Час гордасці і яднання

- 10:50Інфармацыйная гадзіна

Сяргей МУСІЕНКА, аўтар кнігі “Гордасць за Беларусь”, дырэктар аналітычнага цэнтра ЕсооМ, член грамадска­кансультатыўнага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі:

— Гавораць, усяму — свой час. Цяпер час яднання і асаблівай гордасці за сваю краіну. А гордасць пачынаецца з малога — любові і адданасці малой радзіме, людзям, якія там жывуць. Я вучыўся ў сярэдняй школе № 10 Слуцка, дзе дырэктарам быў Сяргей Фёдаравіч Рубанаў. Цяпер школа носіць яго імя. Гэта адзін з першых Герояў Сацыялістычнай Працы ў Беларусі. Сяргей Фёдаравіч прайшоў фінскую вайну, блакадны Ленінград, партызаніў і быў на Далёкім Усходзе. Будучы школьнікамі, мы жылі сярод герояў!


Такія героі і сёння жывуць сярод нас. Гэта ўрачы, інжынеры, настаўнікі, людзі, якія працуюць на зямлі. Усе яны робяць нашу краіну лепшай, больш сучаснай і ўтульнай. Мы ўвесь час развіваемся і рухаемся наперад. У нас вельмі шмат дасягненняў, таму важна, каб пра іх ведалі не толькі дарослыя, але і дзеці.

Наведваючы Брэсцкую вобласць, Прэзідэнт краіны сказаў: “Калі Беларусь здабыла незалежнасць, у яе не было вялікіх рэсурсаў, сфарміраваных органаў улады. Мы атрымалі незалежнасць, нам было няпроста… Тады мы вымушаныя былі, не абапіраючыся ні на каго, ствараць сваю незалежную, суверэнную дзяржаву. Мы гэта з вамі зрабілі. Нашаму пакаленню ёсць што сказаць тым, хто ідзе на змену нам”.

Менавіта па гэтай прычыне я ўзяўся за напісанне адпаведнага дапаможніка для педагогаў. Кніга “Гордасць за Беларусь” стала вынікам аднайменнага праекта, рэалізаванага аналітычным цэнтрам ЕсооМ сумесна з газетай “СБ. Беларусь сегодня”, міністэрствамі інфармацыі і адукацыі нашай краіны. У кнігу ўключаны вынікі шматгадовых сацыялагічных даследаванняў, якія характарызуюць развіццё розных сфер грамадскага жыцця і адлюстроўваюць дасягненні Рэспублікі Беларусь за гады незалежнасці (пачынаючы з 1990-х гадоў).

“Гордасць за Беларусь” — гэта панарамны агляд станаўлення і развіцця сучаснай Беларусі, які дазваляе па-новаму зірнуць на краіну і магчымасць свайго ўдзелу ў жыцці грамадства і дзяржавы.

Тое, што з гэтага навучальнага года заняткі ва ўсіх навучальных установах краіны ў рамках праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” будуюцца на аснове маёй кнігі, пераўзышло ўсе мае чаканні. Я вельмі ўдзячны міністру адукацыі Ігару Карпенку за падтрымку.

Патрыятызм пачынаецца з сям’і, роду, школы, свайго горада ці вёскі. Шмат у чым менавіта настаўнікі спрыяюць развіццю патрыятычных пачуццяў. Я памятаю ўсіх сваіх настаўнікаў, якія аказалі ўплыў на маё станаўленне як грамадзяніна. У сярэдняй школе № 3 Слуцка ў пачатковых класах выкладала Ганна Міхайлаўна Серабракова. Памятаю яе не толькі як заслужанага настаўніка Беларусі. Яна ніколі не замінала мне і іншым вучням ісці наперад у сваім развіцці. Больш за тое, яна давала кампетэнтныя і вельмі даходлівыя рэкамендацыі, што чытаць і куды рухацца далей.

Акрамя таго, я сам з сям’і педагогаў. Бацька прапрацаваў у школе амаль 50 гадоў. Таму маё асяроддзе і зносіны фарміравала вельмі станоўчае стаўленне да настаўнікаў і школы. У мяне часта пытаюцца: “Як вы сталі пісьменнікам?” А гэта здарылася не дзякуючы, а насуперак. Школьная настаўніца рускай мовы і літаратуры (давучваўся ў сталічнай сярэдняй школе № 47) казала, што з маімі ведамі па гэтых прадметах толькі …гайкі круціць або бетон мяшаць. У выніку я навучыўся і гайкі кру­ціць прафесійна (маю 4 разрад), і бетон мяшаць (скончыў БНТУ). І рускую мову вывучыў — быў час, калі на памяць ведаў 47 твораў з усімі знакамі прыпынку!.. А цяпер маю 10 уласных кніг. Усяму я навучыўся дзякуючы настаўнікам, хоць і давялося прайсці жорсткі адбор.
Сфера адукацыі тычыцца кожнага грамадзяніна. Менавіта ў школе мы забяспечваем не толькі сваю будучыню, але і будучыню дзяржавы. Усё, што звязана з адукацыяй (з падрыхтоўкай настаўнікаў, навучаннем і выхаваннем школьнікаў), заўсёды на асаблівым кантролі ў краіне.

Для Прэзідэнта развіццё адукацыі знаходзіцца ў прыярытэце. Яго актыўны ўдзел у Рэспубліканскім педагагічным савеце — яркае пацвярджэнне гэтага. У найбліжэйшы час можа нават з’явіцца Год настаўніка ці Год адукацыі, што таксама сведчыць пра значнасць педагога і адукацыі. Наша будучыня сёння вучыцца ў школах і ўніверсітэтах, таму ў адукацыі не можа быць дробязей.

Зараз прымаецца рашэнне аб перавыданні двухтомніка “Гордасць за Беларусь” у адзі­н том, таму ідзе актуалізацыя інфармацыі. Праекту два гады, натуральна, нейкія лічбы трэба абнавіць, нешта выпра­віць, дабавіць, перавесці на англійскую і кітайскую мовы. Гэтае рашэнне таксама прынята, лінгвістычны ўніверсітэт будзе займацца перакладамі кнігі, у першую чаргу для студэнтаў-замежнікаў, якія да нас прыязджаюць. Пагадзіцеся, гэта вельмі важна, таму што даведвацца пра краіну, у якую яны прыехалі вучыцца праз гордасць, якую мы адчуваем, — гэта выдатна.

Падрыхтавала Вольга БАРЫСЕВІЧ.