выступаць на працягу аднолькавага часу, а пяты крок заключаецца ў акрэсліванні паслядоўнасці дыскусіі.

Па словах будучай настаўніцы гісторыі з БДПУ Вікторыі Гец, на практыцы яна разам з аднагрупнікамі сутыкалася з шэрагам праблем: разрывам паміж вывучаемымі падзеямі і сучаснасцю, фарміраваннем у вучняў актыўнай пазіцыі і рацыянальным выкарыстаннем візуальных крыніц інфармацыі. Дзяўчына адзначыла, што патрэбен быў такі падыход, пры якім на змену традыцыйным пытанням “Што? Дзе? Калі?” прыйшлі б “Чаму? Навошта?”. І дапамог, на думку педагога, мультысенсорны аналіз. Вікторыя Гец пераканана, што лепей адзін раз убачыць, таму сваім вучням яна прапануе пэўную карціну, прысвечаную гістарычным падзеям, і просіць адказаць на шэраг пытанняў. Гэта дапамагае фарміраваць у дзяцей найбольш поўнае разуменне пэўнага гістарычнага перыяду.

Прадстаўніца факультэта прыродазнаўства БДПУ Дар’я Данільчык раскрыла сакрэт методыкі “Логіка-сэнсавая мадэль як прыём STEAM-адукацыі”. Разгадка — у  англійскіх літарах (S — science, T — technology, E — engenering, A — art, M — mathematic — “навука”, “тэхналогіі”, “інжынерыя”, “мастацтва”, “матэматыка”). Па словах маладога настаўніка, не важна, у якім парадку складнікі выкарыстоўваюцца, важна тое, як яны дапамагаюць у вучэбным працэсе.

Пазітыўным завяршэннем агляду педагагічных набыткаў стала выступленне студэн­ткі факультэта раманскіх моў МДЛУ Настассі Леглік. Дзяўчына змадэлявала правядзенне ўрока французскай мовы з выкарыстаннем агульнапрынятых французскіх эмоцый і жэстаў, якія дапамагаюць настаўніку больш нязмушана ўзаемадзейнічаць з вучнямі.

Падчас выступлення кан­курсантак стала зразумела, што хваляванне перадалося і суддзям — паспрабуй зрабіць выбар! Але, як адзначылі арганізатары мерапрыемства, шлях да перамогі заўсёды такі, што першым аказваецца толькі адзін. Такім чынам, дыплом ІІІ ступені адправіўся да Дар’і Данільчык, “сярэбраны” дыплом атрымала Ганна Сокал, а на верхняй прыступцы п’едэстала замацавалася Вікторыя Гец.

На першых прыступках да прафесіі дзяўчаты ўжо паказалі сябе з лепшага боку. І гэта ўлічваючы, што яны толькі вучацца. А наперадзе — цэлае прафесійнае жыццё…

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.