Чарговыя медалі студэнтаў БДУІР на прэстыжнай алімпіядзе

- 15:45Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Падведзены вынікі Міжнароднай алімпіяды ў галіне інфармацыйных тэхналогій IT-Universe 2014, фінал якой прайшоў у Астане (Рэспубліка Казахстан). У ліку пераможцаў апынуліся і студэнты БДУІР. Так, сярэбраны медаль у намінацыі “Спартыўнае праграмаванне” атрымаў студэнт спецыяльнасці “Інфарматыка” факультэта камп’ютарных сістэм і сетак Алег Танасюк, а бронзавы медаль у намінацыі “Распрацоўка мабільных дадаткаў” — студэнт спецыяльнасці “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” таго ж факультэта Павел Літвінка.

Сёлета ў Міжнароднай алімпіядзе IT-Universe прынялі ўдзел каля паўтары тысячы студэнтаў з больш як 150 навучальных устаноў Казахстана, Украіны, Беларусі і Азербайджана. У кожнай з краін — удзельніц алімпіяды прайшлі адборачныя этапы, пераможцы якіх і адправіліся на фінальныя спаборніцтвы. Яны праходзілі на базе ўстановы вышэйшай адукацыі “Назарбаеў Універсітэт” — гэта ад зін з самых вядомых і прэстыжных універсітэтаў Казахстана і вядучы цэнтр у галіне падрыхтоўкі ІТ-спецыялістаў.
Адборачным этапам алімпіяды IT-Universe 2014 у Беларусі стала студэнцкая алімпіяда ў сферы інфармацыйных тэхналогій BIT-Cup 2014 — праект факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР. Алімпіяду BIT-Cup у нашай краіне падтрымалі Міністэрства адукацыі і шэраг высокатэхналагічных кампаній (CISCO Systems, IBA Group, МТС, PromWad, МиСофт, Alis Games, Qulix Systems, VolcanoSoft).

У міжнародным фінале алімпіяды IT-Universe 2014 прынялі ўдзел больш за 60 студэнтаў з 35 вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Адметнай рысай спаборніцтваў стала іх практычная арыентаванасць: конкурсныя заданні максімальна набліжаны да задач, якія ставяцца перад прафесійнымі праграмістамі ў рэальных праектах. Дастаткова сказаць, што партнёрамі алімпіяды, а таксама распрацоўшчыкамі заданняў выступілі кампаніі Samsung, 1C, D-Link і іншыя.
“Алімпіяда ў Астане сабрала шмат моцных удзельнікаў і паказала, наколькі высокі ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў у IT-сферы, — гаворыць сярэбраны медаліст Алег Танасюк. — Інтрыга і барацьба за прызавыя месцы захоўваліся да апошніх хвілін. Але вельмі важна і тое, што акрамя ўдзелу ў спаборніцтвах мы атрымалі выдатную магчымасць пагутарыць і абмяняцца вопытам са студэнтамі з іншых краін, пранікнуцца мясцовымі традыцыямі і творчасцю”.

“Для мяне алімпіяда IT-Universe стала адной з самых яркіх падзей гэтага года, — дзеліцца ўражаннямі бронзавы медаліст Павел Літвінка. — Мне ўдалося не проста прадэманстраваць свой праект і свае ўменні, але таксама пазнаёміцца з культурай Усходу, пазнаёміцца з таленавітымі людзьмі з розных краін, атрымаць неацэнны вопыт і веды, па-новаму зірнуць на навакольны свет”.
Трэба сказаць, што міжнародныя спаборніцтвы накшталт алімпіяды IT-Universe даюць добры вопыт і кіраўнікам каманд, якія маюць магчымасць параўнаць сваю работу з іншымі і зрабіць важныя высновы. Кожная такая алімпіяда — гэта чарговы крок наперад.
Дарэчы, месцам правядзення міжнароднага фіналу алімпіяды IT-Universe 2015 ужо абрана сталіца Азербайджана — сонечны горад Баку.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.