Чароўная повязь пакаленняў

У сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адкрыліся адразу дзве выставы — “Свет дзіцячымі фарбамі” і “Разам”, аб‘яднаныя адной тэмай — жыццём і дасягненнямі выхаванцаў мінскай дзіцячай мастацкай школы № 1 імя В.К.Цвіркі. 

Выстава “Свет дзіцячымі фарбамі” — гэта адмысловая мастацкая рэтраспектыва. Тут прадстаўлены работы навучэнцаў мінскай дзіцячай мастацкай школы № 1 імя В.К.Цвіркі розных гадоў: ад 60-х — да нашага часу. Гэтай магчымасцю параўнаць, як і што малявалі дзеці дзесяцігоддзі назад і як і што яны малююць сёння, экспазіцыя найбольш і цікавая. Хоць трэба прызнаць, што майстэрства, нават на пачатковым узроўні, яно і ёсць майстэрства — як у 60-х ці 80-х гадах мінулага стагоддзя, так і сёння. Як адзначыў вядомы мастацтвазнавец Яўген Шунейка, які выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і паралельна ў ДМШ № 1, гэтая сталічная дзіцячая мастацкая школа дзесяцігоддзямі трымае высокую планку дзякуючы таму, што выкладчыкі тут вучаць менавіта маляваць, а не пырскаць фарбамі, маляваць па класічных законах жывапісу, якія потым, ужо на больш высокім узроўні, адкрываюцца многім выпускнікам школы ў акадэміі мастацтваў. Інакш кажучы, гаворка ідзе пра самую першую прыступку традыцыйнай беларускай школы выяўленчага мастацтва, якая дала нам не адзін тузін выбітных мастакоў.

І атмасфера творчага натхнення, матывацыі і ўдасканалення вучэбнага працэсу ў сталічнай ДМШ № 1 імя В.К.Цвіркі з гадамі таксама не мяняецца. Настаўнікі і навучэнцы мастацкай школы пастаянна ўдасканальваюцца і займаюцца актыўнай творчай дзейнасцю ўжо на працягу 60 гадоў. Таленавітыя вучні паспяхова ўдзельнічаюць у выставах і конкурсах, якія прахо­дзяць у Беларусі і за яе межамі. Іх працы публікуюцца ў рэспубліканскім і замежным друку, уключаюцца ў каталогі міжнародных выстаў дзіцячай творчасці. Ужо традыцыйна з 2014 года навучэнцы дзіцячай школы штогод выязджаюць на адкрыты Міжнародны конкурс-пленэр дзіцячай творчасці “ГРАНД-фестываль” у Пезара (Італія), перамогі на якім адзначаны гран-пры і шматлікімі прызавымі месцамі. Таксама з 2016 года дзіцячая мастацкая школа № 1 імя В.К.Цвіркі актыўна су­працоўнічае з адной са школ выяўленчых мастацтваў Польшчы. Вучні школы пастаянна прымаюць удзел у Рэспубліканскім мастацкім конкурсе, па выніках якога многія былі прадстаўлены да заахвочвання са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

А другая выстава — “Разам” — адначасова і самакаштоўная, і выдатная падсветка да першай. Тут прадставілі свае работы разам бацька і дачка.

Бацька — Андрэй Мацвяюк, які ў свой час, у 1977 годзе, скончыў дзіцячую мастацкую школу мастацтваў № 1 імя В.К.Цвіркі, пасля чаго паспяхова здаў іспыты і паступіў на архітэктурны факультэт у Беларускі політэхнічны інстытут. Выпускны дыпломны праект Андрэя Уладзіміравіча быў удастоены 1-га месца ў аглядзе-конкурсе дыпломных праектаў СССР. Пасля вучобы працаваў па размеркаванні архітэктарам у Тбілісі, затым вярнуўся ў Мінск, дзе таксама працаваў па спецыяльнасці і актыўна ўдзельнічаў у рэспублікан­скіх і ўсесаюзных архітэктурных конкурсах. Быў у складзе аўтарскіх калектываў у праектаванні і будаўніцтве жылых і грамадскіх будынкаў у Мінску і Оршы. З 2007 па 2010 год працаваў галоўным архітэктарам у праектных арганізацыях Масквы. У 2010 годзе зноў вярнуўся ў Мінск і прадоўжыў працаваць галоўным архітэктарам. З 2015 па 2017 год займаў пасаду дырэктара праектнага філіяла ААТ “Белрэстаўрацыя”.

Дачка — Паліна Мацвяюк, якая толькі летась скончыла ДМШ № 1 імя В.К.Цвіркі. У перыяд навучання ў мастацкай школе пад кіраўніцтвам Ганны Бятанавай праявіла сябе здольнай вучаніцай. Была ўдастоена дыпломаў дзіцячых рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, неаднаразова выязджала на пленэры і конкурсы, якія праводзіліся ў Італіі і Польшчы. У цяперашні час рыхтуецца да паступлення ў Мінскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў.

Аглядаеш абедзве выставы і ціха сабе радуешся: ёсць усё-такі сіла, якая жывіла і жывіць нашых адораных дзяцей, не дае стаміцца іх душы, вачам і рукам, абуджае ў іх усё толькі самае светлае і добрае. І набы­ваюць свой рэальны сэнс словы, якія мы часта прамаўляем, па-руску кажучы, “всуе”: пераемнасць, спадкаемнасць, удзячнасць…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.