Час брацца за працу

Другая палова жніўня для ўчарашніх студэнтаў пачалася ў новым статусе — маладых спецыялістаў. Сёлета іх шэрагі на Маларытчыне папоўнілі 19 педагогаў, выпускнікоў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, а таксама Пінскага каледжа БрДУ імя А.С.Пушкіна. Ва ўстановы адукацыі раёна прыйшлі настаўнікі замежнай мовы, беларускай мовы і літаратуры, пачатковых класаў, фізічнай культуры і здароўя, гісторыі і грамадазнаўства, матэматыкі, інфарматыкі, фізікі і біялогіі, выхавальнікі і педагог-псіхолаг.

У Лукаўскай сярэдняй школе да работы прыступілі настаўніца замежнай мовы Настасся Марзан, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Гаргун, настаўніцы пачатковых класаў Валерыя Абрамук і Дар’я Данілюк. Цікаўлюся ў выпускніцы гэтай школы Таццяны Гаргун: “Ці не страшна пачынаць?”

— З нецярпеннем чакаю 1 верасня, — адказвае малады педагог. — Не адзін раз уяўляла, як правяду першыя ўрокі і пра што буду на іх гаварыць. Хвалююся, канечне, хаця і сцвярджаюць, што родныя сцены дапамагаюць. Ва ўсім адчуваю падтрымку калег, маіх былых настаўнікаў, якія падказваюць, раяць.

— Упэўнены, што нашы маладыя спецыялісты паспелі ўжо адаптавацца да новых умоў, азнаёміцца са школай і палюбіць першае рабочае месца, ацаніць перавагі жыцця ў Лукаве: рамантыку і асалоду ад вясковага спакою і прыгажосці навакольных мясцін, — гаворыць дырэктар Лукаўскай сярэдняй школы Мікалай Клебановіч. — Для маладых настаўнікаў створаны ўсе ўмовы, каб станоўча зарэкамендаваць сябе і цалкам раскрыць педагагічнае майстэрства і талент. Праца настаўніка патрабуе любові да дзяцей, адданасці, шчырай зацікаўленасці, ініцыятывы. Неабходна набрацца цярпення, не саромецца звяртацца па дапамогу. Толькі тады педагагічная ніва будзе ўмалотнай.

Пажадаем маладым спецыялістам творчых поспехаў, аптымізму, самарэалізацыі і задавальнення ад выбранай прафесіі, якую яны, хочацца верыць, выбралі асэнсавана і ўсвядомлена. Не менш важна, каб пасля абавязковай адпрацоўкі ўсе маладыя спецыялісты, размеркаваныя на Маларытчыну, засталіся тут і далей.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.