Чарговая перамога БДУІР: ёсць значныя поспехі і ёсць уяўленне, як іх палепшыць

Хоць рэктар БДУІР М.П.Батура знаходзіцца зараз у адпачынку, прапусціць выніковае пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі ён не мог. Па словах Міхаіла Паўлавіча, гэта вельмі значная падзея ў сістэме адукацыі: падводзяцца вынікі мінулага года, абмяркоўваюцца канцэптуальныя пытанні развіцця сістэмы, і ад гэтай размовы залежыць многае.
На пасяджэнні выніковай калегіі рэктара БДУІР чакаў таксама прыемны сюрпрыз. За высокую эфектыўнасць навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці калектыў універсітэта быў адзначаны граматай Міністэрства адукацыі.

У 2011 годзе БДУІР набыў статус навуковай арганізацыі, а па выніках 2013 года быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару як адзін з пераможцаў сярод арганізацый, што ажыццяўляюць навуковыя даследаванні і распрацоўкі.
Сёння БДУІР упэўнена лідзіруе сярод беларускіх універсітэтаў у галіне навуковых распрацовак і іх прасоўвання на рынак. У 2014 годзе аб’ём выкананых навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ вырас тут на 6,8%, аб’ём работ па пазабюджэтных дагаворах з айчыннымі заказчыкамі — на 12,7%, выканана 39 кантрактаў па заказе кампаній з 14 краін свету і заключана больш за 20 новых кантрактаў. Літаральна ў канцы 2014 года падпісаны два новыя кантракты з Кітаем на 4,8 млн долараў. Размова ідзе пра пастаўку ў гэтую краіну распрацовак рознага прызначэння (у галіне тэлекамунікацый, радыёлакацыі, абароны інфармацыі і г.д.). Дарэчы, у тройку самых буйных заказчыкаў распрацовак БДУІР уваходзяць Расія, Кітай і Бельгія.
“Мы захавалі навуковыя школы і прыцягнулі ў навуку моладзь, — тлумачыць М.П.Батура. — Зараз ва ўніверсітэце працуюць магутныя навуковыя калектывы, чые распрацоўкі запатрабаваны не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. На сённяшні дзень супрацоўнікі ўніверсітэта выконваюць кантракты з замежнымі краінамі на суму звыш 10 млн долараў”.
Такім чынам, навукова-даследчая, навукова-тэхнічная і інавацыйная дзейнасць прыносіць універсітэту рэальныя прыбыткі, што дазваляе захоўваць навуковыя кадры і падтрымліваць у актуальным стане лабараторную базу. І паколькі навука непарыўна звязана з вучэбным працэсам, то ўсё гэта вельмі станоўча ўплывае на якасць падрыхтоўкі спецыялістаў.
М.П.Батура патлумачыў, што на выніковым пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі заўсёды вызначаюцца тэндэнцыі развіцця сістэмы, а гэта дае кіраўнікам устаноў адукацыі магчымасць “зверыць гадзіннікі” і больш упэўнена рухацца далей.
“Я з вялікай цікавасцю паслухаў выступленне рэктара РІПА А.Х.Шкляра, які расказаў аб кластарным падыходзе ў арганізацыі адукацыі”, — гаворыць Міхаіл Паўлавіч.
Такі падыход прапаноўвае больш эфектыўную падрыхтоўку спецыялістаў (і з пункту гледжання прафесійнай кваліфікацыі, і з пункту гледжання эканоміі сродкаў). Маецца на ўвазе, што ў кластары, арганізаваныя па пэўных напрамках (медыцынскім, інфармацыйна-тэхналагічным, педагагічным і г.д.), увойдуць установы ўсіх узроўняў адукацыі: прафесійна-тэхнічнага, сярэдняга спецыяльнага і вышэйшага. Так можна аб’яднаць намаганні і забяспечыць больш высокую якасць падрыхтоўкі кадраў на ўсіх узроўнях. У той жа час кожны малады чалавек, апынуўшыся ў такім кластары, будзе ведаць, што ў яго ёсць пэўная траекторыя развіцця: прафтэхліцэй — каледж — універсітэт (прычым нейкі ўзровень можна прапусціць). Гэта забяспечыць яму вельмі добрую прафесійную падрыхтоўку і значную эканомію сродкаў і часу.
“Усё гэта абмяркоўвалася на пасяджэнні калегіі, і я лічу, што кіраўнікі ўстаноў адукацыі павінны адрэагаваць і пачаць работу ў гэтым напрамку, — заўважыў Міхаіл Паўлавіч. — Асабіста я пакідаў пасяджэнне з упэўненасцю ў тым, што мы ўсё робім правільна. Сёлета да нашага ўніверсітэта далучаецца Мінскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхнічны каледж — гэта будзе Мінскі радыётэхнічны каледж БДУІР. Маладыя людзі, якія пасля базавай ці сярэдняй школы паступяць у гэты каледж, ужо змогуць лічыць сябе навучэнцамі БДУІР. Гэтым можна ганарыцца, а яшчэ адразу бачна перспектыва: пры ўмове паспяховага завяршэння вучобы ў каледжы яны змогуць паступіць ва ўніверсітэт на скарочаны тэрмін навучання”.
Таксама на пасяджэнні калегіі гаворка ішла пра неабходнасць новага падыходу ў стварэнні магістарскіх праграм.
“Студэнты 1 і 2 курсаў БДУІР ужо вучацца па новай схеме падрыхтоўкі 4+2, і праз два гады яны завершаць навучанне па першай ступені, — расказвае Міхаіл Паўлавіч. — Мы павінны прапанаваць ім вельмі якасныя магістарскія праграмы. Частка выпускнікоў, безумоўна, пойдзе на вытворчасць, але найбольш здольныя маладыя людзі павінны паступаць у магістратуру, каб выйсці адтуль высакакласнымі канструктарамі, тэхнолагамі, навукова-педагагічнымі работнікамі. Аднак тут трэба прызнаць, што не ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі змогуць прапанаваць выпускнікам якасныя магістарскія праграмы. Як заўважыў міністр адукацыі М.А.Жураўкоў, установам трэба рэальна ацэньваць свае магчымасці і не саромецца накіроўваць выпускнікоў на магістарскую падрыхтоўку ў вядучыя ўніверсітэты”.
Што да суадносін першай і другой ступеняў вышэйшай адукацыі, то ў нашай краіне яна пакуль не на карысць магістратуры.
“Я некалькі разоў бываў у ЗША, і ў кожнай паездцы абавязкова наведваў пэўны ўніверсітэт, — расказвае Міхаіл Паўлавіч. — Напрыклад, Чыкагскі ўніверсітэт, які даў свету каля 90 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, па колькасці студэнтаў супастаўны з БДУІР: і ў нас, і ў іх каля 15 тысяч. Але ў Чыкагскім універсітэце 9 тысяч чалавек вучацца на першай ступені, і 6 тысяч — у магістратуры і аспірантуры. Уявіце сабе, якая структура! Для нас гэта абсалютна нова, але і мы да гэтага прыйдзем. Сёння ў БДУІР вучацца 1092 магістранты, і іх колькасць, я ўпэўнены, будзе расці”.
Міхаіл Паўлавіч Батура з задавальненнем адзначыў і той факт, што ўпершыню на выніковай калегіі Міністэрства адукацыі сур’ёзная ўвага была звернута на неабходнасць арганізацыі ва ўніверсітэтах навучання на англійскай мове. Пра гэта казалі і міністр М.А.Жураўкоў, і старшыня Рэспубліканскага савета рэктараў У.М.Шымаў.
“Я слухаў з пэўнай гордасцю, бо ў БДУІР на сённяшні дзень на англійскай мове вучыцца 131 замежнік (80 з лішнім — на першай ступені і больш за 40 — у магістратуры),— заўважыў Міхаіл Паўлавіч. — Але мы ўжо ставім для сябе новыя мэты і маем дакладнае ўяўленне, як гэтыя лічбы можна павысіць. Што да астатніх універсітэтаў, то навучанне на англійскай мове, безумоўна, трэба развіваць — гэта перадумова для больш актыўнага экспарту адукацыйных паслуг. Аднак пры гэтым трэба разумець, што магчымасці выкладання па-англійску ў нашай краіне даволі абмежаваныя. Так, англійскую мову ва ўстановах адукацыі ведаюць многія, але гэта не значыць, што ўсе гатовы выкладаць на гэтай мове. Таму я ўпэўнены: універсітэтам трэба аб’яднаць намаганні і стварыць агульны банк даных выкладчыкаў, якія патэнцыяльна гатовы працаваць са студэнтамі на англійскай мове. (Такая задача, дарэчы, ужо пастаўлена перад Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы.) Наяўнасць такога банка дазволіць універсітэтам знаходзіць спецыялістаў для выкладання таго ці іншага курса і запрашаць іх на ўмовах сумяшчэння. Гэта істотна павялічыць магчымасці ўніверсітэтаў у развіцці навучання на англійскай мове. Самастойна справіцца з гэтай задачай вельмі складана”.
Дарэчы, БДУІР мае намер зрабіць каласальны рывок у развіцці экспарту адукацыйных паслуг і навучання на англійскай мове. Ужо ў 2016 годзе плануецца прыняць на вучобу 500 грамадзян Бангладэш — з гэтай мэтай ствараецца Беларускі міжнародны ўніверсітэт у сталіцы Бангладэш, горадзе Дака. Напачатку будзе арганізавана навучанне студэнтаў па пяці спецыяльнасцях, а ў будучыні іх пералік пашырыцца. Згодна з планамі інвестараў, да 2020 года ў гэтым універсітэце будуць вучыцца ўжо 20 тысяч студэнтаў. І хоць плануецца, што ў адукацыйным працэсе будзе выкарыстоўвацца не толькі дзённая, але і дзённа-дыстанцыйная і дыстанцыйная формы навучання, зразумела, што самастойна з такім аб’ёмам БДУІР не справіцца. Таму Міхаіл Паўлавіч верыць: да праекта далучацца і іншыя ўніверсітэты краіны. Гэта прынясе не толькі дадатковыя грошы, але і велізарны вопыт, што дазволіць айчыннай вышэйшай школе больш упэўнена брацца за самыя амбіцыйныя міжнародныя праекты.

Галіна СІДАРОВІЧ.