Чароўная гліна ажывае ў руках майстра і яе вучняў

У новым навучальным годзе шмат вучняў зноў прыйдзе ў студыю “Чароўная гліна” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” у Гродне, дзе майстэрству пераўтварэння гліны ў цудоўныя прыгожыя вырабы вучыць педагог дадатковай адукацыі Жанна Сянкевіч.

Адметная рыса дадатковай адукацыі ў тым, што дзеці займаюцца любімай справай, прыходзяць на заняткі без прымусу, з вялікім жаданнем. Немалаважна і тое, што многія, як кажуць, ідуць да педагога. Менавіта такім настаўнікам для хлопчыкаў і дзяўчынак ад 6 да 14 гадоў і нават для 16-гадовых падлеткаў стала Жанна Генрыкаўна. Дзеці цягнуцца да яе, бо яна вельмі любіць справу, якой прысвяціла ўсё жыццё, і з задавальненнем перадае свае веды і навыкі выхаванцам. А дзеці, як вядома, адчуваюць, калі да іх адносяцца з душой. Вырабы ў маленькіх ганчароў атрымліваюцца не толькі прыгожыя, але і цёплыя, шчырыя.

— Студыя “Чароўная гліна” носіць такую назву, бо ў руках Жанны Сянкевіч гліна сапраўды становіцца чароўнай, — упэўнена намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ЦТДіМ “Спектр” Алена Дулеўская. — У кожным яе творы, ці то гэта горад з дамамі, дрэвамі і людзьмі, ці то посуд, адчуваюцца эмоцыі, настрой. І гэты настрой яна перадае дзецям, у рабоце яны становяцца адной камандай, калектывам, укладваюць душу ў гліну, і тая ажывае ў іх руках. Работы выхаванцаў вельмі прыгожыя, пра што сведчыць вялікая колькасць перамог на конкурсах. Інакш і быць не можа, бо за справу ўзяўся прафесіянал: Жанна Генрыкаўна — чалавек, які жыве творчасцю, гэта яе лад жыцця і мыслення, у яе нават каля дома створаны сапраўдны куточак мастацтва. На занятках гэтага педагога заўсёды аншлаг. А бацькі, калі даведваюцца пра такую студыю, возяць сюды дзяцей з усяго горада. Тут выхоўваецца не толькі эстэтыка, але і працавітасць, бо работа з глінай дастаткова цяжкая, а таксама фарміруецца пачуццё пляча, адказнасці адно за аднаго. 

Жанна Сянкевіч захапілася глінай яшчэ ў дзяцінстве, пачала ляпіць з шасці гадоў. 

— За нашым домам у Друскінінкаі быў кар’ер з глінай, куды я любіла хадзіць, — успамінае педагог. — А да гэтага, як расказвала мама, я вельмі любіла ляпіць з пластыліну. Працягнула займацца любімай справай у мастацкай школе. У той час у невялікім літоўскім горадзе было шмат моцных керамістаў, так што было ў каго вучыцца. А калі пераехала ў Гродна, то з 1988 года пачала весці розныя гурткі ў Палацы піянераў. Калі даведаліся, што я захапляюся керамікай, прапанавалі займацца з дзецьмі менавіта ў гэтым кірунку.

У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Жанна Генрыкаўна выкладае кераміку з 2016 года. На занятках у студыі педагог стварае творчае асяроддзе, якое так неабходна для развіцця эмацыянальна-пачуццёвага свету навучэнцаў. Грунтуючыся на беларускіх традыцыях работы з глінай, педагог прывівае дзецям цікавасць да старажытнага рамяства, камбінуючы традыцыйныя і сучасныя тэхнікі, стварае спрыяльную атмасферу для самастойнай творчасці дзяцей. На занятках яна можа знайсці падыход да кожнага навучэнца, стварае ўмовы для фарміравання творчай асобы, здольнай да сацыялізацыі і самарэалізацыі ў далейшым дарослым жыцці, выкарыстоўвае формы работы, якія забяспечваюць актыўнасць і самастойнасць мыслення выхаванцаў.

— У мяне займаецца шмат маленькіх дзяцей 6—7 гадоў, — расказала Жанна Генрыкаўна. — Ім вельмі падабаецца ляпіць, і гэта не дзіўна, бо гліна мяккая, цёпленькая, навобмацак зусім іншая, чым пластылін. Расказваю дзецям пра тое, што з гліны можна зляпіць усё, што хочаш. Напрыклад, кажу ім, што сёння мы архітэктары і будзем будаваць горад з дамамі, дрэвамі і людзьмі. Іх гэта вельмі захапляе. Работа складаная, але я дапамагаю выхаванцам, так што разам у нас усё атрымліваецца. Канечне, маленькія пачынаюць з простых рэчаў, але паступова і ў іх атрымліваюцца вельмі прыгожыя і даволі складаныя вырабы. Так, усіх захапляе тэма “Вясёлы кухар”, але зрабіць тыя ж пустацелыя яблыкі, грушы або памідоры не так проста, тут патрэбна ўменне. Адначасова дзеці думаюць, як павінна выглядаць тая ці іншая страва. Калі гэта торт, то відаць нават праслойкі крэму і бісквіту. У выніку атрымліваецца вельмі прыгожа. Свае вырабы дзеці забіраюць дадому, і бацькі ад іх у захапленні.

Артур Мацевасян студыю “Чароўная гліна” наведвае ўжо два гады. Прыходзіць нават падчас канікул, цяпер робіць сані Дзеда Мароза для маштабнай навагодняй кампазіцыі, якая адправіцца на выставу “Калядная зорка”. Хлопчык прызнаўся, што яму вельмі падабаецца ляпіць з гліны, асабліва казачных персанажаў. 

Выхаванцы студыі — пастаянныя ўдзельнікі і прызёры рэспубліканскіх і абласных конкурсаў. Работы юных ганчароў неаднаразова заваёўвалі дыпломы абласных этапаў рэспуб-ліканскіх агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Добры дзень, свет!”, выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Між зямлёй і сонцам”,  рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”, абласнога конкурсу “Экалагічная цацка”.

Адукацыйная праграма студыі “Чароўная гліна” заняла 3-е месца на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу праграм аб’яднанняў па інтарэсах мастацкага профілю (дэкаратыўна-прыкладны кірунак) і адзначана дыпломам Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Жанна Сянкевіч спалучае работу з самаадукацыяй. Яна атрымала спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя” ў каледжы, а цяпер завочна вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. У мінулым годзе прайшла курсы павышэння кваліфікацыі на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Сваім вопытам у лістападзе мінулага года яна дзялілася з удзельнікамі абласнога этапу рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Традыцыйная культура: педагагічны кантэкст”. Відэа-майстар-клас “Пано “Палявыя кветкі” педагога размешчаны на сайце ЦТДіМ “Спектр” і на адукацыйным партале “Адукацыя ў Гродне”. Навучэнцы і настаўніца актыўна ўдзельнічаюць у выставачнай дзейнасці Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. 

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара і прадастаўлена ЦТДіМ “Спектр”.