Чарчэнне: зваротная сувязь

Удзельнікамі тэматычнага семінара “Рэалізацыя вучэбнай праграмы “Чарчэнне” 10 клас: праблемы і перспектывы” сталі настаўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Віцебшчыны.

Cемінар правёў абласны інстытут развіцця адукацыі на базе ВДУ імя П.М.Машэрава. На парадак дня быў вынесены шэраг актуальных пытанняў выкладання вучэбнага прадмета, у тым ліку ў напрамку ўдасканалення прафесійнай кампетэнтнасці педагога па арганізацыі вучэбна-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу і фарміравання прадметных кампетэнцый навучэнцаў пры вывучэнні чарчэння. Каштоўным вопытам з удзельнікамі падзяліліся дасведчаныя прафесіяналы, сярод якіх былі прарэктар ВДУ імя П.М.Машэрава па выхаваўчай рабоце Юлія Бежэнар, прадстаўнікі мастацка-графічнага факультэта ўніверсітэта — намеснік дэкана факультэта Дзяніс Глушчук, загадчык кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі Ірына Сысоева, старшы выкладчык кафедры дызайну Аляксандр Сяргееў і педагог-стажор гэтай кафедры Настасся Варган, а таксама загадчык кафедры інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій Віцебскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Вікторыя Семянтоўская і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна Валерый Трацэўскі.    

— Мы ўпершыню праводзілі падобны семінар і ўбачылі яго высокую запатрабаванасць, — расказала Юлія Бежэнар. — Зацікаўленасць школьных настаўнікаў у такім фармаце відавочная і невыпадковая, бо тут і вучоба, павышэнне прафесійнага майстэрства, і практычная дапамога, развіццё асобаснай культуры, творчага патэнцыялу педагогаў, і асваенне сучасных інфармацыйных тэхналогій, неабходных пры выкладанні вучэбнага прадмета. Чарчэнне раней выкладалася ў школе на працягу трох гадоў, далей гэты тэрмін скарачаўся, пакуль прадмет зусім не выключылі з праграмы, але потым вярнулі. У гэтым навучальным годзе на яго вывучэнне прадугледжана гадзіна ў тыдзень у 10 класе.

Асноўнай пляцоўкай семінара быў выбраны  мастацка-графічны факультэт. Дарэчы, большасць удзельнікаў — яго выпускнікі, што цалкам прадказальна.

— Мы даўно не збіраліся разам, а ёсць нямала момантаў, якія варта абмеркаваць, — адзначыла Юлія Пятроўна. — Напрыклад, настаўнікі задавалі пытанні па надомным навучанні, а мы якраз маем значны вопыт арганізацыі дыстанцыйнага навучання, і яго трэба задзейнічаць. Прагучала просьба арганізаваць курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў чарчэння ці хаця б інтэгра­ваць адпаведны матэрыял у курсы для настаўнікаў працоўнага навучання — яны часцей за ўсё выкладаюць у школе чарчэнне. У размове закранулі і падручнік па чарчэнні. Для нас важна, што настаўнікі далі станоўчую ацэнку яго зместу, будове і афармленню, магчымасці з дапамогай QR-кодаў атрымліваць дадатковую інфармацыю, уключаючы відэа, і прапаноўваць школьнікам заданні рознага ўзроўню складанасці. Адзначылі і метадычнае забеспячэнне прадмета, якое прадстаўлена на Google-дыску. Разам з тым хацелася б пачуць ад калег больш канструктыўных і нават крытычных заўваг. На семінары прагучала прапанова перанесці курс у 9 клас. У нечым яна сапраўды слушная: веданне чарчэння неабходна многім навучэнцам, якія пасля заканчэння базавай школы паступа­юць у каледжы. Чарчэнне — важны школьны прадмет, яго роля вельмі істотная ў развіцці прасторавага мыслення навучэнцаў. Да таго ж з кожным годам расце запатрабаванасць спецыяльнасцей тэхнічнага профілю, дзе важна ўмець чы­таць чарцяжы і пры неабходнасці іх рабіць.

Неабходна дадаць, што Юлія Бежэнар і яе аспірант Вікторыя Семянтоў­ская — аўтары школьнага падручніка, па якім сённяшнія дзесяцікласнікі вывучаюць чарчэнне. На семінары настаўнікам была прадстаўлена распрацоўка планаў-канспектаў урокаў па трох тэмах, якія, як паказвае практыка, выклікаюць у навучэнцаў найбольшыя цяжкасці ў засваенні, і серыя варыятыўных графічных задач, якія можна прапаноўваць школьнікам для выканання. Акрамя таго, Ірына Сысоева азнаёміла ўдзельнікаў са спецыфікай выкладання графічных дысцыплін на мастацка-графічным факультэце, а Аляксандр Сяргееў і Настасся Варган запрасілі на майстар-класы па стварэнні макета прасторавага аб’екта з выкарыстаннем праграмнага забеспячэння і па аб’ёмным мадэляванні прасторавых аб’ектаў.

Таццяна БОНДАРАВА.