Чарговы крок разам

- 10:10Актуально, Апошнія запісы

Падпісаны план супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь на 2018 год. Асноўнымі кірункамі ўзаемадзеяння стануць забеспячэнне аховы здароўя дзяцей, падтрымка сям’і і прафілактыка сацыяльнага сіроцтва, абарона ад насілля, удасканаленне дзейнасці ў сферы развіцця дзяцей ранняга ўзросту, а таксама ўдасканаленне форм і метадаў работы з падлеткамі і моладдзю па пытаннях пашырэння іх удзелу ў прыняцці рашэнняў. Такое ўзаемадзеянне развіваецца ў межах рэалізацыі краінавай праграмы ЮНІСЕФ для Беларусі на 2016—2020 гады.

Найбольш яркім станоўчым прыкладам супрацоўніцтва стала рэалізацыя ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”, да якой далучыліся 25 гарадоў. Нацыянальны вопыт у рэалізацыі гэтага праекта, паводле ацэнак міжнародных экспертаў, з’яўляецца адным з лепшых у свеце. У сферы маладзёжнай палітыкі наладжана ўзаемадзеянне ў рамках дзейнасці Цэнтра інавацый і партнёрства на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”.

Падводзячы вынікі сумеснай работы за мінулы год, міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што адным з найважнейшых кірункаў было супрацьдзеянне дзіцячаму насіллю і выяўленне такіх выпадкаў. У прыватнасці, была створана спецыяльная мабільная група псіхолагаў, якая гатова аператыўна выехаць у любую ўстанову, правесці тэсціраванне, апытанне, каб выявіць там магчымыя праблемы на ранніх стадыях. Асабліва гэта тычыцца ўстаноў закрытага тыпу, якіх у Беларусі ўсяго чатыры. Акрамя таго, сумеснымі намаганнямі ў гэтых установах вядуцца рамонтна-будаўнічыя работы, умацоўваецца іх матэрыяльна-тэхнічная база, закупляецца абсталяванне, у тым ліку для навучання прафесіі.

“Удасканальваецца работа сацыяльна-педагагічных цэнтраў у прыватнасці, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Мы звярнулі ўвагу на тое, што псіхалагічныя службы ў школах не спраўляюцца з задачай індывідуальнай і групавой карэкцыі дэвіянтных паводзін, асабліва ў складаных сітуацыях, калі назіраюцца суіцыдальныя паводзіны, наркатычная ці алкагольная залежнасць. Прычыны — і ў масавасці навучэнцаў устаноў, і ў недахопе спецыялістаў, і ў тым, што самі бацькі дзяцей неахвотна ідуць на кантакт са спецыялістамі школы. Мы праводзілі эксперымент у Мінску, і ён паказаў, што бацькі ідуць ахвотней у сацыяльна-педагагічны цэнтр, які знаходзіцца па-за школьнымі сценамі. Таму мы хацелі б умацаваць псіхалагічны складнік гэтых устаноў, каб там працавалі псіхолагі спецыяльных кірункаў. Акрамя таго, у штаце сацыяльна-педагагічных цэнтраў з’явяцца юрысты”.

У межах рэалізацыі новага плана супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і ЮНІСЕФ запланаваны распрацоўка стратэгіі “Развіццё і адукацыя дзяцей ранняга ўзросту”, стварэнне шасці эксперыментальных пляцовак праекта “Школа, свабодная ад насілля”, развіццё платформы ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей і падлеткаў” з мэтай нацыянальнай лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця, а таксама стварэнне шасці абласных рэсурсных цэнтраў маладзёжных ініцыятыў “Прыступкі”.

Працягнецца сумесная праца па пераходзе да інклюзіўнай адукацыі. Зараз распрацоўваюцца навуковыя падыходы да яе зместу, праводзіцца эксперыментальная работа, накіраваная на развіццё інклюзіўных працэсаў у адукацыі. У сакавіку 2017 года пры падтрымцы ЮНІСЕФ на базе Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка адкрыты Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі. У гэтым годзе будзе створана і некалькі рэгіянальных рэсурсных цэнтраў. Што да далейшага ўдасканалення работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, то сёлета асаблівая ўвага будзе ўдзелена дзецям з аўтызмам. Прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь доктар Рашэд Мустафа Сарвар прапанаваў у гэтым годзе перагледзець ролю і эфектыўнасць цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, якіх у краіне146, і разгледзець магчымасці для іх аптымізацыі.

Працягнецца работа і па павышэнні фінансавай дасведчанасці, прычым плануецца пераход ад невялікіх разавых мерапрыемстваў да сістэмнай работы. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена выхаванцам інтэрнатных устаноў, якія не маюць практыкі грашовых аперацый. У найбліжэйшы час плануецца падпісанне пастановы аб павелічэнні сродкаў, якія будуць выдзяляцца выхаванцам згаданых устаноў на кішэнныя расходы.

Удзельнікі сустрэчы выказалі ўпэўненасць, што падпісанне і рэалізацыя новага плана супрацоўніцтва прынясе канкрэтны вынік у інтарэсах дзяцей.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.