Чарговая перамога ў радыёспорце

У балгарскай Албене завяршыўся XVI чэмпіянат свету па скораснай радыётэлеграфіі, у якім удзельнічалі спартсмены з 15 краін. Зборная каманда Беларусі чарговы раз даказала, што ўваходзіць у эліту сусветнага радыёспорту, утрымліваючы 1-е агульнакаманднае месца па выніках выступленняў на чэмпіянатах ужо больш за 10 гадоў.

Значны ўклад у перамогу ўнеслі і брэсцкія радыёспартсмены Ганна і Настасся Карасельнікавы, выхаванкі аб’яднання па інтарэсах “Скорасная радыётэлеграфія” Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Дзяўчаты заваявалі 5 залатых і адзін сярэбраны медалі. Падрыхтоўкай пераможцаў, якія паспяхова выканалі 4 практыкаванні (прыём і перадача тэкстаў гукавымі сігналамі на скорасць і якасць, прыём пазыўных радыёстанцый і радыёабмен у эфіры ва ўмовах перашкод), займалася педагог дадатковай адукацыі Валянціна Фёдараўна Несцярук.

Жадаем пераможцам новых поспехаў на сусветнай арэне!

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.