Час адкрыццяў для гарадка на Дняпры

- 15:47Нам пішуць

Летнія канікулы — гэта самы чаканы час для дзяцей. А ў выхаваўчай рабоце канікул не бывае. У гэты час у настаўнікаў з’яўляецца магчымасць разнастаіць формы работы, якія, зыходзячы cа спецыфікі летняга лагера, узбагачаюцца новым зместам. Асаблівасцю аздараўленчага летніка з дзённым знаходжаннем у сярэдняй школе № 1 Дуброўна “Санцаград” стаў акцэнт на развіццё практычнага краязнаўства. Тэматыка Года малой радзімы разам з грамадзянска-патрыятычным, экалагічным выхаваннем і фарміраваннем у навучэнцаў навыкаў здаровага ладу жыцця знайшлі адлюстраванне ў плане выхаваўчай работы лагера.

Кожны дзень у летніку быў прысвечаны пэўнай тэматыцы. У адпаведнасці з ёй была спланавана работа кожнага атрада і агульналагерныя мерапрыемствы. Вялікую дапамогу ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў аказвалі розныя ўстановы горада: Цэнтр дзяцей і моладзі, гарадская дзіцячая бібліятэка, Цэнтр народнай творчасці і адпачынкавай дзейнасці, Дом рамёстваў, інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, храм Святой Тройцы, аддзел унутраных спраў, аддзел па надзвычайных сітуацыях, Таварыства выратавання на водах, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

На пачатку змены прайшлі інфармацыйныя гадзіны пад агульнай тэматыкай “2018 — Год малой радзімы”, прэзентацыя “Дуброўна — мой горад”. У сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя навучэнцы наведалі інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, цікава і займальна прайшлі віктарыны, конкурсы “Па старонках Чырвонай кнігі”. Краязнаўчы ўрок “Па старонках гісторыі Дубровеншчыны” пашырыў веды аб родным горадзе, а конкурс знаўцаў “Што? Дзе? Калі?” вызначыў лепшага ў веданні гісторыі роднага краю.

Аднак самым насычаным быў трэці тыдзень лагернай змены: “Дзень краязнаўцаў”, “Дзень Дубровеншчыны”, “Дзень музеяў”, “Дзень творчасці”, “Дзень памяці”. Конкурс малюнкаў, віктарыны, гульні, завочныя падарожжы былі прысвечаны тэме прыроды, помнікам культуры, знакамітым людзям роднай зямлі. Пазнавальным і незабыўным стала наведванне храма Святой Тройцы. Аб перадавіках вытворчасці і лепшых у сваёй прафесіі людзях расказала раённая Дошка гонару. Гадзіна краязнаўства, экскурсія “Іх імёнамі названы вуліцы”, прагляд кінафільма “На берагах Дняпра” таксама былі цікавымі і захапляльнымі. У “Дзень музеяў” школьнікі змаглі наведаць некалькі музеяў за адзін дзень: школьны гістарычны і экалагічны музеі, музейны пакой кнігі. Віртуальныя экскурсіі па музеях Беларусі пакінулі незабыўныя ўражанні. Дакрануцца да сапраўднага біўня маманта, прачытаць лісты з фронту сваіх землякоў, сесці за вучнёўскую парту сваёй бабулі, апынуцца ў лесе і ўбачыць дзікіх жывёл і рэдкіх птушак — усё гэта дзеці змаглі зрабіць за адзін дзень.

Ну і якая ж змена ў летніку без творчасці! Тон творчай працы быў зададзены забавамі “Гуляем у даўніну”, наведваннем Дома рамёстваў, дзе выхаванцам расказалі аб занятках нашых продкаў, а пасля правядзення майстар-класаў навучэнцы змаглі заняцца лепкай, пляценнем, вырабам лялек і іншымі рамёствамі.

22 чэрвеня прайшлі гутаркі “Землякі ў гады вайны”, разгадванне крыжаванак “Героі і палкаводцы”, музычныя кампазіцыі “Паклонімся вялікім тым гадам”. Экскурсія ў Парк воінскай славы, наведванне Алеі герояў сталі працягам Вахты памяці. А скончыўся дзень спартыўнымі спаборніцтвамі “Будучы абаронца Айчыны”.

Было яшчэ шмат мерапрыемстваў, якія садзейнічалі выхаванню грамадзяніна і патрыёта: конкурсы чытальнікаў беларускай паэзіі, інтэрактыўныя, творчыя, спартыўныя спаборніцтвы, якія дапамаглі рэалізаваць пастаўленыя выхавальнікамі задачы. 18 дзён летніка не прайшлі дарэмна. Дзеці атрымалі зарад бадзёрасці, даведаліся шмат новага аб родным горадзе, убачылі незвычайнае ў знаёмым. А педагогі зноў у працы: трэба падумаць, чым яшчэ здзівіць хлопчыкаў і дзяўчат, бо ў лагеры павінна быць усім цікава. Спадзяёмся, што і наступнае лета таксама стане летам новых адкрыццяў!

А.Л.ЗАЙЦАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Дуброўна.