Час экскурсій

- 15:17Нам пішуць

Канікулы, канікулы, вясёлы час… Час паходаў, экскурсій, цікавых паездак. Вось і дзеці Нягневіцкай сярэдняй школы шмат убачылі і даведаліся падчас экскурсіі па маршруце Нягневічы — Завоссе — Русіна — Баранавічы.

У Завоссі хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі музей-сядзібу Адама Міцкевіча. Убачылі дом, у якім нарадзіўся знакаміты паэт, калодзеж-журавель, склеп і лазню паблізу маленькай сажалкі. Акунуліся ў гісторыю жыцця знакамітага Адама Міцкевіча, убачылі, як жылі, пра што думалі, марылі прадстаўнікі сям’і паэта, пазнаёміліся са старадаўняй беларускай культурай.

Фота да матэрыялу: Час экскурсій. Фота да матэрыялу: Час экскурсій.

Наступны прыпынак — раённы цэнтр рамёстваў Русіна. Тут дзеці наведалі 5 залаў музея: “Літаратурна-гістарычная зала”, “Інтэр’ер сялянскай хаты”, “Ганчарства”, “Зала народных промыслаў”, “Зала сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”. Школьнікаў сустрэлі работнікі музея і пачалі экскурсію. Дзякуючы цікавай лекцыі экскурсавода, дзеці даведаліся шмат новага з жыцця нашых продкаў. Увазе вучняў быў прадстаўлены тэатр “Батлейка”. У канцы экскурсіі прагуляліся па падворку Цэнтра рамёстваў, паглядзелі кузню, пабывалі на ветраку, даведаліся пра цікавую і багатую міфалогію нашых продкаў. У музеі кожны наведвальнік змог набыць сувенір — традыцыйную ляльку-абярэг, зробленую клапатлівымі рукамі майстроў Цэнтра рамёстваў.

Завяршальным этапам паездкі было наведванне музея чыгункі ў Баранавічах. Вучні змаглі ўбачыць этапы станаўлення і развіцця чыгуначнага транспарту. Пра пачатковы і наступныя перыяды тэхнічнага аснашчэння магістралі наглядна распавяла экспазіцыя аддзела гісторыі чыгуначнай тэхнікі. Праз гістарычныя дакументы, фотаматэрыялы, натурныя і аб’ёмныя экспанаты, макеты тэхнікі, карціны, чыгуначную форму дзеці пазнаёміліся з мінулым і сучасным, работай і побытам чыгуначнікаў.

Паездка нікога не пакінула абыякавым: назапасілі мора пазітыўных эмоцый і жаданне вучыцца ў наступнай чвэрці, атрымалі велізарнае задавальненне і безліч яркіх уражанняў.

Таццяна НАГОРНАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.
Жанна КРАСКОЎСКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.