Чароўны вечар у “Восеньскім кафэ”

Ну і хто сказаў, што восень — сумная пара? Не, вядома, ніхто не збіраецца ставіць пад сумненне словы вялікага паэта, аднак сёлета падстаў для засмучэння восень зусім не давала. А калі канікулы пачынаюцца з паходу ў “Восеньскае кафэ”, то гэта гарантыя таго, што засмучэнне і сум сапраўды застануцца толькі ў вершах вялікага Пушкіна.

Фота да матэрыялу: Чароўны вечар у “Восеньскім кафэ”. Фота да матэрыялу: Чароўны вечар у “Восеньскім кафэ”.Суботнім вечарам, напярэдадні канікулаў, бармэны і афіцыянткі з 8 класа Рэплеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы пад кіраўніцтвам адміністратара Людмілы Ігнацьеўны Сівалоўскай запрасілі навучэнцаў 5—11 класаў у “Восеньскае кафэ”. Так-так, у самае сапраўднае кафэ, у меню якога — разнастайныя дэсерты і кактэйлі. Сервіроўка столікаў уразіла: на ўпрыгожаных ярка-жоўтымі лістамі абрусах стаялі восеньскія букеты, вырабы з гарбузоў і іншых дароў восені, а салодкая хатняя выпечка, прыгатаваная гасцямі кафэ (дапамаглі іх клапатлівыя мамы), не пакінула абыякавым нікога.

Фота да матэрыялу: Чароўны вечар у “Восеньскім кафэ”. Фота да матэрыялу: Чароўны вечар у “Восеньскім кафэ”.Паклапаціліся ў “Восеньскім кафэ” і пра цікавую забаўляльную праграму. Тут госці змаглі прадэманстраваць акцёрскія здольнасці, адчуць сябе ў ролі шэф-повара, паўдзельнічаць у здымках фільма, патанцаваць і паспяваць прыпеўкі. Вечар выдаўся сапраўды чароўны, тым больш што раніцай чакалі канікулы!

Наталля СЫЧЭЎНІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Рэплеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.