Чарговы поспех маларыцкіх знаўцаў

- 15:54Навіны рэгіёнаў

5 рознаўзроставых каманд знаўцаў з Маларыцкай раённай гімназіі зноў здзівілі эрудыцыяй і глыбокімі ведамі. “Эверэст-2”, “Эўрыка”, “Дзеці індыга”, “Фартуна” і “Цунамі” пад кіраўніцтвам настаўніка тэхнічнай працы і чарчэння Л.К.Лук’янчука на працягу навучальнага года ўдзельнічалі ў міжнародных інтэрнэт­алімпіядах для студэнтаў і школьнікаў “Эрудыты планеты” і “Вялікія гонкі”. Па выніках гэтых інтэлектуальных спаборніцтваў маларыцкія знаўцы атрымалі 8 залатых і 2 сярэбраныя агульнакамандныя медалі і кубкі. Акрамя таго, каманды былі запрошаны на фінальныя гульні “Эрудыты планеты” і “Вялікія гонкі”, якія ў ліпені пройдуць у Сочы.

— Гульні развіваюць у дзяцей творчыя здольнасці, раскрываюць інтэлектуальны патэнцыял, падтрымліваюць цікавасць да вывучэння школьных прадметаў, пашыраюць кругагляд, вучаць прымяняць набытыя веды і навыкі ў нетыповых сітуацыях, — расказвае Л.К.Лук’янчук. — На працягу інтэлектуальных спаборніцтваў юныя знаўцы завочна падарожнічалі па 6 кантынентах свету. “Пабываўшы” ў 10 краінах, дзеці азнаёміліся з іх культурай, побытам, звычаямі, традыцыямі, нацыянальным адзен­нем і самабытнай кухняй.

Чарговы поспех выхаванцаў Л.К.Лук’янчука невыпадковы. Яны сур’ёзна рыхтуюцца і ўдзельнічаюць у розных інтэлектуальных спаборніцтвах ужо 5 гадоў. Падрыхтоўка да іх працягнецца і на летніх канікулах, якія з’яўляюцца выдатным часам для набыцця новых ведаў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна­метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.