Час бяжыць. Кніга застаецца

- 7:27Падзеі, Сацыяльны ракурс

Учора ў сталіцы адкрылася XХIX Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Знамянальна, што менавіта ў год Гістарычнай памяці гэтае мерапрыемства аб’яднала ўсіх, хто любіць кнігу, чытае, піша і выдае яе, тым самым захоўваючы і папулярызуючы нашу гістарычную спадчыну. 

Галоўнай экспазіцыяй выставы стаў стэнд Міністэрства інфармацыі “Рака часу Бацькаўшчыны”. І гэта не выпадкова. У нашай краіне многа мясцін, якія нагадваюць пра трагічныя падзеі мінулага. Пра гэта таксама нагадвае творчасць усіх беларускіх класікаў і сучасных пісьменнікаў. Захаваць гістарычную памяць — значыць захаваць нашу нацыянальную прыналежнасць. Дарэчы, у канцэпцыю галоўнай экспазіцыі закладзены праект “Бацькаўшчына”, які аб’ядноўвае грамадскія ініцыятывы, што ў тым ліку накіраваны на захаванне гістарычнай памяці, але на аснове кніжных праектаў. 

Безумоўна, кніга заўсёды была і будзе жыць. Пра гэта згадаў таксама міністр адукацыі Андрэй Іванец. “Важна, каб аўтары разумелі, што кожнае наша слова — гэта вялікая адказнасць, — акцэнтаваў А.Іванец. — А чытачам хачу пажадаць знайсці на выставе кнігі, якія насамрэч будуць для вас цікавымі”.

Пасля ўрачыстага адкрыцця выставы Андрэй Іванец наведаў экспазіцыі ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны, дзе абмеркаваў з іх прадстаўнікамі актуальныя для сістэмы адукацыі пытанні. Так, пра свае кніжныя навінкі, вучэбныя дапаможнікі і кнігі, якія маюць для ўніверсітэта асаблівую гістарычную каштоўнасць, міністру адукацыі расказалі Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і інш.

Адным з цікавых аб’ектаў цэнтральнай экспазіцыі з’яўляецца ўнікальны праект-прэзентацыя вечнага календара “Бацькаўшчына”, які быў распрацаваны на аснове архіўных фатаграфій і паштовак з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава. Прадстаўленыя здымкі можна ажывіць пры дапамозе мабільнага дадатку і такім чынам перанесціся ў розныя куткі Беларусі XIX—пачатку ХХ стагоддзя. 

Экспазіцыя “Юбілеі ў кніжным свеце” вызначаецца знакавымі ў літаратуры падзеямі бягучага года: сёлета спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. 

Дарэчы, сёлета юбілей адзначае і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая з’яўляецца своеасаблівым сувязным звяном паміж кнігамі, іх аўтарамі і чытачамі. Пра гэта наведвальнікам выставы раскажа экспазіцыя “Стагоддзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”. 100-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўнесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА, а гэта пацвярджае значны ўклад бібліятэкі ў развіццё сусветнай культуры, папулярызацыю пісьменніцкай творчасці, чытання і гісторыі. 

Згодна з аналізам чытацкага попыту, які праводзілі кнігарні і выдавецтвы краіны, агульнаадукацыйная, навукова-папулярная, вучэбная і нон-фікшн літаратура таксама карыстаецца цікавасцю ў чытачоў. Гэта падштурхнула арганізатараў выставы да ідэі прэзентаваць выданні па тэме захавання гістарычнай памяці.

Прыемна, што на кніжнай выставе, як і ў мінулыя гады, асаблівае месца і роля адводзяцца дзіцячым кнігам. Менавіта яны з’яўляюцца самымі запатрабаванымі ў наведвальнікаў мерапрыемства і ў пакупнікоў кніжных магазінаў. Так, у 2021 годзе было выдадзена 1,64 млн экземпляраў кніг для дзяцей і юнацтва. У дні правядзення XХIX Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу маленькім чытачам і іх бацькам выпадзе ўнікальная магчымасць сустрэцца з аўтарамі кніг і героямі твораў. А школьнікі змогуць прыняць удзел у літаратурных гульнях і майстар-класах, прысвечаных кнізе, гісторыі нашай краіны і інш. 

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.