Час і “Времечко” Алены Спірыдовіч

- 15:36Культура

Прымаўка “Не месца красіць чалавека…” — гэта стапрацэнтна пра яе. Эфектная бландзінка з асляпляльнай усмешкай і ўсімі пазнавальным голасам аднолькава захоплена адкрывае, скажам, “Славянскі базар”, “Лістапад” і абмяркоўвае вытанчаныя стравы і жыллёва­камунальныя праблемы ў тэлеэфіры на БТ.

Эфект ляжачага каменя

— Алена, для мільёнаў тэлегледачоў постсавецкай прасторы вы нібы неад’емная частка шоу, у якім прымаеце ўдзел. Пераключыцца на так званыя народныя тэлепраграмы было няпроста?

— Той, хто хаця б паўгадзіны ў жыцці са мной пагаварыў, не кажучы ўжо пра маіх блізкіх сяброў, ведае, што ніякая я не свецкая львіца, і тусоўка — гэта не маё. 

З іншага боку, як усе, верагодна, жанчыны, заўсёды адчувала нейкую цягу да ўсялякіх кулінарных эксперыментаў. Люблю гата­ваць, у гэты час адпачываюць мазгі, пачынаеш лепш сябе адчуваць, усё дрэннае сыходзіць. А калі мне зрабілі прапанову весці кулінарнае шоу на канале “Беларусь 3”, вырашальным стаў аргумент, што беларуская кухня — неад’емная, лічу, частка нашай нацыянальнай культуры. У гэтым годзе праекту спаўняецца 10 гадоў. Уяўляеце, колькі праграм мы запісалі?

— Колькі?

— Не злічыць! Яны ідуць кожны дзень па БТ-3. Гатаваць па рэцэптах нашых бабуль для мяне вялікі гонар, адказнасць і ра­дасць. І калі на вуліцы, клянуся, 2—3 разы на дзень да мяне падыхо­дзяць людзі і кажуць: “Вой, вы сёння ці пазаўчора пяклі ці варылі тое і тое…”, мне цяжка растлумачыць людзям, што перадача, магчыма, здымалася 6 гадоў назад. І я, вядома, не памятаю, які “сакрэтны” інгрэдыент там выкарыстоўваўся. А ў цэлым, вельмі рада, што ў маім жыцці ёсць гэтая праграма.

— “Белорусское времечко” на канале “Беларусь 1” вы ведзяце таксама ўжо гадоў 6?

— Напэўна, нават даўжэй. “Времечко” — праграма, якая дапамагае людзям зразумець, што самая безнадзейная праблема вырашальная, трэба толькі прыкласці пэўныя намаганні. Мы, бясспрэчна, не чарадзеі і не дапаможам націснуць чарадзейную кнопку для вырашэння ўсіх пытанняў. Аднак пэўныя рычагі ўплыву ў нас ёсць. А самае галоўнае, мабілізуем лю­дзей быць актыўнымі, выклікаючы ў іх простую думку: ніхто лепш за іх саміх ім не дапаможа.

— Выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў?

— Не зусім так. Я лепш бы сказала “пад ляжачы камень вада не цячэ”, калі ўжо мы вырашылі карыстацца прымаўкамі. Адсюль разнастайнасць тэм. Мы ўзнімаем розныя сацыяльныя праблемы, пачынаючы ад кінутых дзяцей і заканчваючы дачнымі войнамі. Тэматыка вызначаецца з улікам колькасці зваротаў.

Калі, напрыклад, бачым, што за апошні месяц у нас проста абвал у Viber па званках і скаргах на дрэнныя дарогі, робім “дарожную” праграму. Калі шмат паведамленняў аб засмечаных пад’ездах, для гэтага ў нас ёсць камунальны чацвер.

Пяцьсот зваротаў на Viber 

— З праблемамі тэлегледачоў дапамагаюць разбірацца кампетэнтныя спецыялісты?

— Безумоўна. Калі, напрыклад, чалавек раптам даведваецца, што ўсё жыццё жыў няправільна, паколькі ў яго няма наконт гэтага нейкай паперкі, то ў сераду праблема абмяркоўваецца з юрыстам. Наша Галіна Камароўская, здаецца, ведае ўсё аб усім. Але справа нават не ў яе эрудыцыі, а ў тым, што яна нармальнай чалавечай мовай, зразумелай любому, можа растлумачыць сутнасць справы і сказаць: вам трэба зра­біць наступнае — першае, другое, трэцяе, а потым з вынікам звярніцеся туды і туды.

У нас ёсць спажывецкі паня­дзелак, дзе ўзнімаюцца таксама вельмі важныя тэмы, паколькі, дапусцім, махляроў, якія імкнуцца зарабіць на самых бездапаможных людзях у нашым грамадстве, становіцца ўсё больш. Вам прадаюць коўдру за 2 тысячы рублёў, абяцаючы бясплатна падарыць понча і плед, ці навязва­юць набор каструль за 1500 еўра і ў прыдачу нейкую дробязь за 3 долары. Гэта нешта незразумелае, такая дакладна наладжаная схема, з якой вельмі цяжка выблы-
тацца.

— А чаму са схемы цяжка выблытацца, махляры ж яўна парушаюць законы?

— Хаця б таму, што звычайна тыя, хто на прэзентацыях частуе вас шампанскім у суседнім з вашай мінскай кватэрай двары, зарэгістраваны ва ўмоўным Гомелі. І вам для таго, каб здаць куплены ўтрая даражэй электраматрац, які вам не патрэбны, больш за тое, супрацьпаказаны, неабходна ехаць туды. А калі прыязджаеце, высвятляецца, што офіс закрыты і адкрыецца толькі заўтра пасля абеду. Гэта значыць трэба заказ­ваць гасцініцу ці наведвацца сюды зноў. А паколькі ўшчэмленая частка насельніцтва — старыя, уяўляеце, якая гэта для іх праблема? У махляроў усё прадумана. Але мы ўмудраемся адваёўваць пэўныя рэчы. І, безумоўна, кожны паня­дзелак проста крыкам крычым разам з нашым экспертам з Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю: лю­дзі, мілыя, не падпісвайце паперы не гледзячы!

Калі кулінарныя праграмы даюць гледачам адчуванне стабільнасці, то тыя, што вырашаюць сацыяльныя праблемы, — разуменне, што, калі ў вас непрыемнасці, ёсць каму дапамагчы. Для мяне гэта вельмі прыемна, ганарова і адказна.

— Зваротаў прыходзіць шмат? 

— У “дрэнныя” дні толькі на Viber пішуць недзе каля 100, а ў “добрыя” — і да 500. На ўсе пытанні адказаць, вядома, немагчыма, іх аналізуе наша шэф-рэдактар Святлана Грынчык — па выніках складае тэму той жа, скажам, сацыяльнай праграмы, няхай гэта ямачны рамонт, пасадка дрэў, затопленая кватэра ці нешта яшчэ. А мы ўжо адрасуем пытанні спецыялісту і разам стараемся дапамагчы.

— Адмахвацца ад вас кіраўнікі адпаведных службаў не спрабуюць?

— Сабе даражэй будзе. Мы ўсё роўна знойдзем да яго дарожку, як бы чалавек ні спрабаваў схавацца. Наадварот, камунальныя службы самі пачынаюць дасылаць нам відэа ў адказ аб выпраўленых недахопах, выступаючы ў ролі нашых народных карэспандэнтаў. Наогул жа, “Белорусское времечко” — гэта велізарны калектыў, пачынаючы з нашага прадзюсара Вольгі Шлягер і ўключаючы вядучых, журналістаў у сталіцы і рэгіёнах, аператараў і г.д., якія працуюць на агульную справу.

“Кінатаўр” і фірменная стрыжка

— Вы, калі не памыляюся, пачыналі на тэлебачанні з музычных праектаў?

— Так, і займалася гэтым 25 га­доў. З маім удзелам ствараўся, напрыклад, першы ў Беларусі конкурс, дзе з таленавітых юнакоў і дзяўчат, скажам так, рабілі артыстаў. Наша “фабрыка зорак” з’явілася гадоў на 10 раней за расійскую.

А да часу майго прыходу на “Времечко” ў мяне за плячамі былі і “Славянскі базар”, і “Дажынкі”, і “Кінатаўр”, і безліч іншых міжнародных фестываляў. Я рэдка бывала дома, шмат ездзіла, два тыдні ў месяц праводзіла ў паездках… А тут — жыццёвыя праблемы, прамы эфір, увогуле, пабойвалася, што не спраўлюся. Але, дзякуй богу, калегі падтрымалі.

— Папулярнасць дапамагае, натхняе, перашкаджае?

— Вы ведаеце, гэта, напэўна, рыса беларускага менталітэту — нашы людзі ў большасці сваёй вельмі тактоўныя. Няма такога, маўляў, “вой, давайце з вамі сфатаграфуемся!” і інш. Можа чалавек падысці і сказаць: “Дзякуй вялікі, мы не знаёмы, але вы мне аднойчы вельмі дапамаглі”. Або: “Пагля­дзела вашу перадачу. І неяк лягчэй жыць стала”. Вось такія рэчы для мяне вельмі каштоўныя.

Лічу, кулінарныя праграмы да­юць гледачам адчуванне стабільнасці, а тыя, што вырашаюць сацыяльныя праблемы, — разуменне, што, калі ў вас непрыемнасці, ёсць каму дапамагчы. Для мяне гэта вельмі прыемна, ганарова і адказна.

— Ваша эфектная стрыжка — гэта ўжо як бы ваш брэнд?

— А яна мяняецца! Я была практычна без валасоў на “Славянскім базары”. Зараз адбудзецца 31-ы фестываль, а мне даверылі весці яго пачынаючы з другога. І вось 30 гадоў назад прыходжу да свайго сябра, цырульніка міжнароднага класа, і кажу: “Зрабі так, каб мяне запомнілі”. — “Лёгка!” — адказвае ён і… выбрывае мне галаву. З гэтага ўсё і пачалося.

Калі мне зрабілі прапанову весці кулінарнае шоу на канале “Беларусь 3”, вырашальным стаў аргумент, што беларуская кухня — неад’емная, лічу, частка нашай нацыянальнай культуры. У гэтым годзе праекту спаўняецца 10 гадоў.

Потым, калі маю стрыжку сталі масава тыражаваць, зразумела — трэба штосьці мяняць. Вось зараз яна такая. Майстар добры, здаецца, усё проста, але паўтарыць яе складана. Я наогул стараюся сябраваць з прафесіяналамі. Сама ўмею весці праграмы, рэдага­ваць тэксты. А сукенкі няхай шые той, хто робіць гэта лепш за мяне.

Уладзімір ПІСАРАЎ.